Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Нафтан“ — эканамічны праклён Беларусі». Чаму зь некалі багатага Наваполацку зьяжджаюць на заробкі ў Расею


Вуліца Моладзевая ў Наваполацку

Наваполацак — адзіны горад краіны, дзе рэальныя заробкі не дасягнулі ўзроўню 2016 году. Там атрымліваюць каля 900 рублёў на месяц. Гэта вышэй за сярэдні паказчык па краіне, але горш, чым летась. Прычына — у фінансавых цяжкасьцях на «Нафтане», галоўным прадпрыемстве гораду.

Гарвыканкам і Палац культуры на плошчы Будаўнікоў
Гарвыканкам і Палац культуры на плошчы Будаўнікоў

Наваполацак, які мог называцца і Нафтабудам ці Камсамольскам-на-Дзьвіне, пачалі будаваць у 1958 годзе. Сучасную назву й статус гораду ён атрымаў у 1963 годзе. Тады ж тут вырабілі першы беларускі бэнзін. Пад канец 1970-х Наваполацак стаў прамысловым цэнтрам агульнасаюзнага значэньня: тут працавалі «Нафтан», «Палімір», завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў. Цяпер статысячны горад амаль не расьце: з 1993 году ягонае насельніцтва павялічылася на чатыры тысячы жыхароў.

Горад пабудавалі з паўднёвага боку ракі, але забудова да яе не даходзіць. Яго большая частка — на трох паралельных вуліцах. Цэнтральная зь іх — Моладзевая, яна ідзе да самага Полацку. Спраектаваны Наваполацак добра: паміж жылой і прамысловай часткамі гораду — чатыры кілямэтры лясоў.


«„Нафтан“ ператварыўся ў банкрута»

У сакавіку 2016 году рабочыя «Нафтану» зьвярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў.

«Нафтан з квітнеючага прадпрыемства ператварыўся ў банкрута. Чаму ж пры працы на поўную загрузку, калі працоўныя цалкам выконваюць вызначаныя задачы, у заводу ня стала грошай? Чаму паводле справаздачах Белстату паказчыкі ААТ „Нафтан“ у дзесяць разоў горшыя, чым у мазырскіх калегаў?», — пісалі аўтары звароту.

Від на паўночную частку Наваполацку з вакна інтэрнату ЖРЭА
Від на паўночную частку Наваполацку з вакна інтэрнату ЖРЭА

Яны скардзіліся, што за апошнія гады з кіраўнічых пасадаў амаль цалкам прыбралі мясцовых спэцыялістаў — іх замянілі «непрафэсіяналы, якія не працавалі ў нафтаперапрацоўцы й не жылі ў Наваполацку».

Кіраўніцтва «Нафтану» пазначыла ў справаздачы за 2016 год, што прадпрыемства працавала ў цяжкіх вонкавых умовах, якія пагаршаліся: «працягнулася падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту й нафтапрадукты, аслабелі курсы расейскага й беларускага рублёў».

У лютым звольнілі гендырэктара Ўладзімера Трацьцякова, які кіраваў прадпрыемствам з 2011 году. Растлумачылі, што ў «Белнафтахіме» мелі да яго прэтэнзіі «за невыкананьне некаторых эканамічных паказчыкаў і зацягваньне мадэрнізацыі».

Рабочым абвясьцілі, што на заводзе не плянуюць плаціць трынаццатага заробку і спэцыяльнай прэміі за належную дысцыпліну ў сувязі зь «цяжкім фінансава-эканамічным становішчам ды адсутнасьцю крыніцаў».

Незадаволены быў і прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Паводле яго, стан «Нафтану» — гэта пытаньне «незалежнасьці нашай дзяржавы».

«Нафтаперапрацоўка з флягмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну. „Нафтан“ ледзь зводзіць канцы з канцамі й пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы», — сказаў ён у чэрвені ды запатрабаваў пераадолець спад у нафтаперапрацоўцы.


«Трэба сьпяшацца з мадэрнізацыяй»

На мадэрнізацыю «Нафтану» патрацілі больш за мільярд даляраў. Прадпрыемства пачне вырабляць кокс і серу, палепшыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%.

Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак нагадала, што Расея праводзіць падатковы манэўр, пасьля якога Беларусь мусіць закупляць сыравіну па ўсясьветных коштах.

Прадпрыемства "Нафтан-Палімір"
Прадпрыемства "Нафтан-Палімір"

«Нашы нафтаперапрацоўчыя заводы ў Наваполацку і Мазыры павінны паскорыць мадэрнізацыю, каб яны змаглі эфэктыўна працаваць, калі прыйдзецца імпартаваць нафту па большых, чым прызвычаіліся, коштах», — сказала Свабодзе экспэрт.

Суразмоўца падкрэсьліла, што на прадпрыемствах ёсьць свае праграмы скарачэньня затратаў, іх спэцыялісты ўлічваюць сусьветныя тэндэнцыі, напрыклад, рост колькасьці электрамабіляў.

Можна нічога не рабіць, жыць на расейскай нафце ды гаварыць пра ўнікальнасьць беларускай мадэлі

«Нафтан атрымаў задачу разьвіваць паліўна-хімічны кірунак. Пасьля завяршэньня мадэрнізацыі сытуацыя на „Нафтане“, дый у Наваполацку, можа палепшыцца. Тым больш што кошт нафты пайшоў угару», — падсумавала Тацяна.

Эканаміст Леанід Заіка глядзіць на рэчы больш пэсымістычна. На ягоную думку, нафтаперапрацоўчыя заводы ў Наваполацку й Мазыры — эканамічны праклён для Беларусі.

«У лепшыя часы нафтапрадукты давалі да 40% усяго экспарту. Можна нічога не рабіць, жыць на расейскай нафце ды гаварыць пра ўнікальнасьць беларускай мадэлі», — кажа суразмоўца.

У якасьці прыкладу ён прыводзіць Японію ды Нігерыю: першая краіна — тэхналягічна разьвітая, хоць і ня мае ўласных прыродных рэсурсаў. А ў Нігерыі ўзровень жыцьця застаецца нізкім, хоць краіна і мае вялікія паклады нафты. Багатыя рэсурсы не стымулююць разьвіцьцё малога й сярэдняга бізнэсу.

Эканаміст прапаноўваў аддаць гэтыя заводы расейцам, бо, на ягоную думку, яны ня маюць эканамічнага сэнсу для Беларусі. Ён сказаў, што іх пабудавалі дзеля наступу савецкай арміі ў Эўропу, каб даваць ёй бэнзін і дызпаліва.

«З заводаў зрабілі нацыянальны сымбаль, але яны — для намэнклятуры, якая ня ўмее нічога рабіць, толькі ў расейцаў браць нафту на перапрацоўку, а потым казаць, што ў нас усё добра. Краіна надыхалася нафтавых пароў — яе трэба лекаваць, адмовіцца ад жыцьця за кошт перапрацоўкі нафты», — лічыць наш суразмоўца.

Спэцыяліст дадаў, што монагарады — рызыкоўная рэчы. Разьвіцьцё бізнэсу пазбавіла б Наваполацак праблемаў, якія прынёс гораду крызіс на «Нафтане».


«Раней жылі лепш»

Зьніжэньне ўзроўню жыцьця заўважнае й у самім Наваполацку. Мы правялі там дзень, каб паразмаўляць зь мясцовымі жыхарамі, у тым ліку рабочымі на прахадной «Нафтану». Збольшага яны адмаўляліся гутарыць з журналістамі, хтосьці нават выклікаў міліцыю. Адзін з рабочых абмаляваў сытуацыю, зусім процілеглую афіцыйнай статыстыцы: нібыта гэты год — самы квітучы на прадпрыемстве.

«Будзе яшчэ лепш, бо такой маштабнай мадэрнізацыі не было за ўсю гісторыю прадпрыемства», — дадаў ён.

«Мой сын працаваў на „Паліміры“ сем гадоў да далучэньня да „Нафтану“ (у 2008 годзе. — РС) і столькі ж — пасьля. Цяпер зьехаў у Расею, — кажа іншы суразмоўца, Алег Віктаравіч. — Добрыя часы там даўно скончыліся, заробкі сталі на траціну меншыя, калі перавесьці ў даляры. Калі ён звольніўся, завод не атрымаў заплянаванага прыбытку, кіраўніцтва панізіла прэміяльныя выплаты, заробкі не пасьпявалі за ростам коштаў у крамах».

Ён дадаў, што мэдыянны заробак на сёньняшнім аб’яднаным «Нафтане-Паліміры» — каля 600 рублёў, і гэта ўдвая менш за афіцыйны сярэдні, бо «ў тамтэйшым Белым доме сядзяць сотні чалавек — яны й выцягваюць сярэдні заробак угару».

На сайце вакансіяў Наваполацку можна знайсьці й заводзкія заробкі: апаратчыкам сынтэзу й паветрааддзяленьня там гатовыя плаціць 430–500 рублёў.

«Паглядзіце на турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі па футболе, — прапанаваў яшчэ адзін жыхар Наваполацку, Сьцяпан. — Здавалася б, дзе футбол, а дзе нафтаперапрацоўка. Але сувязь ёсьць: калі на заводзе справы ішлі лепш, наш клюб (ФК „Нафтан“. — РС) выступаў добра, нават на мэдалі прэтэндаваў. Апошнія 15 гадоў запар ён выступае ў вышэйшай лізе, але цяпер кожны сэзон горш за мінулы: 5 месца ў 2014 годзе, 9-е — у 2015, 13-е — у 2016 і апошняе, 16-е — сёлета».

Будынак былога кінатэатру "Космас" становіцца аўтасэрвісным цэнтрам
Будынак былога кінатэатру "Космас" становіцца аўтасэрвісным цэнтрам

Футбольны аматар з 20-гадовым стажам, «а ў вольны час — грузчык у гандлёвым цэнтры» сказаў, што раней на «Нафтан» было вельмі цяжка ўладкавацца: там былі адны зь лепшых заробкаў у краіне. Па ягоных словах, цяпер там шмат вакансій. І ён бачыць, што некаторыя зь іх не зьмяняюцца месяцамі: ахвочых не хапае.

Сталы мужчына жыве ў Наваполацку з 1969 году. Ён працаваў у электрамантажы й на станцыі тэхабслугоўваньня. Сказаў, што ня ведае сытуацыі на «Нафтане» й «Паліміры», але малыя прадпрыемствы ў раёне амаль усе спынілі працу ці ледзь выжываюць. У тым ліку ў суседнім Полацку.

Сталая жанчына адпачывае каля былога кінатэатру «Космас»
Сталая жанчына адпачывае каля былога кінатэатру «Космас»

«Паўсюль бяда, добрага мала. Народ „абулі“ з дэнамінацыяй: пасьля яе кошты значна вырасьлі. На сабе адчуваю, што жыцьцё пагоршылася. Каб не старыя запасы, ня ведаю, як мы з жонкай-інвалідам выцягвалі б на дзьве пэнсіі», — кажа ён.​

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG