Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне затрымалі беларускіх бізнэсоўцаў, абвінавачаных у раскраданьні грошай «Нафтану»


Ілюстрацыйнае фота. Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку

Ва Ўкраіне цягам двух дзён затрымалі трох беларускіх бізнэсоўцаў для выдачы іх Беларусі. Двое пад “хатнім” арыштам, трэці ў ізалятары.

У Адэсе на падставе базы зьвестак генэральнага сакратарыяту Інтэрполу затрымалі двух беларускіх грамадзян, завочна арыштаваных Сьледчым камітэтам Беларусі паводле абвінавачаньня ў раскраданьні 207 тысяч эўра, якія належалі беларускаму прадпрыемству «Нафтан». Трэці затрыманы.

Нягледзячы на патрабаваньне пракуратуры іх арыштаваць і ўтрымліваць у сьледчым ізалятары на час экстрадыцыйнай праверкі, суд ухваліў рашэньне аб «начным хатнім арышце» — яны мусяць насіць электронны бранзалет і не пакідаць месца фактычнага пражываньня без дазволу сьледчага з 22.00 вечара да 7-й гадзіны раніцы.

Такое рашэньне суд патлумачыў тым, што беларусы ня ведалі аб крымінальным перасьледзе ў Беларусі і на момант выстаўленьня абвінавачаньняў Сьледчым камітэтам Беларусі ўжо жылі ва Ўкраіне.

Ва Ўкраіне электронны бранзалет найчасьцей выкарыстоўваюць як альтэрнатыўную меру стрыманьня для падазраваных у эканамічных злачынствах. Электронны бранзалет дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэньні асобы, у дачыненьні да якой праводзіцца сьледзтва.

Каго затрымалі

Адзін з затрыманых, ураджэнец Барысава, працаваў камэрцыйным дырэктарам ТАА «Ойл Энд Кемікалс», а другі, ураджэнец расейскага Растову-на-Доне, — кіраўніком аддзелу матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня ТАА «Укрнафтохімтрейд». Абедзьве кампаніі гандлююць ва Ўкраіне палівам і хімічнай прадукцыяй. Яны зарэгістраваныя ў Кіеве і маюць зьвязаных заснавальнікаў (так ва Ўкраіне называюць сытуацыю, калі адны і тыя самыя асобы выступаюць бэнэфіцыярамі розных кампаніяў).

Згодна з адкрытымі крыніцамі, сярод заснавальнікаў ТАА «Ойл Энд Кемікалс» ёсьць двое грамадзян Беларусі — Сяргей Талстоў і Ільля Шчарбінін (ён з 2018 году знаходзіцца ў базе вышуку ўпраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму).

Сярод заснавальнікаў ТАА «Укрнафтохімтрейд» — грамадзяне Беларусі Генадзь Шчарбінін (імаверна, бацька аднаго з заснавальнікаў ТАА «Ойл Энд Кемікалс», менавіта ён паходзіць з Барысава) і Ўладзімер Куранкоў, які жыве ў Заслаўі Менскай вобласьці.

Генадзя Шчарбініна з 2018 году таксама шукае ўпраўленьне ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму як асобу, якая хаваецца ад адбываньня пакараньня.

Празь дзень, 22 лістапада, таксама ў Адэсе арыштавалі яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі Кірыла Шчарбініна. Ягонае імя таксама ёсьць сярод суўладальнікаў кампаніі ТАА «Укрнафтохімтрейд». Да 30 сьнежня ён будзе ў адэскай установе выкананьня пакараньняў № 21. Але арышт можа быць падоўжаны ў выпадку, калі беларускія праваахоўныя органы не прышлюць ва Ўкраіну запыт пра ягоную выдачу.

Ягонае імя таксама сярод асобаў, якія хаваюцца ад сьледчых органаў і якіх шукае Віцебскае абласное УУС. Да пераезду ва Ўкраіну ў Кірыла Шчарбініна была свая кампанія ў Жодзіне — «ПетролСистем», створаная пры ўдзеле замежных інвэстараў. Але сёлета ў лютым кампанія спыніла дзейнасьць, бо была прызнаная банкрутам.

У чым абвінавачваюць

Паводле матэрыялаў, перададзеных Украіне беларускімі праваахоўнымі органамі, беларусы ў папярэдняй змове зь яшчэ трыма асобамі незаконна прысвоілі 207 тысяч эўра акцыянэрнага таварыства «Нафтан».

Гаворка аб падзеях 2016 году, калі была падпісаная дамова з замежнай кампаніяй ITP Benelli S.p.A. аб пастаўцы спэцыяльнага абсталяваньня на «Нафтан» вытворчасьці Brownswerk Heat Transfer spol. s.r.o. ды GEA Process Engineering S.p.A. У часе перамоваў бакі нібыта пагадзіліся зьменшыць кошт абсталяваньня, але гэтая дамоўленасьць не была адлюстраваная ў кантракце і завод аплаціў поўны кошт. Розьніца была нібыта пералічаная на рахункі кампаніяў Mendeleev Group OU ды Petroleum Service OU і прысвоеная арганізатарамі апэрацыі.

Сьледчы камітэт Беларусі ў верасьні 2018 году выставіў абодвум абвінавачаньні паводле часткі 4 артыкулу 210 Крымінальнага кодэксу — крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў складзе арганізаванай злачыннай групоўкі караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў са штрафам і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасьцю.

У кастрычніку 2018 году сьледчы ў асабліва важных справах аддзелу расьсьледаваньня злачынстваў у эканоміцы Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Беларусі падпісаў пастанову аб затрыманьні абодвух абвінавачаных. Пазьней быў абвешчаны міжнародны вышук беларусаў.

Ва Ўкраіне іх затрымалі 21 лістапада. У судовых рашэньнях прозьвішчы затрыманых не публікуюцца як канфідэнцыйная інфармацыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG