Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля крытыкі Лукашэнкі ў адрас ДАІ за «лісты шчасьця» зьніклі мабільныя камэры фіксацыі хуткасьці 


Аўтамабільны рух у горадзе

16 сьнежня падчас нарады аб адміністрацыйнай адказнасьці Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў міліцыю, якая занадта захапілася спагнаньнем штрафаў — у прыватнасьці, «лістамі шчасьця» ад ДАІ. Сьледам за гэтым з дарог зьніклі мабільныя камэры фіксацыі хуткасьці, піша Tut.by.

«Мяркую, так званыя „лісты шчасьця“ ад Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі хоць аднойчы атрымліваў практычна кожны, хто сядзеў за стырном аўтамабіля, — абурыўся Лукашэнка. — Але фотафіксацыя 7 гадоў таму была ўведзена дзеля таго, каб навесьці парадак на дарозе, а не загнаць усіх пагалоўна кіроўцаў у шэраг злосных парушальнікаў закону».

Найперш трэба разабрацца ў сытуацыі і сфармаваць аптымальныя ўмовы, каб чалавек быў зацікаўлены выконваць правілы дарожнага руху, сказаў Лукашэнка 16 сьнежня, а ўжо праз тры дні на дарогах Беларусі перасталі выстаўляць мабільныя радары, якія фіксуюць перавышэньне хуткасьці.

Гэта пацьвердзілі ў прадпрыемстве «Бясьпечныя дарогі Беларусі», галоўным апэратары Адзінай сыстэмы фотафіксацыі парушэньняў хуткасьці.

Там сказалі, што іх супрацоўнікі не выстаўляюць мабільных камэраў ад 19 сьнежня. Такое распараджэньне паступіла ад ДАІ Беларусі і тычыцца ўсіх рэгіёнаў.

«Які час мы ня будзем выстаўляць мабільныя сэнсары, невядома: тэрмін ня вызначаны. Стацыянарныя камэры працуюць», — сказалі ў кампаніі.

Там дадалі, што неўзабаве правядуць рэвізію дарожных знакаў, у тым ліку тых, якія абмяжоўваюць максымальную хуткасьць руху.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG