Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адмовіла беларускаму анархісту ў статусе ўцекача. Хто яшчэ чакае экстрадыцыі ў Беларусь


Адзін са шчытоў сацыяльнай рэклямы, які нібыта пашкодзілі анархісты. Артура Кандратовіча вінавацяць у падпале рэклямнага шчыта з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананьні»
Адзін са шчытоў сацыяльнай рэклямы, які нібыта пашкодзілі анархісты. Артура Кандратовіча вінавацяць у падпале рэклямнага шчыта з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананьні»

Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны адмовіла ў статусе ўцекача грамадзяніну Беларусі Артуру Кандратовічу, экстрадыцыі якога патрабуюць беларускія праваахоўныя органы.

У Беларусі яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў акцыі супраць праваахоўных органаў. Два гады таму ў Івацэвічах Берасьцейскай вобласьці анархісты падпалілі рэклямны шчыт з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананьні». Генэральная пракуратура Беларусі 12 красавіка накіравала ва Ўкраіну запыт на экстрадыцыю Кандратовіча.

Артура Кандратовіча затрымалі ва Ўкраіне сёлета ў красавіку. Спачатку яго арыштавалі, але пазьней вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. На пачатку кастрычніка суд падоўжыў абмежаваньні да 8 сьнежня — ён ня можа без дазволу пракурора выяжджаць за межы Кіева і Кіеўскай вобласьці і павінен на выклік зьяўляцца ў суд і пракуратуру.

У ліпені беларус зьвярнуўся да Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны па статус уцекача або асобы, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне, але яму адмовілі. Цяпер ён аспрэчвае гэтае рашэньне ў судовым парадку. Экстрадыцыйная праверка будзе падоўжаная, пакуль апошняя судовая інстанцыя ня ўхваліць канчатковага рашэньня ў гэтай справе.

Колькі беларускіх уцекачоў ва Ўкраіне

Паводле Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны, на канец 2018 году 18 грамадзян Беларусі атрымалі ва Ўкраіне статус уцекача, яшчэ 6 — дадатковую абарону Ўкраіны. Прозьвішчаў гэтых грамадзян не называюць, спасылаючыся на канфідэнцыйнасьць інфармацыі, бо яе распаўсюджаньне можа «стварыць небясьпеку для іх уладальнікаў».

Атрымаць статус уцекача ці асобы, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне, ва Ўкраіне вельмі складана: трэба давесьці, што ў краіне паходжаньня грамадзяніну пагражае перасьлед паводле расавых, рэлігійных ці палітычных прыкметаў. А ўкраінскія суды ня маюць адзінай практыкі, паводле якой ацэньваюцца рызыкі такога перасьледу ў Беларусі.

Маючы статус уцекача, замежнік пасьля трох гадоў пражываньня ва Ўкраіне можа зьвярнуцца па атрыманьне грамадзянства Ўкраіны. Статус асобы, якая патрабуе дадатковай абароны, не дазваляе зьвяртацца па ўкраінскае грамадзянства.

Статус уцекача — не гарантыя

Ужо больш як год пад экстрадыцыйнай праверкай ва Ўкраіне знаходзіцца беларускі грамадзянін Уладзімер Юрчанка — яго ў Беларусі абвінавачваюць у арганізацыі міжнароднай злачыннай групоўкі, створанай у 2008-м для атрыманьня прыбытку ад незаконнага абарачэньня наркотыкаў у Расеі, Таджыкістане, Казахстане і Беларусі.

Статус уцекача ён атрымаў ва Ўкраіне ў 2017 годзе. Дзяржаўная міграцыйная служба ўжо двойчы пазбаўляла яго гэтага статусу, але ягоныя адвакаты выйгралі ў судзе першую справу і цяпер аспрэчваюць другую — першая судовая інстанцыя прызнала незаконным рашэньне міграцыйнай службы аб пазбаўленьні статусу ўцекача.

Уладзімер Юрчанка амаль год адседзеў у Чарнігаўскім сьледчым ізалятары, але сёлета ў ліпені яго перавялі пад хатні арышт. Экстрадыцыйная праверка таксама падоўжаная да завяршэньня усіх судовых працэсаў.

У чарзе на экстрадыцыю ёсьць і бізнэсоўцы

У лістападзе споўніцца два гады яшчэ адной экстрадыцыйнай справе — грамадзяніна Беларусі Вячаслава Кушнера. Беларускія праваахоўныя органы патрабуюць ягонай выдачы на падставе крымінальнай справы ў дачыненьні беларускага бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній «Сармат-СТІ» Аляксандра Кныровіча і шасьці іншых супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства.

У лютым 2018 году ўпраўленьне міграцыйнай службы ў Віньніцкай вобласьці прызнала яго ўцекачом, але выйшэшы міграцыйны орган адмовіў у выдачы адпаведных дакумэнтаў. Дагэтуль адвакаты Вячаслава Кушнера аспрэчваюць гэтае рашэньне ў розных судовых інстанцыях. Згодна з апошнім рашэньням суду, абмежаваньні беларуса ў перамяшчэньні дзейнічаюць да 11 лістапада. Але і пасьля могуць быць падоўжаныя.

Летась у кастрычніку ва Ўкраіне на запыт праваахоўных органаў Беларусі затрымалі яшчэ аднаго беларускага бізнэсоўца — Дзьмітрыя Дашука, якога абвінавачваюць у злачынствах супраць інфармацыйнай бясьпекі. Ягоныя адвакаты параўноўвалі гэтую справу са «справай БелТА», бо Дзьмітрыя Дашука абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага прадпрыемства РУП «Белмытсэрвіс». Цяпер ён вызвалены ўжо і з-пад хатняга арышту — можа свабодна перамяшчацца па Ўкраіне, але абавязаны па выкліку зьяўляцца ў суд і пракуратуру.

Апроч таго, адвакаты настойваюць, што Дзьмітры Дашук ёсьць грамадзянінам Украіны, а паводле заканадаўства, Украіна ня можа выдаваць замежнай дзяржаве сваіх грамадзян.

Якраз сёньня Партызанскі суд Менску пачаў разглядаць справу, у якой фігуруе Дзьмітрый Дашук — аб крадзяжы закрытых зьвестак з кампутарнай базы дадзеных «Белмытсэрвісу». У ёй таксама фігуруюць супрацоўнікі арганізацыі «Маналітпрамсэрвіс» Сяргей Суравіцкі (адмыслоўца па кампутарнай бяспецы) і Канстанцін Мароз (намесьнік дырэктара).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG