«Прыйшлі 13 выбарнікаў, а ў пратаколе 138», — назіральнікі абураюцца фальсыфікацыямі

Юрась Губарэвіч выклікае міліцыю на ўчастак, каб зафіксаваць парушэньні

Чарговы эпізод зафіксаваны на выбарчым участку № 565 у 107-й акрузе. Назіральніца Натальля Ільлініч напісала скаргу на дзеяньні выбарчай камісіі.

«Паводле маіх падлікаў, прагаласавалі 13 чалавек. А ў пратаколе напісалі 138. Я сёньня напісала скаргу. Нават не хацелі мне паказваць пратакол, БРСМавец яго закрыў ад мяне сьпінай. Але давялося паказаць», — расказала Натальля Ільлініч.

Натальля Ільлініч

Натальля Ільлініч пераказвае сваю размову са старшынём выбарчай камісіі на ўчастку. Ён запэўніваў, што, пакуль яна непрацяглы пэрыяд адсутнічала зранку, пасьпелі прагаласаваць ажно 130 чалавек. Ільлініч перакананая, што гэта ня так.

Старшыня камісіі Павал Баброўскі паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода, што лічбы ў пратаколе правільныя, а назіральнікам усё «магчыма, падалося».

Паводле пратаколу аб датэрміновым галасаваньні, прагаласавалі ўжо 138 чалавек

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч выклікаў міліцыю на ўчастак, каб зафіксаваць парушэньні. Такую ж заяву ён пакінуў на 571-м участку той жа акругі, дзе назіральнік зафіксаваў 11 выбарнікаў, а ў пратакол занесьлі 109 чалавек.

Лейтэнант міліцыі, які назваўся прозьвішчам Саўчанка, прыбыў на ўчастак на выклік Губарэвіча ў суправаджэньні «чалавека ў цывільным» (той назваўся ўчастковым інспэктарам, але адмовіўся паказаць пасьведчаньне). Лейтэнант адмовіўся заводзіць крымінальную справу і праводзіць адпаведную праверку — толькі адміністрацыйную. Губарэвіч вёў жывую трансьляцыю на Facebook.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міліцыя адмовілася пачынаць крымінальныя справы па заявах аб завышэньні яўкі на датэрміновым галасаваньні

Палітык настойваў, што зафіксаваныя злачынствы падпадаюць пад артыкулы 192 (парушэньне заканадаўства аб выбарах) і 427 КК Рэспублікі Беларусь (службовы падлог). «Чалавек у цывільным» запярэчыў яму: «Крымінальнай справы ня будзе». Але скаргу кіраўніку аддзяленьня міліцыі ад Губарэвіча прынялі.

Губарэвіч лічыць, што нават калі яму адмовяць у завядзеньні крымінальнай справы цяпер, то для старшыняў выбарчых камісій такія дзеяньні не застануцца без увагі.

Кандыдаты ў дэпутаты па 107-й выбарчай акрузе

«Нават калі сёньня гэтую справу адкладуць на паліцу, то ня факт, што яе заўтра не завядуць, і тады давядзецца рэальна сесьці. Бо гэта ня проста нейкія спрэчкі, а хто там нейкія лічбы напісаў у пратакол. У выпадку зь фіксацыяй выбарнікаў усё вельмі лёгка даказаць. Гэта крымінальная адказнасьць», — кажа старшыня руху «За свабоду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не пускалі ў інтэрнат, накіроўвалі галасаваць». Што адбывалася на выбарах у першы дзень датэрміновага галасаваньня