ЦВК ідзе на рэкорд? Яўка за першы дзень датэрміновага галасаваньня склала 322 000 чалавек

У інтэрнаце БНТУ ў першы дзень датэрміновага галасаваньня стаялі чэргі

Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала зьвесткі пра вынікі першага дня датэрміновага галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Прагаласавалі 4,69% з 6,866 млн выбарнікаў, сьцьвярджае ЦВК.

Па абласьцях і Менску адсотак тых, хто прагаласаваў датэрмінова ў першы ж дзень, калі верыць ЦВК, прыблізна аднолькавы. Найменш (3,68%) было ў Горадзенскай вобласьці, а найбольш (5,52%) — у Віцебскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне. Вас заганяюць, бачыце парушэньні? Пішыце нам!

Як адзначыў журналіст Паўлюк Быкоўскі, галасаваньне стартавала больш актыўна, чым было на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў — тады за першы дзень прагаласавалі 3,92%. Агулам тады, у 2016 годзе, датэрмінова прагаласавалі 31,29% — выглядае, што цяпер той рэкорд можа быць пабіты.

На прынамсі двух участках у Менску — №391 і №433 — залічылі яўку больш як 10% выбарнікаў у першы дзень датэрміновага галасаваньня, расказваюць «Вясна» і Эўрарадыё.

На ўчастку №390, дзе камісія зафіксавала 21 «датэрміновага» выбарніка ў першы дзень, а незалежны назіральнік толькі 16, забаранілі фота- і відэаздымку.

На некалькіх участках назіральнікі зафіксавалі перавышэньне яўкі ў 10 разоў:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Прыйшлі 13 выбарнікаў, а ў пратаколе 138», — назіральнікі абураюцца фальсыфікацыямі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міліцыя адмовілася пачынаць крымінальныя справы па заявах аб завышэньні яўкі на датэрміновым галасаваньні

***

Ніводныя беларускія выбары і рэфэрэндумы пасьля 1994 году не прызнаваліся эўрапейскімі краінамі свабоднымі і дэмакратычнымі, у тым ліку з прычыны непразрыстай працэдуры датэрміновага галасаваньня.

Незалежныя назіральнікі фактычна ня могуць кантраляваць такое галасаваньне і фіксаваць парушэньні, правяраць справядлівасьць падліку галасоў. БДІПЧ АБСЭ крытыкавала працэдуру і на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, і на мінулых парлямэнцкіх, і на пазамінулых, і на ранейшых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ярмошына: «Мне не падабаецца, што 13 кандыдатаў зьнялі з выбараў»