Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведаміла пра зьняцьце з выбараў яшчэ трох актывістаў кампаніі «Эўрапейская Беларусь». У суботу, 26 кастрычніка, з выбараў зьнялі Аксану Юшкевіч, цяпер да яе дадаліся:
Павал Юхневіч (балятаваўся па Менскай-Пушкінскай выбарчай акрузе № 103);
Вольга Нікалайчык (па Менскай-Уручанскай акрузе № 107);
Арцём Чарняк (па Менскай-Партызанскай акрузе № 110).
Будуць абскарджваць
Павал Юхневіч з дачкой на Дні Волі, 2015 год
Усе чатыры кандыдаты абскарджваюць рашэньні аб здыманьні з выбараў.
Як расказаў «Эўрарадыё»Павал Юхневіч, ён яшчэ застаецца кандыдатам, хоць атрымаў ад камісіі другое папярэджаньне (за няўзгодненыя пікеты і раздачу візытовак, якія палічылі агітацыйнымі матэрыяламі). Ягоная скарга будзе разглядацца цягам трох дзён, але пасьведчаньне кандыдата давялося здаць.
Вольга Нікалайчык, архіўнае фота
Вольга Нікалайчык паведаміла Свабодзе, што таксама абскарджвае рашэньне і пакуль застаецца ў статусе кандыдаткі. У яе зафіксавалі парушэньне пры правядзеньні пікету 23 кастрычніка каля гандлёвага цэнтру «Спэктар» — пры пікетаваньні яна выкарыстоўвала «матэрыялы, якія ня маюць дачыненьня да палітычнай кампаніі» (за гэта ёй ужо выносілі папярэджаньне), пра пікет не паведаміла Менгарвыканкаму.
Яна расказала, што да яе 28 кастрычніка падыходзіла міліцыя, казала, што яна «стаіць апошні дзень», бо абскарджвае рашэньне — яна ж адказала ім, што не міліцыянты вырашаюць, ці здымаць кандыдатаў і калі ім можна ці нельга агітаваць.
Нікалайчык не згаджаецца з папярэджаньнямі адносна ўлётак і пікетаў. Напрыклад, расказвае яна, неналежнай агітацыяй палічылі тое, што яна дала кантакты 80-гадовай жанчыне, якая раілася, як купіць пуцёўку ў пілігрымку ў Ізраіль. Тое, што яна стаяла нібыта ня ў тым месцы, тлумачыць кандыдатка, сапраўды было: стаяла не каля дому 7, а каля 7А (выглядаюць як адзін будынак) — адышла далей ад месца, дзе некалі зьбілі ейнага прадстаўніка.
Таксама Нікалайчык прыпісваюць «распальваньне сацыяльнай і нацыянальнай варожасьці», бо ў агітацыі выкарыстоўвала фразу «калгасная дыктатура». Яна не пагаджаецца: гэта сялянаў можна лічыць сацыяльным пластом, а калгас — гэта «калектыўная гаспадарка, пабудаваная на крыві беларусаў».