Выступ яшчэ аднаго кандыдата ў дэпутаты ад АГП не пусьцілі ў эфір

Ірына Давідовіч, архіўнае фота

Выступ кандыдаткі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірыны Давідовіч, вылучанай па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54, не пусьцілі ў тэлеэфір 23 кастрычніка, паведамляе прэс-служба АГП.

Як заявіла БелаПАН прэс-сакратарка партыі Ганна Красуліна, Давідовіч не паведамілі, што стала падставай для зьняцьця выступу з эфіру.

Ганна Красуліна

«Ніхто нам не тлумачыць прычынаў, кандыдат проста чакае выступу і ня бачыць. Замест яго паказалі аповяд пра Камянецкую вежу. Яна абавязкова будзе абскарджваць у судзе, тады, магчыма, даведаемся прычыну», — сказала Красуліна.

Відэазапіс з выступам Давідовіч разьмешчаны на youtube. Сярод іншага, у ім Давідовіч заяўляе, што выбараў у Беларусі няма, і ў выпадку, калі «ў сыстэме адбудзецца збой» і яна ўсё ж трапіць у Палату прадстаўнікоў, дык будзе галасаваць за імпічмэнт Аляксандра Лукашэнкі.

У выступе Давідовіч згадвае пра беспрацоўе, базу «дармаедаў», адмену адтэрміновак ад войска, будаўніцтва АЭС і шэраг іншых праблем. «Абʼяднаньне з Расеяй, употай, за сьпінай беларускага народа, — гэта інакш як здрадай не назавеш», — адзначыла Давідовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ад слоў „імпічмэнт Лукашэнку“ яны наклалі ў штаны». Як выступ кандыдата ў дэпутаты не пусьцілі ў эфір

Кандыдатка заявіла, што часта перад наведваньнем Лукашэнкам гаспадарак там робяцца непатрэбныя дарагія пакупкі ці, каб зэканоміць, «прывозяць кароў і даярак зь іншых раёнаў, мэблю і абсталяваньне зь іншых установаў».

«Цэны растуць, прыдумляюцца новыя падаткі, закручваюцца гайкі, адкручваюцца галавы, надзяваюцца кайданкі», — заявіла Давідовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Берасьцейца пазбавілі статусу кандыдата ў дэпутаты за вучобу ў Польшчы. Ці гэта законна?

22 кастрычніка з эфіру зьнялі зварот іншага кандыдата ад АГП Уладзімера Няпомняшчых, які вылучаны па Гомельскай Цэнтральнай акрузе № 33. У сваім выступе ён заявіў, што першым пунктам яго праграмы будзе імпічмэнт Лукашэнкі.

Таксама 22 кастрычніка на дзяржаўным «Радио Минск» ня выйшаў у эфір запісаны раней зварот кандыдаткі Аксаны Юшкевіч, актывісткі грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». 19 кастрычніка адмовілі ў выступе на радыё і даверанай асобе Юшкевіч Ірыне Халіп.