«Уладзе ня трэба больш гуляць у дэмакратыю». Апазыцыя расказала, што ня так з парлямэнцкімі выбарамі

Падчас прэс-канфэрэнцыі кампаніі «Права выбару» 3 кастрычніка

Адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў ад апазыцыі, якія ішлі шляхам збору подпісаў, — каля 90%.

У кампаніі «Права выбару», якая аб’ядноўвае кандыдатаў у дэпутаты ад БНФ, руху «За свабоду», БХД, АГП і БСДП падвялі вынікі рэгістрацыі кандыдатаў. Усяго ад кампаніі ішлі ў кандыдаты ў дэпутаты 148 чалавек, зь іх зарэгістравалі 119.

Прадстаўнікі апазыцыі заяўляюць пра жорсткі падыход уладаў да рэгістрацыі кандыдатаў. Асноўныя прычыны адмовы — праблемы з сабранымі подпісамі, недакладнасьць у падатковых дэклярацыях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кожнаму пятаму прэтэндэнту на дэпутацкае крэсла ў Палаце прадстаўнікоў адмовілі ў рэгістрацыі

Кандыдатам у дэпутаты не зарэгістравалі старшыню руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча; па ягонай акрузе ў дэпутаты ідзе былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Юрась Губарэвіч

«Адна з прычын адмовы — неадпаведнасьць пашпартных зьвестак у падпісных лістах. На маю просьбу зрабіць копію падпісных аркушаў мне адмовілі. Камісія разьлічвае, што хутка скончацца працэдуры па абскарджаньні. Ад руху „За свабоду“ зарэгістраваны 21 чалавек. Татальна былі „вырубленыя“ нашы прэтэндэнты па Менску, якія падаваліся шляхам збору подпісаў», — кажа Губарэвіч, які сам вылучаўся такім шляхам.

Старшыню БНФ Рыгора Кастусёва зарэгістравалі.

Рыгор Кастусёў

«У БНФ зарэгістраваныя 32 кандыдаты, у тым ліку ў Менску. Не зарэгістравалі Вінярскага, Жорава, Валера Рабцава, які займаўся праблемамі рэстарану „Поедем поедим“ у Курапатах і балятаваўся па гэтай акрузе», — гаворыць Рыгор Кастусёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дэпутатак Анісім і Канапацкую не зарэгістравалі кандыдаткамі на парлямэнцкіх выбарах. Каго яшчэ?

Старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава таксама зарэгістравалі кандыдатам.

Ігар Барысаў

«Зьезд вылучыў 50 чалавек; вядома, што зарэгістравалі 30. Асноўная прычына адмовы — запаўненьне падатковых дэклярацый», — кажа Барысаў.

Сустаршыню БХД Вольгу Кавалькову таксама зарэгістравалі кандыдаткай у дэпутаты. Усяго ад БХД зарэгістравалі 31 чалавека з 35 прэтэндэнтаў.

Паводле ўдзельнікаў кампаніі «Права выбару», уладам «больш ня трэба гульня ў дэмакратыю, таму яны жорстка падышлі да гэтай выбарчай кампаніі». Паводле палітыкаў, гэта зьвязана з паляпшэньнем стасункаў Беларусі з Захадам. Таму ўладзе наогул ня трэба «пускаць апазыцыю ў Палату прадстаўнікоў». Паводле Рыгора Кастусёва, хутчэй за ўсё, апазыцыйных кандыдатаў у наступным скліканьні Палаты прадстаўнікоў ня будзе. А на думку Льва Марголіна з АГП, улада ўсё ж пусьціць двух апазыцыйных кандыдатаў у парлямэнт.