Улады забаранілі адразу шэсьць мітынгаў супраць акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Акумулятарны завод
Берасьцейскі райвыканкам забараніў правядзеньне шасьці мітынгаў супраць акумулятарнага заводу. Яны плянаваліся 20-25 жніўня на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Прыбужжа» у вёсцы Тэльмы, вызначаным для масавых мерапрыемстваў.
Як паведаміў БелаПАН заяўнік акцый Раман Кісьляк, у сваім адказе мясцовая ўлада напісала, што правядзеньне мітынгаў недапушчальна ў сувязі з правядзенем рамонтных працаў на стадыёне.
«Нам забаранілі ўжо 23 мітынгі супраць акумулятарнага заводу на гэтай пляцоўцы з-за рамонту, — зазначыў праваабаронца. — Як паказвае наш маніторынг, на стадыёне ў пачатку чэрвеня стварылі бачнасьць рамонту і на гэтым усё скончылася. Гэта зроблена для таго, каб мець падставу для забароны акцый».
16 жніўня група праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу накіравала ў Генэральную пракуратуру скаргу на забарону мітынгаў. Падпісанты просяць прыняць меры пракурорскага рэагаваньня да службовых асоб Берасьцейскага райвыканкаму, якія ініцыявалі фіктыўны, на іх думку, рамонт на стадыёне, а таксама да кіраўнікоў арганізацыі, якая ажыцьцяўляе гэтыя «работы».
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага заводу пачалася ў студзені 2018 году. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці і раёне 197 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну: леташні мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу», на які прыйшлі каля 2 тысяч чалавек.