Уладзімер Патаповіч, бацька магілёўскага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча, які загадкава загінуў 16 траўня, заявіў Свабодзе, што ня верыць высновам сьледзтва, агучаным старшынём Сьледчага камітэту Іванам Наскевічам.
Уладзімер Патаповіч кажа, што пераканацца ў слушнасьці высноваў Сьледчага камітэту ён зможа, калі сам азнаёміцца з матэрыяламі справы. Але гэтага яму пакуль не даюць. Днямі са Сьледчага камітэту яму напісалі, што справа цяпер знаходзіцца ў Генэральнай пракуратуры, і параілі зноў зьвярнуцца з заявай празь месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Сына зьняславілі». Чаму бацькі міліцыянта Патаповіча ня вераць у суіцыдКіраўнік СК: «Мела месца самагубства, і доказаў гэтага шмат»
13 жніўня старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч даклаў Лукашэнку, што ў сьледзтва няма сумневу наконт сьмерці супрацоўніка міліцыі Патаповіча. Паводле яго, «мела месца самагубства, і доказаў гэтаму шмат».
Наскевіч паведаміў, што Патаповіч падчас дзяжурства з надуманай прычыны пакінуў маршрут нясеньня службы, пераапрануўся ў цывільнае і на таксі паехаў у лес. Паводле экспэртызы, «ён сам сабе мог прычыніць тое агнястрэльнае раненьне, якое стала прычынай сьмерці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Зрабіў памылку, што не агледзеў цела сына ў моргу», — бацька міліцыянта ПатаповічаЦяпер крымінальная справа спыненая і знаходзіцца ў Генэральнай пракуратуры, якая мае даць ацэнку законнасьці рашэньня, ухваленага сьледзтвам.
Бацька міліцыянта: «Довады сьледзтва супярэчаць здымкам»
Бацька Яўгена Патаповіча на пахаваньні сына. 18 траўня 2019 году
Уладзімер Патаповіч заяўляе, што довады, агучаныя Іванам Наскевічам, супярэчаць таму, што зафіксавана на фатаздымках, зробленых на месцы, дзе знайшлі цела. Ён зьвяртае ўвагу, што сын на іх быў у міліцэйскай форме. Са слоў жа Наскевіча вынікае, што ён «пераапрануўся ў цывільную вопратку і на таксі паехаў у лес», дзе яго і знайшлі забітым.
Уладзімер Патаповіч кажа, што для яго застаецца няясным, як кроў трапіла на пахвінную частку цела, калі сын, паводле сьледзтва, стрэліў сабе ў галаву. Таксама ён зьвяртае ўвагу на тое, як ляжыць пісталет. На фатаздымках ён зафіксаваны «магазынам» дагары. Уладзімер Патаповіч, абапіраючыся на свой досьвед абыходжаньня са зброяй, лічыць, што пісталет пад сваім цяжарам меўся «легчы плазам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У эксгумацыі адмовілі. Бацька загінулага супрацоўніка ДАІ з Магілёва напісаў ЛукашэнкуЧаму бацьку не паказваюць справу
Паколькі Ўладзімер Патаповіч не прызнаны пацярпелай асобай па справе, то паводле закону ён ня мае права знаёміцца зь яе матэрыяламі справы. Але ён спадзяецца, што яму дадуць такую магчымасьць.
Пра спыненьне справы Ўладзімеру Патаповічу паведамілі. У лісьце са Сьледчага камітэту не было згадкі пра самагубства, але адзначалася, што расьсьледаваньне завершана ў сувязі з тым, што супраць сына не было ўчынена грамадзкага небясьпечнага дзеяньня, прадугледжанага Крымінальным кодэксам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пацярпелым не прызнаны. Завершана сьледзтва ў справе аб сьмерці магілёўскага інспэктара ДАІУладзімер Патаповіч ня верыць у самагубства сына. Настойвае, што яго забілі. Яўгенаву сьмерць не гатовы зьвязваць з прафэсійнай дзейнасьцю.
Раней ён зьвяртаўся ў сьледчыя органы і Генэральную пракуратуру з заявай аб эксгумацыі сынава цела, але яму адказалі, што падстаў для гэтага няма. Патаповіч зьвярнуўся з такой просьбай у адміністрацыю прэзыдэнта. Мінула два месяцы, але адказу адтуль пакуль няма.
Яўген Патаповіч быў адзіным сынам у сям’і. Паводле бацькі, калегі па працы не забываюць сына, які загадкава загінуў, выказваюць падтрымку. Уладзімер Патаповіч сам у мінулым супрацоўнік ДАІ. Цяпер жыве ў райцэнтры Кіраўску Магілёўскай вобласьці. Зь Яўгенавай маці ён у разводзе, яна жыве ў Магілёве.