У Францыі на акцыі «жоўтых камізэлек» выйшлі 150 тысяч чалавек

Сутыкненьні ў ходзе пратэстаў у Парыжы, 1 траўня 2019 году.

У Францыі больш за 150 тысяч чалавек выйшлі на першамайскія акцыі. Пра гэта паведаміла МУС краіны. Па дадзеных францускіх СМІ, амаль палова людзей, якія выйшлі на мітынгі, — прадстаўнікі руху «жоўтых камізэлек».

На мітынгах у розных частках Парыжу, паводле інфармацыі паліцыі, сабраліся каля 16 тысяч пратэстоўцаў. Па іншых зьвестках, колькасьць удзельнікаў пратэстаў у Парыжы — 40 тысяч, піша Le Figaro.

У Парыжы адбыліся сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыянтамі. Паліцыя выкарыстала дубінкі для разгону пратэстоўцаў. Былі параненыя двое паліцэйскіх. Сярод пратэстоўцаў ёсьць, як найменей, два параненых, піша Le Nouvel Observateur. У Парыжы паліцэйскія затрымалі амаль 300 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жоўтыя камізэлькі» пратэставалі ў Францыі 21-ы раз. Затрыманыя ня менш за 43 чалавекі

25 красавіка, за шэсьць дзён да сьвята 1 траўня, Эмануэль Макрон прадставіў вынікі так званых вялікіх дэбатаў. Па выніках скаргаў французаў, якія рэгістравалі мэрыі па ўсёй краіне, Макрон зрабіў шэраг прапановаў для паніжэньня ўзроўню сацыяльнага напружаньня ў Францыі. Сярод іх — зьніжэньне падаткаў і павышэньне пэнсій з улікам росту коштаў. Аднак лідэры «жоўтых камізэлек» заявілі, што гэтых захадаў недастаткова і што рух ня мае намеру спыняць пратэсты.