Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пажары падчас акцыі «жоўтых камізэлек» у Парыжы пацярпелі 11 чалавек


Падпалы ў Парыжы падчас пратэстаў
Падпалы ў Парыжы падчас пратэстаў

У Францыі 16 сакавіка праходзіць чарговая, васемнаццатая акцыя пратэсту руху «жоўтых камізэлек». 11 чалавек у Парыжы пацярпелі ў выніку падпалу пратэстоўцамі банка. З другога паверха падпаленага будынка ўдалося эвакуяваць жанчыну зь дзіцем. Як заявіў міністар унутраных спраў Францыі, Крыстоф Кастанэр, будынак падпалілі наўмысна.

На бульвары Рузьвэльта, непадалёк ад Елісейскіх палёў, эвакуявалі жыхароў падпаленага будынка. На першым паверсе гэтага будынка знаходзіцца банк. 11 чалавек атрымалі раненьні. Кіраўнік МУС Францыі Крыстоф Кастанэр у сваім твітэры назваў падпальшчыкаў «забойцамі».

Удзельнікі акцыі пачалі ўзводзіць на Елісейскіх палях барыкады, паведамляе AFP. Некаторыя «жоўтыя камізэлькі» паспрабавалі напасьці на паліцэйскі грузавік. Акрамя таго, удзельнікі акцыі нападаюць на крамы і кідаюць камяні ў паліцэйскіх. Тыя ў адказ ужываюць сьлезацечны газ і вадзяныя гарматы.

Міністр унутраных спраў Крыстоф Кастанэр абвясьціў, што ў Парыжы выйшлі пратэставаць ад сямі да васьмі тысяч чалавек, паўтары тысячы зь іх — «ультраагрэсыўныя», якія выйшлі на акцыю, каб біцца і нападаць на паліцыю.

Мэр Парыжу Ан Ідальга асудзіла дзеяньні вандалаў і заклікала ўсіх да спакою. Паводле яе, у сувязі з падзеямі ў горадзе пачаў працаваць крызісны цэнтар.

Паводле дадзеных МУС Францыі, да 14.30 у акцыі прынялі ўдзел 14 500 чалавек па ўсёй краіне.

Як адзначае AFP, лідэры «жоўтых камізэлек» маюць намер прадэманстраваць, што праз чатыры месяцы пратэсты па-ранейшаму моцныя. У мінулую суботу акцыя руху стала самай нешматлікай — у ёй, паводле дадзеных паліцыі, прынялі ўдзел 26 700 чалавек па ўсёй краіне. Гэта ў дзесяць разоў менш, чым у пачатку пратэстаў, 17 лістапада, калі на вуліцы краіны выйшлі 282 000 чалавек.

Пратэсты «жоўтых камізэлек» пачаліся з патрабаваньняў адмяніць павышэньне падаткаў на аўтамабільнае паліва. Аднак неўзабаве пратэстоўцы сталі патрабаваць і адстаўкі прэзыдэнта краіны Эманюэля Макрона. Адна з асноўных прэтэнзіяў пратэстоўцаў — што палітычная эліта аддалілася ад праблем простых людзей.

У сьнежні Эманюэль Макрон пайшоў на шэраг эканамічных саступак, аднак ужо ў навагоднім звароце ягоны тон зьмяніўся. Макрон заявіў, што ўрад працягне праграму эканамічных рэформаў і «ня будзе даваць ніякіх патураньняў пры забесьпячэньні грамадзкага парадку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG