Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жоўтыя камізэлькі» нанесьлі антысэміцкія абразы францускаму акадэміку


У нядзелю, 17 лютага, пракуратура Парыжу абвясьціла аб пачатку расьсьледаваньня па факце нанясеньня антысэміцкіх абразаў філёзафу і акадэміку Алену Фінкелькраўту падчас дэманстрацыі «жоўтых камізэлек» у суботу, 16 лютага. Сам пацярпелы падаваць скаргу адмовіўся, заявіўшы, што ня хоча выступаць «ні ў ролі ахвяры, ні ў ролі героя», паведамляе RFI.

Папярэдняе расьсьледаваньне распачатае паводле артыкулу «публічная абраза у сувязі з паходжаньнем, этнічнай прыналежнасьцю, нацыяй, расай або рэлігіяй, у вуснай або пісьмовай форме, з дапамогай малюнкаў або шляхам электроннай камунікацыі».

Відэазапіс здарэньня на бульвары Манпарнас у XIV акрузе Парыжу быў разьмешчана на Yahoo Actualités. Згодна з гэтым і некалькімі іншымі разьмешчанымі ў сацыяльных сетках відэазапісамі, апранутыя ў жоўтыя камізэлькі маніфэстанты крычалі акадэміку: «Валі адсюль, бруднае сіянісцкае дзярмо», «Францыя для нас», «Мы — народ» і «Прэч у свой Ізраіль». Яны таксама спрабавалі адштурхнуць паліцэйскіх , якія абаранялі 69-гадовага філёзафа.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон неадкладна напісаў у твітэры аб недапушчальнасьці антысэміцкіх абразаў, дадаўшы, што Ален Фінкелькрот, «сын польскіх эмігрантаў, які стаў акадэмікам», ня толькі выдатны пісьменьнік, але і сымбаль магчымасьцяў, «якія Рэспубліка дае кожнаму».

Парадокс палягае ў тым, што Ален Фінкелькраўт першапачаткова падтрымліваў рух «жоўтых камізэлек», расцэньваючы яго як «усплёск годнасьці» ў людзях. Цяпер ён лічыць, што «гэтыя маніфэстацыі нагадваюць Голема, які расьце і разбурае ўсё».

Тыдзень таму міністар унутраных справаў Францыі Крыстоф Кастанэр абвясьціў, што колькасьць актаў антысэміцкага характару ў Францыі вырасла у 2018 годзе на 74%. Паводле яго, «антысэмітызм пашыраецца як яд».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG