Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы выклік «жоўтым камізэлькам» кінулі «чырвоныя хусткі»


У Парыжы ў суботу прайшла першая вулічная маніфэстацыя руху «чырвоных хустак». У яго аб’ядналіся людзі, якія заяўляюць пра сваю прыхільнасьць рэспубліканскім каштоўнасьцям і выракаюцца гвалту, зь якім апошнім часам спалучаныя акцыі пратэсту так званых «жоўтых камізэлек».

Як і «жоўтыя камізэлькі», «чырвоныя хусткі» зарадзіліся ў Інтэрнэце, сам рух носіць сеткавы характар. Арганізатары сьцьвярджаюць, што ён не зьвязаны зь нейкімі палітычнымі сіламі, аднак многія актывісты кажуць, што падтрымліваюць палітыку дзейнага прэзыдэнта Эманюэля Макрона.

У дэманстрацыі пад лёзунгамі «Не — рэвалюцыі, так — дэмакратыі», паводле ацэнак паліцыі, узялі ўдзел больш за 10 тысяч чалавек — гэта больш, чым удзельнікаў апошніх акцый «жоўтых камізэлек» у Парыжы. «Жоўтыя камізэлькі» у суботу і нядзелю зноў выйшлі на вуліцы.

Зноў адбыліся сутыкненьні з паліцыяй. Быў паранены адзін зь лідэраў руху Жэром Радрыгес. Паведамляецца, што яму пагражае страта зроку на адно вока, у якое патрапіла гумовая куля. Паліцыя высьвятляе абставіны інцыдэнту. Адвакат Радрыгеса настойвае, што ён ня ўдзельнічаў у гвалце, а, наадварот, заклікаў дэманстрантаў пакінуць плошчу Бастыліі, дзе пачаліся сутыкненьні.

Дэманстрацыя “чырвоных хустак” у Парыжы, 27 студзеня 2019
Дэманстрацыя “чырвоных хустак” у Парыжы, 27 студзеня 2019

Усяго ў суботу на вуліцы гарадоў Францыі выйшлі, паводле дадзеных паліцыі, каля 70 тысяч удзельнікаў дэманстрацый «жоўтых камізэлек». Рух, які пачаўся як пратэст супраць падвышэньня тарыфаў на паліва, цяпер аб’ядноўвае праціўнікаў курсу францускіх уладаў, у тым ліку скрайне левых і скрайне правых. Ён традыцыйна праводзіць дэманстрацыі па суботах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG