Міліцыянты спрабавалі затрымаць берасьцейку — яна трапіла ў шпіталь. ВІДЭА

Ілюстрацыйнае фота

Праціўніцу будаўніцтва акумулятарнага заводу Тацяну Фесікаву спрабавалі затрымаць міліцыянты ў яе доме ў Берасьці. Каля дому сабраліся іншыя праціўнікі будаўніцтва. Жанчыне стала кепска, яе шпіталізавалі лекары хуткай дапамогі.​

Што адбылося?

Як паведаміў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк, цягам дня міліцыянты знаходзіліся ля дому Фесікавай і спрабавалі трапіць у яго. Пра гэта праваабаронцу паведамілі суседзі жанчыны.

Калі Фесікава прыехала дадому, міліцыянты дапыталі яе наконт зьяўленьня ў берасьцейскім раёне Тэльмы налепак «Свабоду Маісею Мазько».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Берасьці ў справе аб патронах і выбухоўцы затрымалі і сына Майсея Мазько

Жанчыну спрабавалі затрымаць. Іншыя праціўнікі будаўніцтва заводу, якія сабраліся каля дому Фесікавай, не далі гэта зрабіць, матывуючы гэта тым, каб непаўналетні яе сын не застаўся адзін дома. Міліцыянты выклікалі інспэктара па справах непаўналетніх.

20:50 Праціўнікі будаўніцтва пільнуюць дзеяньні міліцыянтаў у доме Фесікавай. Яны тлумачаць гэта спробай папярэдзіць «падкіданьне чагосьці» жанчыне.

21:00 Фесікавай выклікалі хуткую дапамогу, сказаў у жывым эфіры блогер Сяргей Пятрухін.

21:15 У дом Фесікавай прыехала кіраўніцтва берасьцейскай міліцыі. Праціўнікі заводу сустрэлі іх аплядысмэнтамі і крыкамі «Ганьба».

21:30 Фесікаву шпіталізуюць, сказаў у жывым эфіры лекар«хуткай дапамогі». Частка праціўнікаў заводу будуць суправаджаць жанчыну да шпіталя, каб жанчыну не затрымалі там.

Чаму затрымлівалі?

Паводле Кісьляка, затрыманьне зьвязанае з пратэстам супраць акамулятарнага заводу 31 сакавіка. Кісьляк лічыць, што гэта спроба ціску на праціўнікаў будаўніцтва, як і ранейшае затрыманьне Маісея Мазько і яго сына Дзяніса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За патроны і выбухоўку завялі крымінальную справу на праціўніка берасьцейскага акумулятарнага заводу

Тацяна Фесікава працавала лекарам у Берасьцейскай абласной лякарні. Калі яна далучылася да пратэстаў супраць акумулятарнага заводу, яе звольнілі.