Бізнэсовец Ізраілевіч вызвалены з СІЗА КДБ

Аркадзь Ізраілевіч

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч у пятніцу 9 лістапада быў вызвалены са сьледчага ізалятара КДБ. Гэта пацьвердзіла Свабодзе ягоная жонка Маргарыта Ізраілевіч.

Паводле яе Аркадзь Ізраілевіч пакуль ня хоча даваць камэнтары. Маргарыта Ізраілевіч паведаміла Свабодзе, што абвінавачваньне яму ня выстаўленае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бізнэсовец, каратыст, змагар з Курапатамі. Хто такі затрыманы Аркадзь Ізраілевіч

Раней крыніца Свабоды, якая пажадала, каб яе імя не называлася, паведамляла, што Ізраілевіч знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ.

Зьвесткі пра затрыманьне Аркадзя Ізраілевіча зьявіліся 31 кастрычніка, але ніводная ўстанова не пацьвердзіла гэтай інфармацыі.

«Мы яго не затрымлівалі», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў аддзеле па сувязях з грамадзкасьцю КДБ 5 лістапада.

Аркадзь Ізраілевіч

Бізнэсовец стаў вядомы шырокай публіцы ў сувязі са скандалам вакол рэстараннага комплексу «Поедем поедим», пабудаванага каля ўрочышча Курапаты, у яго былой ахоўнай зоне. У верасьні Суд Савецкага раёну Менску не задаволіў пазоў бізнэсоўца да газэты «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. З Ізраілевіча суд пастанавіў спагнаць 600 рублёў на карысьць газэты і журналіста. Суд вырашыў, што частка фразаў пра Ізраілевіча не наносіць шкоды яго рэпутацыі і не абражае яго, а частка фразаў увогуле ня тычыцца Ізраілевіча. Газэта «Новы час» апублікавала журналісцкае расьсьледаваньне на тэму будаўніцтва комплексу. У расьсьледаваньні сьцьвярджалася верагодная датычнасьць Ізраілевіча да пабудовы і дзейнасьці «Поедем поедим». Ізраілевіч зьяўляецца саўладальнікам групы кампаній ИБ, якая пабудавала шэраг бізнес-цэнтраў і жылых дамоў у Менску.

Your browser doesn’t support HTML5

Аркадзь Ізраілевіч, які судзіцца з «Новым часам», расказвае пра Курапаты. ВІДЭА