У Берасьці новы судовы канвэер за пратэст супраць акумулятарнага заводу

Пратэсты ў Берасьці супраць акумулятарнага заводу

У Ленінскім раённым судзе Берасьця 22 кастрычніка чакаюцца працэсы над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Берасьці асудзілі пратэстоўцаў супраць заводу, адзін заявіў пра пагаршэньне здароўя

​Зь пятніцы ў ізалятары знаходзяцца адзін зь лідэраў пратэсту Дзям’ян Лепясевіч ды актывіст Андрэй Шарэнда. На іх складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянавай масавай акцыі.

За гэта ж будуць сёньня судзіць і Валера Фамінскага і Аляксандра Абляка. Іх зьмясьцілі ў ізалятар 21 кастрычніка, калі прыйшлі ў міліцыю па позвах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зноў затрыманьні пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці

Выклікалі напярэдадні ў міліцыю і трох берасьцейскіх журналістаў, на іх склалі пратаколы за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». У асноўным гэта пратаколы за артыкулы, прысьвечаныя тэме акумулятарнага заводу, супраць якога пратэстуюць людзі. Алеся Леўчука, Мілану Харытонаву ды Яўгена Скрабца таксама будуць судзіць.

22 кастрычніка з ізалятару выйшлі блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, якія адбылі 5 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту.

Учарашняя акцыя супраць акумулятарнага заводу прайшла ў Берасьці спакойна, затрыманьняў ня было. На плошчу выйшла больш за 120 чалавек.