Затрымалі чыноўніцу Мінздароўя, якая тлумачыла «надзвычайнай сытуацыяй» выкарыстаньне «Эўпэнты»

Людміла Равуцкая. Брыфінг Міністэрства аховы здароўя адносна сьмерці дзіцяці пасьля прышчэпкі «Эўпэнта»

​Начальніца ўпраўленьня фармацэўтычнай інспэкцыі і арганізацыі лекавага забесьпячэньня Міністэрства аховы здароўя Людміла Равуцкая затрыманая праз падазрэньне ў атрыманьні хабару, піша МУС Беларусі.

Заведзена крымінальная справа паводле артыкулу 430 КК РБ – атрыманьне хабару (калі памер не буйны, пагражае абмежаваньне волі на 3-5 гадоў або да 7 гадоў пазбаўленьня волі).

Паводле Сьледчага камітэту, цягам 2015-2018 гадоў падазраваная неаднаразова прымала матэрыяльныя каштоўнасьці і выгоды маёмаснага характару за «спрыяльнае вырашэньне пытаньняў».

Равуцкая была адной з прадстаўнікоў Мінздароўя на прэс-канфэрэнцыі аб выкарыстаньні незарэгістраванай у Беларусі вакцыны «Эўпэнта». Яна расказвала ў тым ліку пра «надзвычайную сытуацыю», празь якую давялося выкарыстоўваць карэйскую вакцыну.

Затрыманьне не зьвязана з закупкай вакцыны «Эўпэнта», паведаміла афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова. Сьледзтва будзе настойваць аб утрыманьні Равуцкай пад вартай.