Лета Мікалая Халезіна: «Дазваляем сабе выходзіць да мора з бутэлькай добрага віна»

Натальля Каляда і Мікалай Халезін. Фота: Belarus Free Theatre.

Мастацтва адпачынку: адказы і парады.

Мікалай Халезін — беларускі журналіст і сцэнарыст, драматург, мастацкі кіраўнік Беларускага свабоднага тэатру. Працаваў журналістам у газэтах «Імя», «Наша свабода», быў намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Навіны», адным з членаў арганізацыйнага камітэта грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97». Быў стваральнікам і мастацкім кіраўніком цэнтру сучаснага мастацтва «VITA NOVA». У 2005 годзе разам з сваёй жонкай Натальляй Калядой заснавалі Беларускі Свабодны тэатар. Мікалай Халезін — аўтар пʼесаў, уладальнік шэрагу прэстыжных міжнародных культурніцкіх прэміяў і прызоў на драматургічных конкурсах.

Як вы праводзіце гэтае лета?

Уручэньне прэміі Вацлава Гаўла Беларускаму Свабоднаму театру. Oslo Freedom Forum.

Гэта адзін з самых напружаных і насычаных летніх сэзонаў у маім жыцьці. Адыгралі спэктакль «Пакаленьне Jeans» у Амстэрдаме і «Час жанчын» ў Осла, на ўручэньні Беларускаму Свабоднаму тэатру Прызу Вацлава Гаўла. Завяршылі здымачны пэрыяд дакумэнтальнага фільму з рабочай назвай Return Ticket, над якім працуем паўгода і прэмʼера якога адбудзецца гэтай восеньню. Правялі чарговы сэт праекту Kitchen Revolution у Лёндане. Прайшлі пітчынг новага тэатральнага праекту A WoMan у Амстэрдаме на Сымпозіюме выканаўчых мастацтваў, куды нас адабралі ў ліку 10 ляўрэатаў зь некалькіх соцень праектаў з усяго сьвету.

Пасьля завяршеньня спэктакля Burning Doors у Таронта. Вакаліст "Бумбокса" Андрэй Хлыўнюк, Наталья Каляда і акторы Свабоднага театру.

Адыгралі сэт спэктаклю Burning Doors на найбуйнейшым канадзкім фэстывалі мастацтваў Luminata у Таронта. Правялі там сама першы раўнд працы над канадзкім мʼюзыклам, які восеньню будзем адаптаваць для камэрцыйнага пракату па сьвеце.

Разам з украінскім гуртом «Бумбокс» правялі акцыю «Канцэрт для выкрадзенай зямлі» у Каланчаку, на лініі разьмежаваньня з Крымам.

Грымёрка ў Аўстраліі.

А пасьля ўсяго гэтага вылецелі ў Аўстралію, дзе правялі курс заняткаў са студэнтамі Monash University, адыгралі 9 спэктакляў «Пакаленьне Jeans», а цяпер працуем над пастаноўкай спэктаклю Trustees ў Malthouse Theatre, сусьветная прэмʼера якога адбудзецца 3 кастрычніка ў Мэльбурне.

Адпачыць сёлета не атрымліваецца, таму выкарыстоўваем для аднаўленьня любую вольную хвіліну.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Кожнае лета, пачынаючы з самага нараджэньня, я праводзіў на гастролях з бацькам. Ён быў вельмі пасьпяховым сьпеваком, і зь ім я абʼехаў практычна ўвесь Савецкі Саюз. Успамінаў пра гэтыя паездкі так шмат, што нават нашы ўласныя гастролі па ўсім сьвеце не ў стане выцесьніць тыя дзіцячыя ўражаньні са сьвядомасьці.

Але самае галоўнае, мабыць, гэта тое, што ў гэтых паездках я ўвесь час кантактаваў з музыкамі, якія працавалі з татам, і менавіта яны, разам са старэйшым братам Юрам, зрабілі сурʼёзны ўплыў на фармаваньне майго густу, і не толькі музычнага.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Практычна ўсё жыцьцё я праводжу ў паездках, а таму падрыхтоўка да яе — гэта замацаваны рытуал, які вывераны нават штохвілінна. На зборы для паездкі да 5 дзён мне неабходна каля 15-20 хвілін; на зборы для паездкі на доўгі пэрыяд, больш за месяц — каля гадзіны. Ёсьць неабходны набор, у які ўваходзяць: дакумэнты, гаджэты, кабэлі, сеткавыя адаптары, рабочыя нататнікі, пры неабходнасьці — поўны або няпоўны камплект фотаабсталяваньня.

У маім выпадку, гэтае пытаньне зададзенае некарэктна — варта пытацца яшчэ і «каго?», або «хто бярэ з сабой вас?». Справа ў тым, што ўсе арганізатары — няхай гэта будуць фэсты, гастролі, канфэрэнцыі або форумы — выдатна ведаюць, што мы ніколі не перамяшчаемся паасобку. Розьніца толькі ў тым, ці едзем мы ўдваіх з Наташай, ці бярэм з сабой яшчэ дачок. У першым выпадку фінансаваньне нашага прыезду цалкам на плячах арганізатараў^; у другім — усе паездкі дачок з намі мы аплачваем самі. Гэтае правіла, якога мы прытрымліваліся заўсёды: калі ёсьць магчымасьць паказваць дзецям сьвет ва ўсёй яго разнастайнасьці, гэта варта рабіць. Асабліва, калі яны ў стане не назіраць яго ў якасьці турыстаў, а акунацца ў прафэсійнае жыцьцё.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Гэта вельмі вялікае пытаньне, на якое складана адказваць у фармаце невялікага інтэрвію. Так выйшла ў жыцьці, што я не атрымаў ніякай адукацыі і вымушаны быў самаадукоўвацца на працягу практычна ўсяго жыцьця. З часам гэта ўвайшло ў звычку, і цяпер, калі я сустракаю чалавека, які больш за мяне прасунуўся ў нейкай сфэры дзейнасьці, я імкнуся «забраць» у яго ўсё, што ён гатовы мне аддаць.

Магу прывесьці адзін прыклад. Цяпер мы працуем над спэктаклем з аўстралійскімі акторамі, зь якіх адна акторка — яе завуць тамі — паходжаньнем абарыгенка. Тут, у Мэльбурне, цяпер заканчваецца зіма і пачалі цьвісьці фруктовыя дрэвы. Падчас рэпэтыцыі адзін з актораў сказаў пра тое, што сёлета вясна пачалася рана, і дрэвы ўжо зацьвітаюць, а Тамі адказала, што ўсё адбываецца якраз своечасова. А потым патлумачыла, што ў абарыгенаў год падзяляецца не на 4 пары, як прынята лічыць, а на 6. І тая пара, якая цяпер, доўжыцца ўсяго адзін месяц, а завецца ён, у перакладзе на ангельскую — orchard (гэта значыць, «сад»), і цьвіценьне дрэваў для гэтай пары году абсалютна арганічнае. Такія гісторыі вучаць таму, што глядзець на працэс трэба з розных ракурсаў, калі спрабуеш усурʼёз зразумець і ўсьвядоміць, што адбываецца.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

Кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін і музыка Сяргей Міхалок. Сустрэча ў Адэсе, дзе праходзілі здымкі фільма "Return Ticket".

Мне даводзіцца шмат чытаць і слухаць з пункту гледжаньня прафэсіі, асабліва, калі працую над пастаноўкай. Цяпер гэта вялікі абʼём матэрыялаў па Аўстраліі — і гістарычных, і сучасных. У музыцы — мноства ўсяго, зьвязанага з дэканструкцыяй у розных стылях і кірунках.

Заўсёды спрабуеш знайсьці час для таго, каб нешта пачытаць і паслухаць у адрыве ад прафэсійнай дзейнасьці. З сабой цяпер кніга «Васільеў Parautopia Абдулаева», у якой выбітны тэатральны рэжысэр Анатоль Васільеў досыць падрабязна і шчыра гаворыць аб прафэсіі з кіназнаўцай Зарай Абдулаевай. Даслухваю аўдыёкніжку «Sapiens: Кароткая гісторыя чалавецтва» Юваля Ноя Гарыры, і вельмі хачу перайсьці да яго «Homo Deus: Кароткая гісторыя заўтрашняга дня». Яшчэ з сабой цяпер пастаянна важу раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», спэктакль паводле якога мы плянуем паставіць у наступным сэзоне. Гэты раман неяк вельмі шчыльна мяне захапіў, стварыўшы ўстойлівае адчуваньне, што нічога падобнага ў сучаснай беларускай літаратуры створана да гэтага часу не было.

Калі пра музыку «для сябе», то ў мяне заўсёды з сабой iPod, у які загружана каля сотні гігабайтаў музыкі. Цікава, але вельмі часта я лаўлю сябе на думцы, што падсьвядома ўключаю творы і аўтараў, якія належаць той краіне, у якой я знаходжуся ў дадзены момант. Учора пераслухоўваў аўстралійцаў — Little River Band, Graeham Goble і Midnight Oil. Але да некаторых музыкаў у розныя пэрыяды вяртаюся з пэўным пастаянствам. Цяпер, да прыкладу, вельмі часта ўключаю Kendrick Lamar, The Notorius B. I. G, Einsturzende Neubauten, Scriptonite, Zbigniew Preisner...

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

На жаль, я не магу гэтага зрабіць, хоць і марым з Наташай пра гэта — правесьці хоць бы два тыдні па-за інфармацыйным полем. Па-першае, у Менску знаходзіцца наш калектыў, і мы мусім быць у кантакце ў рэжыме 24/7. Нават нягледзячы на тое, што ў Беларусі тэатар кіруецца нашымі «монстрамі» мэнэджмэнту, мы ўсё роўна хвалюемся і ўвесь час каардынуем асноўную працу паміж беларускім і брытанскім офісамі.

А па-другое, чым даўжэй ты пасьпяхова працуеш у індустрыі, тым больш кантактаў, кантрактаў і абавязацельстваў зьвязваюць цябе са сьветам. І большасьць зь іх патрабуе хуткай камунікацыйнай рэакцыі. У нашай сфэры мала хто можа дазволіць сабе «выходзіць з працэсу» на вялікія пэрыяды — занадта шчыльная камунікацыйнае асяродзьдзе i занадта вялікай колькасьці апэратыўных рашэньняў яна патрабуе.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

На жаль, ён выпадае вельмі рэдка, але калі выпадае — дазваляю сабе спаць столькі, колькі захачу; валяцца ў шэзьлёнгу пакуль не надакучыць і займацца тым, на што не хапае часу ў звычайным жыцьці — да прыкладу, пісаць ня тое, што неабходна паводле кантракту, а тое, што хочацца. Ну, і фантазіраваць, вядома — на любыя тэмы, а ня толькі на зададзеныя. Таму з адпачынку мы вяртаемся зь яшчэ большай колькасьцю ідэй, чым у нас было да яго. Яшчэ дазваляем сабе выходзіць да мора з бутэлькай добрага віна ў любы час — хоць удзень, хоць на заходзе сонца, хоць уначы. І гаварыць не аб працы, а пра тое, пра што марым.

Ваша парада на адпачынак

Дазваляйце сабе адпачываць! Сьвет нікуды ня дзенецца, пакуль вы будзеце марыць, гледзячы на захад сонца з келіхам у руцэ. І калі ўжо вы назіраеце захад, абняўшы каханага партнэра, ніколі ня піце віно ці шампанскае з папяровых ці плястыкавых кубачкаў — папрасіце келіхі ў гатэлі, вас заўсёды зразумеюць. Гэта занадта дарагія хвіліны ў жыцьці, каб не атрымліваць ад іх максымум задавальненьня. І менавіта яны застаюцца з вамі на ўсё жыцьцё.

Лета Юліі Цімафеевай: Заўсёды маю з сабой фотаапарат

Лета Віктара Марціновіча: «Кідайце ўсё і да бліжэйшага месца з вадой і соснамі»

Лета Глеба Лабадзенкі: «Я зразумеў, што Беларусь бясконцая»

Лета Міхала Сьцепанюка: «Паспрабаваць адключыцца ад усіх фэйсбукаў»

Лета Сьвятланы Алексіевіч: «Абажаю жыць у сябе за горадам»

Лета Альгерда Бахарэвіча: «Вандроўкі робяць нас свабоднымі. Bu samoje!»

Лета Алеся Дзянісава: «Dzieciuki запісваюць новы альбом»

Лета Ганны Кандрацюк: «У падарожжа бяру малітоўнік і мапу»

Лета Тацяны Караткевіч: «За дзень накручваю на ровары ад 20 да 50 кілямэтраў»

Лета Кацярыны Сумаравай: «Не ўяўляю адпачынак без этудніка і палотнішчаў»

Лета Джона Пазьняка: «Навучыўся пакаваць у валізку ня больш за 8 кг»

Лета Вальжыны Морт: «Які ў сыцылійскіх бюракратаў прыгожы почырк!»

Лета Юрыя Зісера: «Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць»

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»