Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі выраблялі і захоўвалі атруту «Навічок», але яе зьнішчылі, — прэзыдэнт Зэман


Мілаш Зэман, архіўнае фота
Мілаш Зэман, архіўнае фота

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман заявіў у інтэрвію тэлеканалу Barrandov, што ў ягонай краіне ў невялікай колькасьці выраблялася і захоўвалася атрута «Навічок», якой, меркавана, спрабавалі забіць у Лёндане былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля.

Мілаш Зэман заявіў, што чэскія ўлады ведаюць, «дзе і калі» вырабляўся «Навічок»: тэсты рэчыва, у прыватнасьці, рабіліся ў лістападзе 2017 году ў інстытуце Міністэрства абароны ў Брно, але пасьля тэстаў рэчыва зьнішчылі.

«У нас ёсьць выдатнае падразьдзяленьне супрацьхімічнай абароны, і яму неабходна вывучаць [атруты], каб процідзейнічаць ім», — растлумачыў Зэман.

Ён ня стаў разважаць, ці магло рэчыва трапіць з Чэхіі ў Брытанію. Але прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава ўжо заявіла, што словы Зэмана нібыта пацьвярджаюць вэрсію аб тым, што Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію атруцілі не расейскім рэчывам.

***

Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Пасьля некалькіх тыдняў лячэньня 33-гадовая Юлія Скрыпаль была выпісаная з бальніцы тыдзень таму. Яе бацька застаецца ў бальніцы, хоць ён ужо не ў крытычным стане. Абое па-ранейшаму лечацца ад наступстваў атручваньня.

Брытанскія ўлады абвінавацілі Расею ў датычнасьці да хімічнай атакі ў Солсбэры на той падставе, што Скрыпалі былі атручаныя баявым атрутным рэчывам «Навічок», распрацаваным у СССР. 14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных спраў Расеі абвясьцілааб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі, што асьцерагаецца за сваё жыцьцё.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG