Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі


Супрацоўнікі брытанскай службы надзвычайных сытуацый у камплектах біялягічнай абароны на месцы, дзе знайшлі атручаных. Солсбэры, 8 сакавіка 2018 г.

У Вялікабрытаніі працягваецца расьсьледаваньне замаху на былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку. Абодва яны ў крытычным стане знаходзяцца ў адной з бальніц гораду Солсбэры. Тамсама знаходзіцца паліцыянт, які таксама атрымаў вялікую дозу нэрвова-паралітычнага рэчыва. Паліцыі ўжо вядома, якім газам былі атручаны Скрыпаль і яго дачка, але публічна яго склад пакуль не агалошваецца.

З моманту атручэньня былога расейскага падвойнага агента Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі прайшло чатыры дні, але журналісты не пакідаюць сваіх баявых пазыцый у цэнтры гораду Солсбэры.

Без прытомнасьці на лавачцы

Рэпарцёры дзяжураць каля італьянскага рэстарану Zizzi, дзе, верагодна, і быў атручаны былы палкоўнік ГРУ. Рэстаран быў ачэплены ўжо ў нядзелю — як толькі стала зразумела, што Скрыпаль і яго дачка паабедалі там за пару гадзін да таго, як мінакі ўбачылі абаіх без прытомнасьці на лавачцы ў парку, разьмешчаным за сотню мэтраў адтуль.

Рэстаран Zizzi, дзе пацярпелыя былі незадоўга на інцыдэнта
Рэстаран Zizzi, дзе пацярпелыя былі незадоўга на інцыдэнта

Паводле апошніх зьвестак, у выніку здарэньня ў шпіталях з сымптомамі атручэньня апынулася больш за 20 чалавек. Гэта паліцыянты і супрацоўнікі службаў экстранай дапамогі, якія першымі прыбылі на месца здарэньня. Жыхары гораду больш за ўсё занепакоеныя станам здароўя паліцыянта, які таксама апынуўся ў рэанімацыі. Гэта 38-гадовы сяржант Нік Бэйлі, ён апрытомнеў і дае паказаньні.

Шлях Сяргея Скрыпаля і яго дачкі да таго самога парку, дзе іх знайшлі ўвечары ў нядзелю, прасачыць даволі лёгка: у кожным месцы, дзе яны пабывалі, стаіць паліцэйскі кардон. Ад рэстарану Zizzi па крытай галерэі Скрыпаль з дачкой ішлі да бару The Mill, поста па дарозе — фітнэс-цэнтар. Выйшаўшы з рэстарану, тут яны патрапілі ў абʼектыў камэры вонкавага назіраньня.

Бар усяго толькі за некалькі дзясяткаў мэтраў адсюль. Гэта адзін з самых маляўнічых куткоў гораду: вузкі канал, на беразе якога, мабыць, стаяў вятрак, а цяпер на яго месцы паб пад той самай назвай. У вокнах відаць перакуленыя крэслы, пастаўленыя на сталы: установа зачыненая ад нядзелі, уваход ахоўвае самотны паліцыянт.

Бар The Mill, які быў на шляху пацярпелых у той дзень
Бар The Mill, які быў на шляху пацярпелых у той дзень

Парк вакол гандлёвага цэнтру, дзе знайшлі Скрыпаля і яго дачку, усяго за сотню мэтраў адсюль. Патрапіць у яго немагчыма: тут таксама выстаўлена ачапленьне. Адна з лавак накрытая тэнтам, відавочна — тая самая.

Ніякіх прагнозаў лекары не даюць

Перш чым супрацоўнікі экстранных службаў зразумелі, што маюць справу з моцным атрутным рэчывам, прайшло ня менш за гадзіну. Паводле лекаркі, якая апынулася на месцы здарэньня, яна на працягу паўгадзіны аказвала першую дапамогу Юліі, пакуль калегі спрабавалі прывесьці ў прытомнасьць Сяргея. Толькі пазьней стала ясна, што было задзейнічана высокатаксічнае рэчыва, і на месца прыбылі экспэрты ў камплектах хімічнай абароны.

Акружны шпіталь Солсбэры, дзе знаходзяцца пацярпелыя
Акружны шпіталь Солсбэры, дзе знаходзяцца пацярпелыя

Скрыпаль і яго дачка пяты дзень знаходзяцца ў коме ў акруговай бальніцы Солсбэры, ніякіх прагнозаў лекары не даюць. У лякарню з камэрай не прапускаюць, журналісты адтуль ужо схлынулі: камэнтароў мэдычны пэрсанал не дае.

Хто такі Скрыпаль

Да дому Сяргея Скрыпаля (ён набыў яго ў 2011 годзе, праз год пасьля таго, як яго абмянялі і ён атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі), таксама не падысьці: паліцыя пускае толькі жыхароў суседніх кватэр. Ачэплена нават магіла жонкі Сяргея Скрыпаля Людмілы. Яна памерла ад раку ў 2012 годзе і пахаваная на могілках у Солсбэры, за тры кілямэтры ад яго дома.

На той самай магіле вісіць мэмарыяльная шыльда ў памяць аб іх старэйшым сыне, ён памёр год таму ў Расеі, раптам, ад пячоначнай недастатковасьці. Яму было 43, Сяргей Скрыпаль і Юлія былі на магіле на мінулым тыдні — з нагоды яго дня нараджэньня. Паліцыя падазрае, што і тут могуць быць сьляды атрутнага рэчыва.

Брытанская прэса паведамляе, што ў акне дома Сяргея Скрыпаля быў вывешаны велізарных памераў брытанскі сьцяг — на знак таго, што ён праўдзівы патрыёт Злучанага Каралеўства. Усе гэтыя гады ён не хаваўся: апублікаваныя яго фатаграфіі з дачкой у тым самым рэстаране Zizzi, зробленыя два гады таму: абое ўсьміхаюцца і глядзяць проста ў абʼектыў. Паліцыя і прэса цяпер шукаюць чалавека, які зрабіў гэтыя здымкі. Але пакуль што пра яго няма ніякай інфармацыі.

Нэрвова-паралітычны таксін

Брытанскія афіцыйныя асобы расказалі, што рэчыва, якім былі атручаныя Скрыпаль і яго дачка, вызначана — гэта нэрвова-паралітычны таксін, для стварэньня якога патрабуецца добра абсталяваная хімічная лябараторыя. Што менавіта гэта за рэчыва, пакуль не паведамляецца. Брытанскі спэцыяліст у таксінх Аластэр Хэй распавёў Радыё Свабода, што лепш за ўсё пры расьсьледаваньні нэрвова-паралітычных рэчываў дасьледаваць сьлед, пакінуты ў навакольным асяродзьдзі. Менавіта гэта можа дапамагчы ўбачыць «адбіткі пальцаў» — паходжаньне і вытворцаў рэчывы.

У выпадку са Скрыпалем «адбіткі пальцаў» вядуць да лябараторыі або дасьледчага інстытуту вайсковага прызначэньня. Аластэр Хэй, прафэсар таксікалёгіі навакольнага асяродзьдзя Унівэрсытэту Лідс і член брытанскай урадавай групы дарадцаў у пытаньнях хімічных вайсковых рэагентаў, адказвае на пытаньні Радыё Свабода:

Што невядома на дадзены момант

  • Складана сказаць, якім менавіта спосабам было ўчыненае заражэньне. У выпадку прымяненьня гэткіх рэчываў магчымыя тры варыянты: праз аэразоль, праз дыханьне і праз скуру.
  • Паколькі паліцэйскі, які дакрануўся да паверхні целаў заражаных нэрвова-паралітычным рэчывам, таксама атрымаў сурʼёзную дозу заражэньня, можна меркаваць, што рэчыва было ў форме аэразолю. Але даказаць гэта пакуль немагчыма.
  • Немагчыма таксама дакладна адказаць на пытаньне, дзе менавіта адбылося атручэньне — у закрытым памяшканьні або на вуліцы. Паводле інфармацыі, якая вядомая на дадзены момант, экспэрты не бяруцца сьцьвярджаць гэта на 100 працэнтаў.

Пра што можна гаварыць з агаворкамі

  • Падазрэньні падаюць на Расею. У прынцыпе, магчымасьць сьцьвярджаць, якое менавіта рэчыва ў якой краіне выраблена, ёсьць. Аластэр Хэй тлумачыць, што для гэтага неабходна ведаць:

— У ідэале сьледчыя павінны атрымаць узор рэчыва з навакольнага асяродзьдзя, тады будуць «адбіткі пальцаў» і наводка, якім мэтадам гэта выраблена. А калі вы ведаеце, якім мэтадам рэчыва выраблена, гэта дае магчымасьць даволі добра зразумець, дзе менавіта. Потым сьледчыя, вядома, павінны знайсьці ўсе магчымыя кантакты ахвяраў, месцы, дзе яны былі, і гэтак далей, каб вызначыць, з кім менавіта яны кантактавалі ў пэрыяд магчымага заражэньня.

Будуць вывучацца запісы з камэраў, каб вызначыць, хто менавіта быў той чалавек, які прайшоў у натоўпе ў тую ж гадзіну. Будуць вывучацца ўсе доказы. Але цяпер складана вінаваціць кагосьці. Мы нават яшчэ ня ведаем, ці была дачка ахвярай выпадковага заражэньня або наўмыснага. І хто гэта зрабіў? Так што трэба пачакаць дадатковых доказаў.

Пра што можна казаць з упэўненасьцю

  • Спэцыялісты, занятыя ў вайсковай галіне, маюць уяўленьне аб усім спэктры нэрвова-паралітычных рэчываў, лічаць, што ўжытае рэчыва не зьяўляецца звычайным рэагентам:

— Нэрвова-паралітычнае рэчыва вызначыла лябараторыя, якая абслугоўвае брытанскае абароннае ведамства ў частцы абароны ад хімічнай зброі. Яны вельмі добра разьбіраюцца ў гэтых пытаньнях. І яны выключылі верагоднасьць таго, што гэта зарын або фасфараген тыпу V-газу. Нашмат менш на слыху такія рэчывы, як табун і заман. Думаю, магчыма, атручэньне было ўчынена адным з гэтых рэчываў.

Я б першапачаткова не выключаў цыклазарын, але паколькі лябараторыя заявіла, што гэта не зарын, зарынаўтрымоўваючыя рэчывы таксама, напэўна, варта выключыць. Такім чынам, зь пяці асноўных нэрвова-паралітычных рэчываў самыя дакладныя кандыдаты — табун і заман. Але, вядома, ёсьць і іншыя атрутныя рэчывы, так што давайце пачакаем заканчэньня расьсьледаваньня.

  • Ня варта думаць, што гэта рэчыва было атрымана ў выніку працы хіміка-адзіночкі, які вырашыў «пакараць» Скрыпаля і яго дачку.

— Гэта больш падобна на вайсковую вытворчасьць. І вось чаму. Калі вы прафэсійны хімік, вы лёгка знойдзеце формулы вытворчасьці зарыну, табуну і мноства іншых хімічных рэчываў. Але ёсьць некалькі праблем: яго складана вырабіць як субстанцыю і складана трымаць у хатніх умовах, паколькі вырабленае рэчыва будзе эфэктыўным з пункту гледжаньня рэакцыі на яго. І вядома, заўсёды ёсьць рызыка атрымаць заражэньне. А ў лябараторыях як раз выконваюцца ўсе нормы, каб навуковец не атрымаў заражэньне. Так што ў дадзеным выпадку мы маем справу з вытворчасьцю вайсковага тыпу. Хоць і варта пачакаць канчатковых высноў.

  • Навукоўцы могуць атрымаць дакладную інфармацыю аб характары рэчыва, таму што ўрады ведаюць вельмі добра, як і што вырабляюць іншыя краіны, якія валодаюць хімічнай зброяй.

— Калі сьледчыя змаглі атрымаць узоры рэчыва з навакольнага асяродзьдзя, то магчыма, яны атрымалі хімічныя злучэньні сумесі, якія ўступілі ў рэакцыю, ці прадукты паўраспаду. А гэта — «адбіткі пальцаў» тых, хто вырабіў рэчыва. Ўрады добра ведаюць, што і як робіцца ў іншых краінах. Біялягічныя ўзоры — тыпу мачы ці крыві — вам такога не дадуць, таму што там рэчыва будзе ўтрымлівацца ў мікраскапічных дозах. А ўзоры навакольнага асяродзьдзя могуць даць менавіта «адбіткі пальцаў», — тлумачыць Аластэр Хэй.

Напярэдадні пра замах на Сяргея Скрыпаля ўпершыню распавялі афіцыйныя дзяржаўныя расейскія СМІ. У эфіры вячэрніх навін на Першым канале вядучы Кірыл Кляйменаў выкарыстаў для гэтага пагрозліва-іранічны тон:

«Я [...] не жадаю нікому сьмерці. Але выключна з пэдагагічных мэтаў для ўсіх, хто марыць аб падобнай карʼеры, хацеў бы выступіць з перасьцярогай, — вымавіў Кляйменаў, і дадаў: — Прафэсія здрадніка — адна з самых небясьпечных у сьвеце. Паводле статыстыкі, нашмат больш небясьпечная, чым наркакурʼер. Вельмі рэдка тыя, хто яе абралі, дажывалі ў спакоі і супакаеньні да шаноўнай сівізны».

Вядучы знайшоў дарэчным згадаць, што загадкавыя сьмерці расейцаў, часта настроеных супраць расейскага рэжыму, часта адбываюцца менавіта ў Вялікабрытаніі.

«Нешта там ня тое. Можа, клімат. Але занадта шмат у апошнія гады там дзіўных здарэньняў зь цяжкім зыходам — людзі вешаюцца, труцяцца, разьбіваюцца на верталётах і выпадаюць з вокнаў у прамысловых маштабах», — сказаў Кляйменаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG