Тры вайсковыя грузавікі прыбылі ў брытанскі горад Солсбэры, каб правесьці ачыстку тэрыторыі ад хімічных рэчываў, якімі быў атручаны былы афіцэр ГРУ Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка. Брытанская прэса піша, што машыны заехалі ў горад у аўторак ноччу, каб правесьці дэзактывацыю «гарачых кропак», у якіх было выяўлена атрутнае рэчыва.
Паведамляецца, што вайскоўцы разгрузілі два вялікія мэталічныя кантэйнэры і вайсковы міні-робат у гандлёвым раёне, дзе Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі знойдзены ў крытычным стане сем тыдняў таму.
Лёндан абвінавачвае расейскія ўлады ў атручваньні Скрыпаля і яго дачкі нэрвова-паралітычным хімічным рэчывам «Новичок». Масква адпрэчвае гэтыя абвінавачваньні.