Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і хімічная зброя. Ад газавых атак Першай сусьветнай да небясьпечных прадпрыемстваў


Афіцэр Савецкай арміі дэманструе журналістам амуніцыю, снараджаную хімічнымі агентамі, у цэнтры распрацоўкі і выпрабаваньняў хімічнай зброі ў Шыханах пад Саратавам
Афіцэр Савецкай арміі дэманструе журналістам амуніцыю, снараджаную хімічнымі агентамі, у цэнтры распрацоўкі і выпрабаваньняў хімічнай зброі ў Шыханах пад Саратавам

29 красавіка з 1993 году адзначаецца ў сьвеце як Дзень памяці ахвяраў хімічнай зброі. Перадгісторыя зьяўленьня гэтай даты ў календары адсылае да падзеяў 100-гадовай даўнасьці, калі падчас Першай сусьветнай вайны варагуючыя бакі ўпершыню ўжылі нэрвова-паралітычны газ. Беларусь была таксама сярод тэрыторый, дзе такія атакі адбываліся цягам актыўных баявых дзеяньняў у 1915-1918 гадах.

Канвэнцыя супраць бесчалавечнасьці

Сірыйскія дзеці ў шпіталі пасьля хімічнай атакі ва Ўсходняй Гуце, студзень 2018 году
Сірыйскія дзеці ў шпіталі пасьля хімічнай атакі ва Ўсходняй Гуце, студзень 2018 году

​Першай хімічную зброю выпрабавала Нямеччына, неўзабаве яе ўзялі на ўзбраеньне і іншыя ўдзельнікі глябальнага канфлікту.

Пазьней хімічную зброю выкарыстоўвалі расейскія чырвонаармейцы ў змаганьні зь белагвардзейцамі, а таксама Італія супраць Этыёпіі, Японія супраць Кітая, ЗША супраць Карэі і Віетнаму, Ірак часоў Садама Хусэйна — супраць курдаў, Сырыя — супраць сваіх жа грамадзянаў. Былі і хімічныя тэракты: у 1995-м японская сэкта «Аум Сінрыкё» распыліла зарын у такійскім мэтрапалітэне.​

Нягледзячы на катастрафічныя наступствы як для чалавека, так і навакольнага асяродзьдзя, Міжнародная канвэнцыя аб забароне хімічнай зброі была падпісана толькі ў 1993 годзе. У Парыжы прадстаўнікі 130 дзяржаў прынялі рашэньне спыніць распрацоўку, вытворчасьць, назапашваньне і прымяненьне хімічнай зброі. У ліку падпісантаў была і Беларусь.

Краіны абавязаліся зьнішчыць усе запасы і вытворчыя аб’екты цягам 10 гадоў пасьля ўступленьня дакумэнту ў сілу — праўда, у 2006-м тэрмін быў падоўжаны яшчэ на 5 гадоў. Тым ня меней і праз адведзены час удалося адрапартаваць толькі пра тое, што зьліквідавана 60%. Цяпер гэтая лічба перавышае 85%.

Ілюстрацыйнае фота. «Марадыкоўскі» — расейскі аб'ект па зьнішчэньні хімічнай зброі ў Кіраўскай вобласьці
Ілюстрацыйнае фота. «Марадыкоўскі» — расейскі аб'ект па зьнішчэньні хімічнай зброі ў Кіраўскай вобласьці

​Паводле абноўленых дадзеных, сёньня ў пагадненьні ўдзельнічае 191 дзяржава. Ангола, Ізраіль, КНДР, Паўднёвы Судан, Самалі, Сырыя і Эгіпет да канвэнцыі не далучыліся. Сырыя працягвае выкарыстоўваць хімічныя бомбы да сёньня.

Беларускі газавы пляцдарм

Упершыню хімічная зброя была ўжытая немцамі ў 1915 годзе каля бэльгійскага гораду Іпр — ахвярамі хлёрнага воблака сталі 5 тысяч брытанскіх і францускіх салдатаў. А вось наступным пляцдармам для выпрабаваньняў стала тэрыторыя Беларусі: 12 кастрычніка таго ж году немцы пусьцілі атрутны газ пад Смаргонямі — першы раз на ўсходнім фронце.

Летам 1916-га ўжо і расейская армія атрымала на ўзбраеньне вадкі газ. Першая хімічная атака расейцаў адбылася на 2-кілямэтровым участку на поўначы Смаргоняў ад ракі Віліі да паселішча Баровы Млын — у ноч з 5 на 6 верасьня былі спустошаныя 1047 балёнаў. За некалькі месяцаў да таго ў Магілёве вартасьці новай зброі асабіста ацаніў імпэратар Мікалай ІІ: у вагон нагналі ўсялякай жыўнасьці і пусьцілі газ. Пасьля экзэкуцыі цар у адгазьніку асабіста ацаніў эфэктыўнасьць новага ўзбраеньня.

Ахвярамі газавых атак кожнага з бакоў сталі тысячы салдатаў і мірных жыхароў. Германцы сваіх загінулых хавалі ў ваколіцах Крэва і ў Солах, расейцы — у брацкіх магілах у Белай, Залесьсі і ў лясах паміж Смаргонямі і Вілейкай.

Могілкі ў вёсцы Залесьсе. Тут пахаваны ахвяры першай газавай атакі на тэрыторыі Беларусі падчас першай сусьветнай вайны
Могілкі ў вёсцы Залесьсе. Тут пахаваны ахвяры першай газавай атакі на тэрыторыі Беларусі падчас першай сусьветнай вайны

Выбіральная «хіміятэрапія»

Ужываньне зброі пэўных узораў было забароненае яшчэ Жэнэўскай канвэнцыяй 1925 году. Аднак тое ня тычылася магчымасьці яе мець. Адпаведна, падобны вынятак дазваляў шмат якім краінам гэтым скарыстацца. Як вынік — хімічная зброя шырока выкарыстоўвалася ў наступныя дзесяцігодзьдзі.

У 1920-х падчас каляніяльнай Рыфскай вайны гішпанцы і французы ўжылі газ супраць бэрбэраў у Марока. У 1930-х атакі мелі месца падчас італьянска-этыёпскага і японска-кітайскага канфліктаў. На пачатку 1950-х хімічная зброя выкарыстоўвалася амэрыканцамі ў карэйскай вайне, а ў канцы 1960-х — імі ж у Віетнаме. У 1980-х негуманная зброя была задзейнічана падчас зацяжнога ірана-ірацкага канфлікту.

Ілюстрацыйнае фота. Хімічная атака падчас ірана-ірацкага канфлікту
Ілюстрацыйнае фота. Хімічная атака падчас ірана-ірацкага канфлікту

Упершыню ў ХХІ стагодзьдзі хімічная зброя была апрабавана сырыйскім рэжымам Башара Асада ў Сырыі. У жніўні 2013 году ахвярамі сталі больш за паўтары тысячы мірных жыхароў, сярод іх шмат дзяцей. Пасьля трагедыя неаднаразова паўтаралася, двойчы толькі з пачатку гэтага году.

Савецкія запасы на мяжы

У краінах былога СССР больш як на 700 складах ад савецкіх часоў захоўвалася 40 тысяч тон хімічнай зброі — 4,5 мільёна артылерыйскіх і ракетных боепрыпасаў.

Ілюстрацыйнае фота. Расейскія салдаты робяць звычайную праверку мэталічных кантэйнэраў з таксычнымі рэчывамі на месцы захоўваньня хімічнай зброі ў горадзе Горн на поўдзень ад Саратава, 20 траўня 2000 году
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія салдаты робяць звычайную праверку мэталічных кантэйнэраў з таксычнымі рэчывамі на месцы захоўваньня хімічнай зброі ў горадзе Горн на поўдзень ад Саратава, 20 траўня 2000 году

Яшчэ ў сярэдзіне 1920-х для забесьпячэньня войскаў ваеннай хімічнай зброяй было створана Ваенна-хімічнае ўпраўленьне Чырвонай арміі. «Флягманскімі» ўстановамі сталі маскоўскія НДІ арганічнай хіміі і Навукова-выпрабавальны хімічны інстытут. Некаторыя віды баявых атрутных рэчываў таксама выраблялі ў Казахстане, Узбэкістане, Украіне, краінах Балтыі. Пасьля развалу СССР усе яны далучыліся да канвэнцыі, зьнішчылі ўсе запасы, закрылі заводы і лябараторыі.

Увесь савецкі арсэнал ад пачатку 1990-х захоўваўся ў Расеі, найбліжэйшае сховішча ад Беларусі — у горадзе Почап Бранскай вобласьці, дзе да таго была і вытворчасьць. Згодна з праграмай утылізацыі, пазбавіцца ад хімічнага багажу Расея мусіла да 2009 году, аднак няхватка спэцпалігонаў і адмысловых тэхналёгій не дала ўкласьціся ў адведзеныя тэрміны. Пра выкананьне задачы прэзыдэнт Уладзімер Пуцін адрапартаваў толькі летась. На ўтылізацыю сотні мільёнаў даляраў перавялі заходнія дзяржавы.

Склады былі, зброі няма

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі Міністэрства абароны, на тэрыторыі Беларусі хімічнай зброі няма, як і аб’ектаў для яе вытворчасьці. І хоць размовы пра хімічныя склады раз-пораз узьнікаюць, глыбокая сакрэтнасьць не дае пра нешта дазнацца. Напрыклад, былыя службоўцы хімбатальёну ў Старых Дарогах сьцьвярджаюць, што ў 1970-х на складах было столькі хімічнай зброі, што можна было атруціць усю Эўропу.

Не аспрэчваюцца хіба матэрыяльна-тэхнічныя запасы хімічнага адзеньня, адгазьнікаў. Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, рыштунак для барацьбы з радыяцыяй бралі менавіта з армейскіх складоў.

Цяпер выкананьне хімічнай канвэнцыі Менскам зводзіцца да таго, каб забясьпечваць рэжым праверак прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці інспэктарамі Арганізацыі забароны хімічнай зброі.

Ілюстрацыйнае фота. Наваполацкі завод «Палімір»
Ілюстрацыйнае фота. Наваполацкі завод «Палімір»

Чатыры заводы, якія вырабляюць хімікаты, на пастаянным міжнародным кантролі: наваполацкі «Палімір», лідзкая «Лякафарба», «Гродна Азот» і «Магілёўхімвалакно». Сінільная кіслата ды іншыя хімічныя рэагенты, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчым працэсе, надзвычай небясьпечныя і могуць прывесьці да глябальнай тэхнагеннай катастрофы.

Беларускія вушы «Навічка»

Спэцыялісты аварыйна-выратавальных службаў у касьцюмах біяабароны на месцы атручваньня Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў Солсбэры. 8 сакавіка 2018 году
Спэцыялісты аварыйна-выратавальных службаў у касьцюмах біяабароны на месцы атручваньня Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў Солсбэры. 8 сакавіка 2018 году

Тэма хімічнай зброі абвастрылася сёлета ў сакавіку, калі ў Лёндане невядомыя атруцілі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію. Нечакана праявіўся і беларускі сьлед, хоць і ўскосны.

Расейскі хімік Віл Мірзаянаў сьцьвярджае, што ракеты сярэдняга і далёкага дзеяньня з рэчывам пад назвай «Навічок», распрацоўнікам якога ён быў, захоўваліся ў Беларусі, мяркуючы па ўсім, у Полацкім ці Лепельскім раёнах, дзе былі ракетныя сховішчы. Калі Расея ў 1993 годзе падпісала Канвэнцыю аб забароне хімічнай зброі, ракеты вярнулі і зьнішчылі ў горадзе Шыханы Саратаўскай вобласьці — там, дзе і выраблялі.

Хімічная зброя пад Мазыром і Пружанамі і Генэрал Газ з-пад Асіповіч

Выпрабаваньні «Навічка» ў СССР праводзілі на жывёлах, але празь нейкі час распрацавалі «палепшаную формулу». Паводле Мірзаянава, «Навічок» у дзесяць разоў мацнейшы за папярэднія нэрвова-паралітычныя газы: ён выклікае нэрвовыя канвульсіі, спыненьне дыханьня. Нават калі атручаны не памірае, арганізму наносіцца непапраўная шкода.

Ураджэнец беларускай Сьвіслачы генэрал-лейтэнант Анатоль Кунцэвіч, які лічыцца адным з «бацькоў» савецкай, а потым і расейскай хімічнай зброі (справа) і кіраўнік швэдзкай дэлегацыі на Канфэрэнцыі ў пытаньнях разбраеньня Рольф Эксус на палігоне ў Саратаўскай вобласьці, 1987 год
Ураджэнец беларускай Сьвіслачы генэрал-лейтэнант Анатоль Кунцэвіч, які лічыцца адным з «бацькоў» савецкай, а потым і расейскай хімічнай зброі (справа) і кіраўнік швэдзкай дэлегацыі на Канфэрэнцыі ў пытаньнях разбраеньня Рольф Эксус на палігоне ў Саратаўскай вобласьці, 1987 год

Брытанскія праваахоўнікі і лідэры шэрагу заходніх краінаў не выключаюць, што замах на Скрыпаля быў санкцыянаваны асабіста Ўладзімерам Пуціным. З гэтай прычыны Вялікая Брытанія і больш за два дзясяткі краін абвясьцілі санкцыі супраць Масквы, зь некаторых высланыя расейскія дыпляматы і замарожаныя актывы алігархаў.

***

Наяўнасьць хімічнай зброі афіцыйна прызналі Альбанія, Лібія, Ірак, Індыя, Расея, ЗША, Рэспубліка Карэя і Сырыя. Першай зь пералічаных сваю праграму ліквідацыі завяршыла Альбанія (2007 год). Потым кампанію ёй склалі Карэя (2008), Індыя (2009), Расея (2017). ЗША маюцца гэта зрабіць да 2023 году, Лібія і Сырыя ва ўмовах палітычнай няпэўнасьці не акрэсьліваюць нічога.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG