Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хімічная зброя пад Мазыром і Пружанамі і Генэрал Газ з-пад Асіповіч


Выпрабаваньні хімічнай зброі ў Беларусі праводзіліся рэгулярна. А адзін з распрацоўшчыкаў сумнавядомага газу «Навічок» Анатоль Кунцэвіч — родам са Сьвіслачы і ніколі не забываўся пра сваю малую радзіму.

4 сакавіка невялікі брытанскі горад Солсбэры «праславіўся» на ўвесь сьвет. На адной зь яго вуліц разам з дачкой быў атручаны былы расейскі выведнік Сяргей Скрыпаль.

Брытанскія спэцслужбы ўжо празь некалькі дзён высьветлілі, што перабежчыка (Скрыпаль яшчэ ў сярэдзіне 90-х перайшоў на бок Вялікай Брытаніі, за што быў асуджаны ў Расеі, а пазьней абменены на некалькі расейскіх агентаў, схопленых у ЗША) атруцілі распрацаваным у апошнія гады існаваньня СССР нэрвова-паралітычным газам «Навічок».

Усчаўся вялікі міжнародны скандал. Па-першае, праз тое, што небясьпечная зброя савецкай альбо расейскай вытворчасьці была выкарыстаная на тэрыторыі Вялікай Брытаніі. Па-другое, ніякіх афіцыйных запасаў «Навічка» існаваць ня можа. Згодна зь міжнароднымі дамовамі, усе запасы гэтага небясьпечнага рэчыва павінны былі быць даўно зьнішчаныя.

Пасьля здарэньня ў Солсбэры зьявілася мноства вэрсій таго, адкуль і як «Навічок» мог трапіць на тэрыторыю Вялікай Брытаніі. Не абышлося і бяз згадак пра Беларусь.

Супрацоўнік брытанскіх спэслужбаў працуе на месцы атручваньня Сяргея Скрыпаля
Супрацоўнік брытанскіх спэслужбаў працуе на месцы атручваньня Сяргея Скрыпаля


Генэрал Газ з-пад Асіповіч

Выпрабаваньні нэрвова-паралітычнага газу «Навічок» былі скончаныя ўсяго за два гады да развалу СССР. У 1989 годзе на палігоне Нукус ва Узбэкістане адбыліся апошнія тэставыя стрэльбы, пасьля чаго боепрыпасамі з новым газам пачалі ўзбройваць ракетныя часткі з ракетамі сярэдняга і далёкага радыюсу дзеяньня.

Расейскі хімік Віл Мірзаянаў у канцы 1980-х удзельнічаў у распрацоўцы хімічнай зброі. Паводле яго, «Навічок» мог знаходзіцца і на тэрыторыі Беларусі («на паўночным захадзе»). Хутчэй за ўсё маецца на ўвазе Горадзенская вобласьць. Аднак Беларусь зьвязаная з савецкай хімічнай зброяй ня толькі гэтым.

Генэрал-лейтэнант Анатоль Кунцэвіч (справа) і кіраўнік швэдзкай дэлегацыі на Канфэрэнцыі ў пытаньнях разбраеньня Рольф Эксус на палігоне ў Саратаўскай вобласьці, 1987 год
Генэрал-лейтэнант Анатоль Кунцэвіч (справа) і кіраўнік швэдзкай дэлегацыі на Канфэрэнцыі ў пытаньнях разбраеньня Рольф Эксус на палігоне ў Саратаўскай вобласьці, 1987 год

Яшчэ адным «бацькам» савецкай, а потым і расейскай хімічнай зброі быў ураджэнец беларускай Сьвіслачы (Асіповіцкі раён) Анатоль Кунцэвіч. Кунцэвіч нарадзіўся ў 1934 годзе, у 1959-м скончыў маскоўскую Вайсковую акадэмію хімабароны, у распрацоўцы хімічнай зброі браў удзел з 1972 году. З 1984-га і да самага канца існаваньня СССР займаў пасаду намесьніка кіраўніка хімічных войскаў Мінабароны СССР, затым узначальваў Камітэт праблемаў хімічнай зброі пры прэзыдэнце Расеі.

Пры гэтым Кунцэвіч быў ня проста вайскоўцам, ён актыўна займаўся навуковымі распрацоўкамі, зьяўляецца аўтарам больш як 280 толькі афіцыйных навуковых публікацый у галіне распрацоўкі хімічнай зброі, за што нават атрымаў мянушку «Генэрал Газ».

У 1995 годзе ЗША западозрылі Кунцэвіча ў незаконнай дзейнасьці, зьвязанай з вырабам і распрацоўкай хімічнай зброі. Тады ж беларусу ў Расеі прад’явілі афіцыйныя абвінавачваньні ў яе кантрабандзе.

Лічыцца, што ў апошнія гады жыцьця Анатоль Кунцэвіч працаваў у Сырыі (улады гэтай краіны прымянілі хімічную зброю супраць паўстанцаў і мірных жыхароў ужо пасьля яго сьмерці) і памёр у самалёце па дарозе з Алепа ў Маскву ў 2002 годзе. Афіцыйнай прычынай сьмерці Кунцэвіча назвалі інфаркт. Неафіцыйна ў ягонай сьмерці вінавацілі ізраільскія спэцслужбы, якія маглі быць незадаволеныя кантактамі хіміка з уладамі Сырыі.

Вайсковыя вучэньні ў расійскай школе. Ілюстрацыйнае фота.
Вайсковыя вучэньні ў расійскай школе. Ілюстрацыйнае фота.

Зь Беларусьсю Кунцэвіч не губляў сувязі да канца жыцьця, пэрыядычна бываў у роднай Сьвіслачы і нават рабіў падарункі школе, дзе некалі вучыўся.


«Зразумела, мы ведаем пра нашага земляка, — расказвае Свабодзе куратар школьнага музэю ў Сьвіслачы Аляксандар Лаўрэньчыкаў. — Кунцэвіч раней часта бываў тут. Заходзіў у школу нашу, у музэі ёсьць копіі яго дыплёмаў, ягоныя кнігі. Нават свой мундзір нам прывёз. Усё захоўваем»​.

Пахаваны Кунцэвіч у Маскве, у Асіповіцкім раёне дагэтуль жывуць яго родныя.


«Выпрабаваньні хімічнай зброі ў Беларусі праводзіліся рэгулярна»

У часы СССР тэрыторыя Беларусі належала да Беларускай вайсковай акругі, тут разьмяшчаліся так званыя «часткі прыкрыцьця» для савецкіх войскаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі ГДР і Польшчы. У іх арсэналах трымалі і хімічную зброю.


«У савецкі час на тэрыторыі Беларусі былі запасы хімічнай зброі як мінімум у выглядзе артылерыйскіх снарадаў калібру 122-152 мм, — расказвае экспэрт у галіне ўзбраеньняў Аляксандар Алесін. — Я пра гэта ведаю дакладна, таму што мой таварыш па працы, артылерыст, пасьля ВНУ служыў у адной з частак лейтэнантам і прымаў удзел у вучэбных стрэльбах з выкарыстаньнем такіх снарадаў. Яны прымалі меры бясьпекі, мелі адгазьнікі, касьцюмы хімічнай абароны. Стралялі, верагодна, на адным з палігонаў поўдня краіны, на Палесьсі. Улічвалі ружу вятроў пры гэтым».


Да інфармацыі аб магчымым разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі снарадаў і боегаловак з «Навічком» Аляксандар Алесін ставіцца скептычна. Паводле экспэрта, гэтае рэчыва было распрацаванае ў апошнія гады існаваньня СССР і яго не пасьпелі прыняць на ўзбраеньне.


«Высокапастаўленыя вайскоўцы савецкай эпохі гавораць, што вытворчасьць гэтага газу ў прамысловых маштабах не была разгорнутая, — кажа Алесін. — Формула была атрыманая, невялікія аб’ёмы рэчыва сынтэзавалі, аднак гэта не было маштабнай вытворчасьцю. Я вам магу сказаць толькі гэта. Але ў Беларусі былі ракетныя комплексы Р-17. Яны ўзбройваліся ня толькі ядзернымі боегалоўкамі, але і хімічнымі боепрыпасамі. Таму можна меркаваць, што такая зброя на нашай тэрыторыі разьмяшчалася, хоць інфармацыі пра яе не было. Гэта сакрэтныя рэчы».


На думку экспэрта, калі хімічная зброя была на тэрыторыі Беларусі, яе вывезьлі разам зь ядзернай у пачатку 90-х.

«Тады за вывадам такой зброі зь Беларусі сачылі экспэрты з ЗША, — расказвае Алесін. — Як афіцыйныя, так і неафіцыйныя, так скажам. Таму малаверагодна, што нешта магло застацца».

Сірыйскі хлопчык у шпіталі пасьля хімічнай атакі ва Усходняй Гуце, студзень 2018 году.
Сірыйскі хлопчык у шпіталі пасьля хімічнай атакі ва Усходняй Гуце, студзень 2018 году.


«Запасаў хімічнай зброі ў Беларусі няма і ніколі не было»

Распрацоўка, вытворчасьць, захоўваньне і прымяненьне хімічнай зброі забаронена Канвэнцыяй аб забароне хімічнай зброі.

Беларусь стала адной зь першых дзяржаў, якая падпісала і ратыфікавала гэты дакумэнт у 1996 годзе. За выкананьнем Канвэнцыі сочыць створаная ў 1997 годзе Арганізацыя ў пытаньнях забароны хімічнай зброі (АЗХЗ) са штаб-кватэрай у Гаазе. Канвэнцыю падпісалі амаль усе дзяржавы сьвету. Сярод тых, хто адмаўляецца гэта рабіць, КНДР, Сырыя, Самалі, Паўднёвы Судан і некаторыя іншыя краіны.

«Нашая краіна ня мае і ніколі ня мела запасаў хімічнай зброі і аб’ектаў для яе вытворчасьці», — гаворыцца ў артыкуле пра дзейнасьць АЗХЗ, разьмешчаным на сайце беларускага МЗС.

У той жа час у Беларусі знаходзіцца чатыры прадпрыемствы, да якіх Арганізацыя ў пытаньнях забароны хімічнай зброі пэрыядычна праяўляе цікавасьць. Гэта «Гродна Азот», наваполацкі «Палімір», «Магілёўхімвалакно» і лідзкая «Лякафарба». Іх дзейнасьць правяраюць міжнародныя камісіі. Акрамя гэтага, Беларусь штогод падае справаздачу ў АЗХЗ са зьвесткамі аб сваёй хімічнай прамысловасьці, экспарце і імпарце рэчываў.

Тым ня менш у эўрапейскіх СМІ зьяўляюцца публікацыі аб магчымым захоўваньні хімічнай зброі беларускай арміяй. У 2004 годзе артыкул пра гэта надрукаваў польскі штотыднёвік Wprost. Яго аўтары са спасылкай на беларускіх журналістаў сьцьвярджалі, што ў ваколіцах Старых Дарог былі зафіксаваныя падазроныя аўтацыстэрны, у якіх магла знаходзіцца хімічная зброя. Больш канкрэтнай інфармацыі ў артыкуле не прыводзілася.

Экспэрт Аляксандар Алесін ставіцца да такіх паведамленьняў скептычна.

«Я думаю, у захоўваньні хімічнай зброі на тэрыторыі Беларусі няма сэнсу, мы б не атрымалі вялікіх вайсковых пераваг дзякуючы гэтаму, — мяркуе экспэрт. — А іміджавыя страты былі б калясальнымі. Беларусь далучылася да ўсіх міжнародных пагадненьняў аб непрымяненьні хімічных боепрыпасаў, мае абавязаньні перад сусьветнай супольнасьцю. Магчымыя іміджавыя страты непараўнальныя з той ваеннай выгадай, якую тэарэтычна можа даць валоданьне хімічнай зброяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG