Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: яд, якім атруцілі Скрыпаля, знаходзіўся ў валізцы ягонай дачкі


Супрацоўнікі брытанскай службы надзвычайных сытуацый у камплектах біялягічнай абароны на месцы, дзе знайшлі атручаных. Солсбэры, 8 сакавіка 2018 году
Супрацоўнікі брытанскай службы надзвычайных сытуацый у камплектах біялягічнай абароны на месцы, дзе знайшлі атручаных. Солсбэры, 8 сакавіка 2018 году

Нэрвова-паралітычнае рэчыва, якім быў атручаны былы афіцэр ГРУ Сяргей Скрыпаль, было ўвезена ў Вялікую Брытанію ў чамадане ягонай дачкі Юліі, якая прыляцела 3 сакавіка з Расеі. Аднак яна не ўсьведамляла гэты факт. Пра гэта піша The Telegraph са спасылкай на крыніцы ў брытанскіх спэцслужбах.

Як расказалі суразмоўцы выданьня, цяпер сьледчыя вывучаюць вэрсію пра тое, што рэчыва яшчэ ў Расеі было нанесена на адзеньне, у касмэтыку або падарункі, якія распакавалі ў доме Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры. Адна з крыніц выданьня сьцьвярджае, што ў кватэру Юліі ў Маскве маглі лёгка пранікнуць людзі, якія і падклалі атруту ў яе багаж.

У брытанскіх спэцслужбах ужо адмовіліся ад вэрсіі, згодна зь якой арганізатары хімічнай атакі самі трапілі на тэрыторыю Вялікай Брытаніі з атрутным рэчывам, піша The Telegraph. Як мяркуюць сьледчыя, паліцыянт Нік Бэйлі, шпіталізаваны з прыкметамі моцнага атручваньня нэрвова-паралітычным рэчывам, мог зазнаць узьдзеяньне яду не на месцы, дзе былі выяўленыя непрытомнымі Скрыпаль і ягоная дачка, як меркавалася раней, а ў доме былога афіцэра ГРУ.

Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй абвінаваціла ў атручваньні Скрыпаля Расею. Лідэры Брытаніі, ЗША, Нямеччыны і Францыі заклікалі Маскву даць Арганізацыі па забароне хімічнай зброі інфармацыю аб рэчыве «Навічок», якое, як сьцьвярджаецца, было выкарыстана пры нападзе на былога афіцэра ГРУ.

14 сакавіка Тэрэза Мэй абвясьціла аб высылцы 23 расейскіх дыпляматаў. Гэтыя захады падтрымалі ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША. Аб распрацоўцы падобных санкцый таксама абвясьціў прэзыдэнт Францыі. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў паабяцаў у адказ выслаць брытанскіх дыпляматаў. Колькі менавіта дыпляматаў будзе выслана і калі гэта адбудзецца, пакуль невядома.

4 сакавіка Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі шпіталізаваныя ў крытычным стане праз атручваньне нэрвова-паралітычным рэчывам. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогу за сваё жыцьцё.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG