Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнік «Навічка»: «У Маскве былі ўпэўненыя, што сьляды ня выявяць»


Віл Мірзаянаў, савецкі хімік і адзін са стваральнікаў "Навічка". 13 сакавіка 2018 г.
Віл Мірзаянаў, савецкі хімік і адзін са стваральнікаў "Навічка". 13 сакавіка 2018 г.

Пра тое, як брытанскія сьледчыя здолелі выявіць, якое менавіта рэчыва было выкарыстана для атручваньня былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля, і чаму расейскія афіцыйныя асобы пастаянна патрабуюць ад Лёндану «дзейнічаць у строгай адпаведнасьці з Канвэнцыяй аб забароне хімічнай зброі», рускай службе «Галасу Амэрыкі» распавёў спэцыяліст у галіне хімічнай зброі, вучоны Віл Мірзаянаў, які ў 1992 годзе ўпершыню расказаў журналістам пра існаваньне клясы звыштаксічных атрутных рэчываў «Навічок».

— Вы ўдзельнічалі ў распрацоўцы ўнікальных савецкіх хімічных атрутных рэчываў нэрвова-паралітычнага дзеяньня, вядомых сёньня як «Навічок». Пры гэтым вы сьцьвярджаеце, што падобнай зброі няма і ніколі не было ў ніводнай краіне сьвету, акрамя Расеі. Як брытанскія сьледчыя здолелі выявіць, якое менавіта рэчыва было выкарыстана для атручваньня Сяргея Скрыпаля?

— Для таго, каб выявіць, які «прэпарат» быў выкарыстаны ў дадзеным выпадку, вам неабходна мець доступ да магутнага мас-спэктрамэтру высокага разрозьненьня, у «бібліятэцы» якога знаходзяцца спэктры ўсіх вядомых на сёньня злучэньняў. Узятая проба параўноўваецца з ужо вядомымі, і кампутар паказвае спэктар з 96-працэнтнай верагоднасьцю. Гэта значыць, што памылкі тут быць ня можа.

— Але для гэтага ў сьледчых павінен быць нейкі ўзор?

— Гэта звычайныя працэдуры. Можна ўзяць кроў, мачу, экстрагаваць з адзеньня з дапамогай растваральнікаў. Ёсьць мноства спосабаў.

— Расейскія афіцыйныя асобы неаднаразова заяўлялі, што хімікат, выкарыстаны для атручваньня экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля, мог быць выраблены ў іншых краінах, у тым ліку ў Вялікабрытаніі. Вы кажаце, што ў Англіі былі ўзоры «Навічка».

— Ангельцы цалкам маглі сынтэзаваць яго на аснове тых формул, якія я апублікаваў у сваёй кнізе, што выйшла ў сьвет у 2008 годзе (State Secrets: An Insider’s Chronicle of the Russian Chemical Weapons Program Secrets — РС). Кожная краіна самастойна клапоціцца пра сваю бясьпеку, і ў рамках вывучэньня магчымых пагроз можна было стварыць узор.

Так што досьледныя ўзоры маглі быць у многіх краін, але вытворчасьць была наладжаная толькі ў СССР і Расеі.

— Вы апублікавалі гэтыя формулы цалкам?

— Цалкам. Я падазраваў, што нешта падобнае (замаху на С.Скрыпаля — РС) можа здарыцца, і таму вельмі даўно, пачынаючы ад 1992 году, дамагаўся ўключэньня «Навічка» у сьпіс афіцыйна забароненых хімічных злучэньняў. Але гэта можа зрабіць толькі Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ), узгадніўшы такое рашэньне з усімі краінамі-удзельніцамі канвэнцыі.

Пасьля таго, як мая кніга была апублікавана, гэтая праблема абмяркоўвалася на адным з пасяджэньняў у штаб-кватэры АЗХЗ, і, наколькі мне вядома, ніякага рашэньня прынята не было.

— Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, адказваючы на прэтэнзіі брытанскага боку, абвінаваціў Лёндан у невыкананьні патрабаваньняў Канвэнцыі па забароне хімічнай зброі.

— АЗХЗ якраз у рамках гэтай Канвэнцыі можа працаваць толькі з рэчывамі, якія знаходзяцца ў сьпісе забароненых. «Навічка» у гэтым сьпісе няма, і, значыць, штаб-кватэра гэтай арганізацыі не разьмяшчае мэтодыкі па распазнаньні «прэпарату».

— Упершыню вы заявілі пра існаваньне «Навічка» у 1992 годзе. Гэтую зброю маглі з тых часоў удасканаліць? Наколькі можна быць упэўненым, што гаворка ў дадзеным выпадку ня йдзе пра зусім іншае злучэньне з падобнымі характарыстыкамі?

— Удасканаліць, зразумела, маглі, але «шкілет» прэпарату застаецца нязьменным. «Навічок» адрозьніваецца ад усіх без выключэньня нэрвова-паралітычных газаў тым, што ў яго аснове знаходзіцца сувязь фосфару і азоту. Усе астатнія атрутныя рэчывы такой сувязі ня маюць, так што «Навічок» уяўляе сабой прынцыпова новую клясу.

Галоўны будынак «ГСНИИОХТ», дзе праходзіла распрацоўка рэчыва
Галоўны будынак «ГСНИИОХТ», дзе праходзіла распрацоўка рэчыва

— «Навічок» быў створаны ў Дзяржаўным навукова-дасьледчым інстытуце арганічнай хіміі і тэхналёгіі («ГСНИИОХТ») яшчэ ў канцы 1980-х. Працуючы над гэтым праектам, вы меркавалі, што ён можа быць выкарыстаны ў такіх выпадках, як «справа Скрыпаля»?

— За савецкім часам мы заўсёды працавалі разам з КДБ. Калі Маркава (баўгарскі пісьменьнік Георгі Маркаў, забіты ў Лёндане ў 1978 годзе — РС) забілі, то ў нападзе быў выкарыстаны рыцын, атрыманы ў нашай лябараторыі. Але прыладамі забойства мы не займаліся, для гэтага ў КДБ была свая ўласная лябараторыя.

Кніга Віла Міразянава, у якой навуковец распавядае пра стварэньне хімічнай зброі ў СССР і Расеі
Кніга Віла Міразянава, у якой навуковец распавядае пра стварэньне хімічнай зброі ў СССР і Расеі

— Расейскія афіцыйныя асобы сьцьвярджалі, што створаны вамі «прэпарат» мог апынуцца ў рэспубліках былога СССР. У якасьці крыніцы паходжаньня, напрыклад, называлі Грузію і Ўзбэкістан.

— Гэта пустая балбатня. Савецкі Саюз разваліўся 27 гадоў таму, і калі дзесьці ў рэспубліках і быў чысты «Навічок», ён ужо даўно распаўся, і не падыходзіць у якасьці зброі.

Любое хімічнае атрутнае рэчыва распадаецца, і не існуе злучэньня, якое захоўвала б свае ўласьцівасьці на працягу доўгага часу. У першы год губляецца 2 адсотка, у другі — 3, а ўтвораныя прадукты раскладаньня паскараюць працэс распаду. Менавіта таму захоўваньне і ўтылізацыя атрутных рэчываў — гэта вялікая праблема, якая, да таго ж, абыходзіцца даражэй, чым вытворчасьць.

— Вы казалі, што падчас замаху на Скрыпаля і яго дачку магла быць выкарыстана бінарная зброя...

— Так. Менавіта з-за цяжкасьцяў у захоўваньні і ўтылізацыі зараз ніхто ня будзе вырабляць так званы «канчатковы прадукт». Будуць вырабляць кампанэнты, адносна бясшкодныя паасобку «складовыя часткі», якія злучаюцца непасрэдна перад ужываньнем.

— І такую вытворчасьць можна схаваць?

— Так. Напрыклад, адначасова з распрацоўкай пэрспэктыўнага рэчыва, калі ўжо праходзяць паэтапныя выпрабаваньні, распрацоўваецца сельскагаспадарчы пэстыцыд, які па сваіх характарыстыках у асноўным паўтарае гэтае рэчыва. Гэта значыць, вытворчасьць так званых «паўпрадуктаў», якія зьяўляюцца кампанэнтамі бінарнай зброі, можа весьціся цалкам афіцыйна. На нейкім прадпрыемстве могуць выконваць плян па вытворчасьці пэстыцыдаў, нават не падазраючы, што на самой справе вырабляюць хімічную зброю.

— З вашага пункту гледжаньня, наколькі лёгка было правезьці падобныя рэчывы празь межы і затым выкарыстоўваць іх?

— Гэта ня вельмі складана. Патрэбныя дзьве шкляныя ампулы, якой-небудзь агент для стварэньня высокага ціску, напрыклад — лёгкі лятучы бэнзін. Ампулы перад ужываньнем трэба разьбіць, а зьмяшаныя рэчывы дадуць патрэбную сумесь. Затым, у якасьці аэразолю, яе можна разьвеяць. Але гэта вельмі грубы варыянт, і я ўпэўнены, што ў ФСБ маглі прыдумаць больш дасканалы спосаб.

На месцы замаху на Сяргея Скрыпаля
На месцы замаху на Сяргея Скрыпаля

— Вы лічыце, што замах на экс-палкоўніка Скрыпаля быў «падкрэсьлена дэманстратыўным». Гэта значыць, выканаўцы загадзя разьлічвалі на тое, што сьляды «Навічка» знойдуць?

— Я так ня думаю. Гэта сапраўды дэманстратыўная расправа, але на мой погляд, у Маскве былі ўпэўненыя, што сьляды рэчыва ніхто ня выявіць. Гэтага «прэпарату» афіцыйна не існуе, ён ня згадваецца ў ніводным са сьпісаў Арганізацыі па забароне хімічнай зброі. Амаль 30 гадоў ніхто не займаўся яго распрацоўкай. Для мяне відавочна, што ў Маскве разьлічвалі на тое, што іх ніхто ня зловіць.

— Але формулу «Навічка» вы апублікавалі яшчэ восем гадоў таму...

— Я ня ведаю, ці бачылі ў ФСБ маю кнігу. Магчыма, у адным з упраўленьняў яе прачыталі, а ў іншым, якое рыхтавала замах, пра гэта нічога ня чулі.

— Пасьля інцыдэнту зь Сяргеем Скрыпалем да вас, як да аднаго са стваральнікаў «Навічка», зьвярталіся прадстаўнікі АЗХЗ або якіх-небудзь міжнародных арганізацыяў?

— Не, да мяне ніхто не зьвяртаўся, акрамя журналістаў, — сказаў у інтэрвію рускай службе «Голасу Амэрыкі» Віл Мірзаянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG