Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі Расея магла гэта зрабіць», — распрацоўнік рэчыва «Новичок» пра атручваньне Скрыпаля 


Брытанская газэта Telegraph ўзяла інтэрвію ў хіміка Віла Мірзаянава, былога супрацоўніка саратаўскага Дзяржаўнага навукова-дасьледчага інстытуту арганічнай хіміі і тэхналёгіі, дзе распрацоўвалася атрутнае рэчыва «Новичок». У 90-я гады на Мірзаянава ў Расеі была заведзеная крымінальная справа аб разгалошваньні дзяржаўнай таямніцы пасьля таго, як ён раскрыў дэталі распрацовак інстытуту. Цяпер хімік жыве ў штаце Нью-Джэрзі ў ЗША.

Паводле прагнозу Мірзаянава, калі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію сапраўды атруцілі рэчывам «Новичок», дык нават пры спрыяльным разьвіцьці падзей яны наўрад ці змогуць цалкам паправіцца.

Іх практычна немагчыма вылечыць.

«Іх практычна немагчыма вылечыць. Ён (яд) мінімум у 10 разоў больш магутны, чым любое вядомае атрутнае рэчыва нэрвова-паралітычнага дзеяньня. Гэтыя людзі, мужчына і яго дачка, сышлі. Нават калі яны выжывуць, яны не паправяцца», — заявіў хімік.

Прэм’ер-міністарка Брытаніі Тэрэза Мэй раней паведаміла, што Скрыпаль і яго дачка атрымалі антыдот, але па стане на аўторак абодва па-ранейшаму знаходзяцца ў коме.

Мірзаянаў лічыць, што ў Солсбэры маглі завезьці два асобныя бясшкодныя кампанэнты (прэкурсары) і ўжо ў Вялікабрытаніі злучылі іх у аэразоль.

«Нават 10 грамаў рэчыва ўжо шмат. У летні час ўсяго двух грамаў будзе дастаткова, каб забіць 500 чалавек», — сказаў ён.

У летні час ўсяго двух грамаў будзе дастаткова, каб забіць 500 чалавек.

Мірзаянаў заявіў, што формулу «Новичок» у Расеі не рассакрэчваюць, і таму «неймаверна», каб гэтае рэчыва магла выкарыстоўваць іншая краіна:

«Толькі Расея магла гэта зрабіць... Яны могуць адправіць яго куды заўгодна ў дыпляматычным багажы», — лічыць хімік.

*****

У самым Дзяржаўным навукова-дасьледчым інстытуце арганічнай хіміі і тэхналёгіі заявілі, што на прадпрыемстве «дзейнічае рэжым сакрэтнасьці», і таму інфармацыю аб атручваньні Скрыпаля там камэнтаваць ня будуць.

Экс-кіраўнік ФСБ, чалец камітэту Дзярждумы Расеі па бясьпецы Мікалай Кавалёў заявіў, што «Новичок» мог захоўвацца на тэрыторыі любой былой рэспублікі СССР, у тым ліку ва Ўкраіне:

«З улікам таго, што захоўвалася гэта ўсё на тэрыторыі рэспублік былога Савецкага Саюзу, то тут, прабачце, ня выключаны і ўкраінскі сьлед,» — сказаў ён.

Чалец Савету Фэдэрацыі ад Разанскай вобласьці Ігар Марозаў (ён скончыў Інстытут КДБ СССР і доўгі час служыў у ФСБ) пасьля ультыматуму Мэй сказаў, што Расея зьнішчыла апошні кіляграм баявых атрутных рэчываў у верасьні 2017 году, а вытворчасьць хімічнай зброі спыніла яшчэ ў 1990-я гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG