Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі: Расея пагражае сыстэме глябальнай бясьпекі


Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан

Кіраўнік брытанскага МЗС назваў атручэньне Скрыпаля праявай «неразумных паводзінаў» Пуціна.

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі заявіў, што Расея пагражае «самай архітэктуры глябальнай бясьпекі» і заклікаў усё «адказныя» краіны заняць прынцыповую пазыцыю ў дачыненьні такіх паводзінаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Артыкул Борыса Джонсана ў газэце Washington Post зьявіўся пасьля таго, як брытанскі ўрад абвясьціў пра выдварэньне 23 расейскіх дыпляматаў і шэраг іншых санкцый у сувязі з атакай на былога шпіёна Сяргея Скрыпаля з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва, створанага для ваенных мэтаў.

«Я інтэрпрэтую гэты інцыдэнт як элемэнт неразумных паводзінаў прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна», — гаворыцца ў артыкуле Джонсана.

«У якасьці пастаяннага чальца Рады Бясьпекі ААН Расея мае асаблівы абавязак падтрымліваць правілы добрапрыстойных міжнародных паводзінаў, — прадоўжыў міністар. — Калі яна робіць прама супрацьлеглае і топча гэтыя правілы, Крэмль пагражае самой архітэктуры глябальнай бясьпекі. Усе адказныя краіны абавязаны займаць прынцыповую пазыцыю ў дачыненьні такіх паводзінаў».

Паводле Джонсана, «безразважнае грэбаваньне Крамлём асноватворнымі міжнароднымі правіламі» зьвязвае атручваньне ў Солсбэры з анэксіяй Крыму, кібэратакамі ва Ўкраіне, хакерскімі нападамі на парлямэнт Нямеччыны і расейскім умяшаньнем у выбары за мяжой.

Кіраўнік брытанскага МЗС лічыць, што Расея прыкладае велізарныя намаганьні для ўтойваньня выпадкаў прымяненьня хімічнай зброі рэжымам Асада ў Сырыі.

«Я б правёў сувязь паміж патураньнем Пуціна злачынствам Асада ў Сырыі і відавочнай гатоўнасьцю расейскай дзяржавы ўжыць хімічную зброю на брытанскай тэрыторыі», — указаў міністар.

Паводле яго, у Расеі была прычына для выкарыстаньня нэрвова-паралітычнага агента «Навічок», тайна распрацаванага ў былым Савецкім Саюзе ў 1970-1980-х гадах.

«Сваёй непрыхаванай расейскасьцю прымяненьне нэрвова-паралітычнага агента накіроўвае сыгнал усім, хто, магчыма, падумвае пра дысыдэнцтва ва ўмовах рэпрэсій у пуцінскай Расеі, якія ўсё ўзмацняюцца, — піша ён. — Гэты сыгнал выразны: мы знойдзем вас, зловім вас, заб’ём вас, і хоць мы будзем з пагардлівай усьмешкай усё адмаўляць, сьвет ня будзе мець сумневаў, што гэта зрабіла Расея».

Паводле Джонсана, Вялікая Брытанія спрабуе падтрымліваць правілы, на якіх грунтуецца бясьпека кожнай краіны.

«Я спадзяюся і веру, што нашы сябры будуць на нашым баку», — рэзюмаваў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG