Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў: Масква ня будзе адказваць на брытанскія запыты


Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

Расея ня будзе адказваць на запыты Вялікабрытаніі ў сувязі з атручваньнем былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля да таго часу, пакуль Маскве не дадуць доступу да матэрыялаў справы. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

Паводле міністра, Расея ўжо запытвала ў брытанскіх уладаў доступ да рэчыва, якім былі атручаны Скрыпаль і яго дачка, але атрымала адмову. Лаўроў растлумачыў, што Масква зрабіла гэты запыт у сувязі з тым, што дачка Скрыпаля, Юлія, зьяўляецца грамадзянкай Расеі. Лёндан, замест таго, каб вылучаць ультыматумы Расіі, павінен выканаць свае абавязаньні ў межах Канвэнцыі па забароне хімічнай зброі, заявіў Лаўроў.

Напярэдадні прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, выступаючы ў брытанскім парлямэнце, заявіла, што, на думку сьледчых, супраць Скрыпаля і яго дачкі ўжылі нэрвова-паралітычнае рэчыва «Новичок», распрацаванае ў СССР. У гэтай сувязі Мэй адзначыла, што магчымыя толькі два варыянты: альбо Расея ўжыла супраць Вялікабрытаніі баявое атрутнае рэчыва, альбо Масква настолькі дрэнна кантралюе свае ваенныя распрацоўкі, што яны трапілі ў трэція рукі. Мэй дала Расеі адны суткі, каб растлумачыць, як рэчыва патрапіла ў Вялікабрытанію. Пасьля заканчэньня гэтага тэрміну брытанскія ўлады маюць афіцыйна абвясьціць пра меры ў адказ на адрас Расеі.

Тэрэза Мэй выступае ў брытанскім парлямэнце 12 сакавіка
Тэрэза Мэй выступае ў брытанскім парлямэнце 12 сакавіка

У расейскім Дзяржаўным навукова-дасьледчым інстытуце арганічнай хіміі і тэхналёгіі, дзе ў савецкі час быў распрацаваны нэрвова-паралітычны газ «Навічок», заявілі, што на прадпрыемстве «дзейнічае рэжым сакрэтнасьці», і таму інфармацыю аб атручваньні Скрыпаля там камэнтаваць ня будуць. У верасьні 2017 году ўлады Расеі абвясьцілі аб тым, што цалкам зьнішчылі ўсю сваю хімічную зброю.

Раней прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава назвала выступ Тэрэзы Мэй у брытанскім парлямэнце «цыркавым прадстаўленьнем».

Крамлёўскія атруты: брытанскія журналісты кажуць пра падабенства паміж справамі Скрыпаля і Літвіненкі

4 сакавіка былы афіцэр ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя ў бальніцу ангельскага горада Солсбэры ў крытычным стане пасьля атручэньня. Па стане на раніцу аўторка Скрыпаль і яго дачка, а таксама сяржант паліцыі Нік Бэйлі, які першым прыбыў на месца здарэньня, застаюцца ў бальніцы. Стан паліцэйскага палепшыўся, ён выйшаў з комы.

Паліцыя каля гандлёвага цэнтру ў Солсбэры, дзе 4 сакавіка быў знойдзены Скрыпаль і ягоная дачка. 12 сакавіка 2018 году.
Паліцыя каля гандлёвага цэнтру ў Солсбэры, дзе 4 сакавіка быў знойдзены Скрыпаль і ягоная дачка. 12 сакавіка 2018 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG