Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія лідэры падтрымалі крокі Брытаніі супраць Расеі


Паседжаньне Рады бясьпекі ААН (архіўнае фота)

Рады бясьпекі ААН сабралася на тэрміновае паседжаньне для расьсьледаваньня замаху на экс-палкоўніка расейскай вайсковай выведкі Сяргея Скрыпаля і на яго дачку Юлію. 4 сакавіка іх знайшлі ў брытанскім горадзе Солсбэры з прыкметамі атручэньня нэрвова-паралітычным рэчывам. Тэрміновага скліканьня Рады бясьпекі раней запатрабавала Вялікабрытанія.

На паседжаньні прадстаўніца ЗША Нікі Гэйлі падтрымала пазыцыю Брытаніі, заявіўшы, што за замах на Скрыпаля і ягоную дачку нясе адказнасьць Расея.

У 2006 годзе Сяргея Скрыпаля асудзілі ў Расеі па абвінавачваньні ў шпіянажы на карысьць Вялікабрытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. 4 сакавіка Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя ў крытычным стане пасьля атручэньня нэрвова-паралітычным рэчывам. У бальніцы апынуўся і паліцыянт, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні. Раней паведамлялася, што былы афіцэр расейскай спэцслужбы ГРУ за некалькі дзён да атручваньня паведамляў брытанскай паліцыі, што непакоіцца за сваё жыцьцё.

14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй ўсклала адказнасьць за замах на Скрыпаля на Расею і абвясьціла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў з Вялікабрытаніі. У Міністэсртве замежных спраў Расеі заявілі пра хуткія меры ў адказ і абвінавацілі Лёндан у правядзеньні антырасейскай кампаніі.

Экспэрт працуе каля месца, дзе найшлі Скрыпаля і ягоную дачку. 13 сакавіка 2018 году
Экспэрт працуе каля месца, дзе найшлі Скрыпаля і ягоную дачку. 13 сакавіка 2018 году

Кіраўнік Эўрапейскай рады Дональд Туск у сваім твітэры напісаў, што цалкам салідарны з заявай Тэрэзы Мэй. Туск адзначыў, што «справу Скрыпаля» на наступным тыдні абмяркуюць удзельнікі саміту Эўразьвязу.

Таксама стала вядома, што Мэй абмеркавала сытуацыю зь лідэрамі ЗША, Нямеччыны і Францыі.

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель заявіла, што Бэрлін сур’ёзна ставіцца да дадзеных брытанскага ўрада. Пры гэтым яна адзначыла, што Эўропа павінна весьці перамовы з Расеяй, нягледзячы на разыходжаньне пазыцый.

Прэзыдэнт ЗША падтрымаў пазыцыю Лёндану. Дональд Трамп заявіў, што лічыць вельмі верагоднай датычнасьць Масквы да атручваньня Скрыпаля.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон раней асудзіў напад ў Солсбэры. Разам з тым прадстаўнік францускага ўраду заявіў, што Парыж разьлічвае атрымаць доказы датычнасьці Масквы да злачынства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG