Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША прапануюць унесьці Расею ў сьпіс краінаў — спонсараў тэрарызму


Сэнатар-дэмакрат Робэрт Мэнэндэс

Сэнатар-дэмакрат Робэрт Мэнэндэс заклікаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа разгледзець пытаньне аб уключэньні Расеі ў сьпіс краінаў, якія спансуюць тэрарызм, у сувязі з атручваньнем былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля. Пра пазыцыю чальца сэнацкага камітэту замежных спраў паведамляе The Washington Examiner.

На думку Робэрта Мэнэндэса, улады ЗША павінны ўвесьці новыя санкцыі ў дачыненьні Расеі за парушэньне забароны на выкарыстаньне хімічнай зброі, як гэта было з Паўночнай Карэяй пасьля атручваньня крэўнага брата лідэра КНДР Кім Чэн Ына.

Паводле сэнатара, ЗША павінны падтрымаць Вялікую Брытанію ў сувязі з атручваньнем Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», распрацаваным у Расеі. Ён заклікаў Трампа прызнаць небясьпеку, якую расейскі ўрад працягвае ўяўляць для амэрыканцаў і сяброў ЗША па ўсім сьвеце.

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй абмеркавалі «справу Скрыпаля» па тэлефоне. Абое пагадзіліся, што тыя, хто ўжыў жахлівыя сродкі, груба парушыўшы міжнародныя нормы, мусяць адказаць за зробленае. У размове Трампа і Мэй Расея ня згадвалася, паведамляе амэрыканскае выданьне Politico.

12 сакавіка Тэрэза Мэй заявіла ў парлямэнце пра высокую ступень імавернасьці, што за спробай забойства Скрыпаля, былога расейскага двайнога агента, стаіць Крэмль.

Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія, атручаныя 4 сакавіка ў ангельскім горадзе Солсбэры, застаюцца ў бальніцы ў крытычным стане.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG