Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навічок», якім у Лёндане атруцілі былога расейскага выведніка, мог захоўвацца ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Расейскі хімік Віл Мірзаянаў расказаў BBC, што распрацоўка рэчыва «Навічок», якім у Лёндане атруцілі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку, у Расеі ніколі не спынялася.

Паводле Віла Мірзаянава, якога называюць стваральнікам «Навічка» і які на пачатку 1990-х расказаў сьвету пра савецкую хімічную зброю, «былі зьвесткі», што ракеты сярэдняга і дальняга дзеяньня з рэчывам у пэўны час памясьцілі на паўночны захад Беларусі.

Але калі Расея падпісала Канвэнцыю аб забароне хімічнай зброі ў 1993 годзе, ракеты адвезьлі ў Расею і цягам двух год зьнішчалі ў Шыханах, што ў Саратаўскай вобласьці — там, дзе і выраблялі.

На паўночным захадзе Беларусі не было ракетных часьцей, затое былі ў Полацкім і Лепельскім раёне, што на поўначы краіны. У Лепельскім раёне знаходзілася і ракетнае сховішча.

Выпрабаваньні «Навічка» ў СССР праводзілі толькі на жывёлах, але не на людзях. Распрацоўку працягнулі, распрацавалі палепшаную формулу. Паводле Мірзаянава, «Навічок» у 10 раз мацнейшы за папярэднія нэрвова-паралітычныя газы. Атручваньне выклікае нэрвовыя канвульсіі, спыненьне дыханьня і сьмерць. Калі атручаны не памірае, «Навічок» усё роўна наносіць непапраўную шкоду арганізму.

Існуе «бінарны» варыянт «Навічка»: каб атрымаць атруту, дастаткова зьмяшаць два амаль ня шкодных рэчывы, якія тэарэтычна можна сынтэзаваць дзе заўгодна.

Брытанскія праваахоўнікі і дыпляматы шэрагу заходніх краінаў мяркуюць, што замах на Скрыпаля быў учынены расейцамі – магчыма нават, з асабістага загаду Ўладзіміра Пуціна. Вялікая Брытанія вырашыла выслаць расейскіх дыпляматаў з краіны і замарозіць актывы расейскіх алігархаў, Расея ў адказ высылае брытанскіх дыпляматаў.

«Толькі Расея магла гэта зрабіць», — распрацоўнік рэчыва «Новичок» пра атручваньне Скрыпаля

Стваральнік «Навічка»: «У Маскве былі ўпэўненыя, што сьляды ня выявяць»

Ахвяры «Навічка». Гісторыя яду, які фігуруе ў справе аб атручэньні ў Солсбэры

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG