Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Guardian: расейскага перабежчыка атруцілі нэрвова-паралітычным газам


Напярэдадні заявы брытанскай паліцыі наконт рэчыва, якім маглі атруціць экс-супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягную дачку Юлію, у СМІ зьявіліся неафіцыйныя паведамленьні аб ходзе расьсьледаваньня інцыдэнту.

Так, ананімныя суразмоўцы The Guardian распавялі, што, паводле вэрсіі сьледзтва, у дачыненьні да расіяніна і ягонай дачкі было ўжытае атрутнае рэчыва нэрвова-паралітычнага дзеяньня. Крыніцы спасылаюцца на вынікі мэдычных і хімічных дасьледаваньняў. Акрамя таго, на выкарыстаньне нэрвова-паралітычных рэчываў паказваюць наступствы. Найбольш верагодна, што супраць беглага шпіёна выкарысталі зарын або VX-газ. Абодва рэчывы прымяняюцца ў хімічнай зброі.

Паводле дадзеных крыніц выданьня, расьсьледаваньне вядзецца па некалькіх напрамках. У рамках аднаго зь іх высьвятляецца, ці ёсць гэтае нэрвова-паралітычнае рэчыва на тэрыторыі Вялікабрытаніі і скуль яно магло туды трапіць.

Паводле дадзеных Reuters, асноўная вэрсія брытанскай паліцыі заключаецца ў тым, што расейцы выкарыстоўвалі невядомае рэчыва для ліквідацыі Скрыпаля. Паводле амэрыканскай крыніцы, гэта было зроблена ў якасьці помсты за здраду экс-супрацоўніка ГРУ. Эўрапейская крыніца пацьвердзіла, што гэта зьяўляецца асноўнай вэрсіяй сьледзтва. Ніхто з суразмоўцаў не паведаміў, пра якое менавіта рэчыве ідзе гаворка.

Былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія, якія жылі ў Брытаніі, магчыма, сталі ахвярамі атручэньня і знаходзяцца ў крытычным стане ў рэанімацыі ў адным з брытанскіх шпіталёў. Пра гэта заявілі ў сераду брытанскія паліцыянты, якія зьвярнуліся да сьведкаў з просьбай прадставіць любую інфармацыю ў справе аб магчымым атручэньні Скрыпаля, які раней быў асуджаны ў Расеі паводле артыкулу аб шпіянажы, а затым у рамках абмену перададзены Лёндану.

Скрыпаль, якому 66 гадоў, і Юлія, 33 гады, былі знойдзеныя без прытомнасьці ў нядзелю на лаўцы каля гандлёвага цэнтру ў горадзе Солсбэры на поўдні Ангельшчыны. Паліцыя заявіла, што хацела б пагаварыць з кожным, хто наведаў два месцы ў горадзе, дзе, як мяркуюць, пабывалі Скрыпаль і ягоная дачка — піцэрыю «Zizzi» і паб «Bishop’s Mill».

Двое паліцыянтаў, якія апынуліся ў раёне забруджаньня, прайшлі лячэньне ў шпіталі з нагоды нязначных сымптомаў, якія, як мяркуюць, былі зьвязаныя зь сьвербам у вачах. Супрацоўнік службы экстранай дапамогі таксама застаецца ў шпіталі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG