Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты вызначылі рэчыва, якім маглі атруціць расейскага перабежчыка Скрыпаля


Галоўны ўваход у раённы шпіталь Солсбэры, дзе знаходзяцца Скрыпаль і ягоная дачка Юлія
Галоўны ўваход у раённы шпіталь Солсбэры, дзе знаходзяцца Скрыпаль і ягоная дачка Юлія

Экспэрты вызначылі рэчыва, пры дапамозе якога мог быць атручаны Сяргей Скрыпаль, былы агент брытанскай выведкі ў Расеі, перададзены Лёндану пасьля абмену абвінавачанымі ў шпіянажы. Пра гэта паведаміла прадстаўніца МУС Вялікабрытаніі Эмбэр Рад.

Выступаючы пасьля пасяджэньня ўрадавай камісіі ў надзвычайных пытаньнях «Кобра», дзе абмяркоўвалася здарэньне, Рад сказала: «Цяпер мы ведаем больш пра зьмест рэчыва, і паліцыя зробіць сёньня яшчэ адну заяву, дзе паведаміць падрабязнасьці».

Рад таксама перасьцерагла ад спэкуляцыяў у справе. Паводле яе, варта пераканацца, што паліцыя і іншыя службы могуць паўнавартасна працягваць расьсьледаваньне. «Нам трэба захоўваць сябе ў руках і сачыць за тым, каб мы сабралі ўсе магчымыя доказы», — заявіла прадстаўніца ўладаў. Крыніцы, блізкія да брытанскай выведкі, паведамілі, што вынікі таксыкалягічных аналізаў стануць вядомыя найбліжэйшымі днямі.

У сераду ў другой палове дня ў цэнтры Солсбэры аднавілася дзейнасьць паліцыі, калі каля дзясятка паліцэйскіх машын, пажарныхі машын хуткай дапамогі прыбылі ў цэнтар гораду. Увага была засяроджана на Сарум Хаўзе па суседзтве з рэстаранам «Zizzi», адным з месцаў, ачэпленых паліцыяй. Паведамляецца, што цёмнавалосая жанчына была вывезеная супрацоўнікамі паліцыі і дастаўлена ў машыну хуткай дапамогі.

Былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія, якія жылі ў Брытаніі, магчыма, сталі ахвярамі атручэньня і знаходзяцца ў крытычным стане ў рэанімацыі ў адным з брытанскіх шпіталёў. Пра гэта заявілі ў сераду брытанскія паліцыянты, якія зьвярнуліся да сьведкаў з просьбай прадставіць любую інфармацыю ў справе аб магчымым атручэньні Скрыпаля, які раней быў асуджаны ў Расеі паводле артыкулу аб шпіянажы, а затым у рамках абмену перададзены Лёндану.

Скрыпаль, якому 66 гадоў, і Юлія, 33 гады, былі знойдзеныя без прытомнасьці ў нядзелю на лаўцы каля гандлёвага цэнтру ў горадзе Солсбэры на поўдні Ангельшчыны. Паліцыя заявіла, што хацела б пагаварыць з кожным, хто наведаў два месцы ў горадзе, дзе, як мяркуюць, пабывалі Скрыпаль і ягоная дачка — піцэрыю «Zizzi» і паб «Bishop’s Mill».

Двое паліцыянтаў, якія апынуліся ў раёне забруджаньня, прайшлі лячэньне ў шпіталі з нагоды нязначных сымптомаў, якія, як мяркуюць, былі зьвязаныя зь сьвербам у вачах. Супрацоўнік службы экстранай дапамогі таксама застаецца ў шпіталі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG