Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Sky News: Сяргей Скрыпаль «апрытомнеў і можа гаварыць»


Супрацоўнікі ваеннай паліцыі на месцы, дзе знайшлі атручаным Сяргея Скрыпаля.

Шпіталь у Солсбэры, у якім лечыцца былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль пасьля атручваньня 4 сакавіка, паведаміў пра паляпшэньне яго стану. Паводле дадзеных Sky News, былы двайны агент ужо апрытомнеў і можа гаварыць. Тэлеканал не выключае, што неўзабаве ён зможа даць паказаньні па сваёй справе. Раней апрытомнела і яго дачка Юлія.

«Паліцыя неўзабаве зможа перагаварыць з чалавекам, які знаходзіцца ў цэнтры гісторыі з атручваньнем у Солсбэры. Былы расейскі шпіён Сяргей Скрыпаль больш не знаходзіцца ў крытычным стане, добра рэагуе на лячэньне, знаходзіцца ў прытомнасьці і размаўляе», — паведаміў вядучы тэлеканалу, які не прывёў крыніцы гэтых зьвестак, толькі нагадаўшы, што пасьля атручваньня Скрыпаль знаходзіўся ў стане комы.

У пятніцу стала вядома, што брытанскія ўлады адмовілі ў візе сваячцы Скрыпаля Вікторыі. Шэраг пунктаў яе анкеты падаліся брытанскаму пасольству ў Маскве падазронымі. У Брытаніі асьцерагаюцца, што сваячку Скрыпаля можа выкарыстоўваць у сваіх мэтах Крэмль.

Пасол Расеі ў Вялікабрытаніі Аляксандар Якавенка накіраваў у брытанскае міністэрства замежных спраў просьбу аб арганізацыі яго сустрэчы з кіраўніком МЗС Вялікабрытаніі Барысам Джонсанам. Як заявілі ў расейскай амбасадзе, пасол хоча абмеркаваць з Джонсанам расьсьледаваньне атручваньня Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў Солсбэры, а таксама «увесь комплекс двухбаковых адносін».

У МЗС Брытаніі пацьвердзілі атрыманьне запыту і абяцалі адказаць на яго ва ўстаноўленым парадку.

Брытанска-расейскія адносіны рэзка абвастрыліся пасьля замаху на былога агента ГРУ Скрыпаля, адказнасьць за які Лёндан усклаў на Расею. Былі высланы 23 расейскіх дыплямата, гэтую меру падтрымала, выслаўшы пэўную колькасьць расейскіх дыпляматаў, больш за 20 краін.

66-гадовы Сяргей Скрыпаль, асуджаны ў Расеі за шпіянаж на карысьць Вялікабрытаніі, і яго 33-гадовая дачка Юлія былі атручаныя ў Солсбэры нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», распрацаваным у СССР.

Лекары заяўляюць аб паляпшэньні стану Сяргея Скрыпаля

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG