Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі высылае дыпляматаў 23 дзяржаваў


Міністэрства замежных справаў Расеі

Міністэрства замежных справаў Расеі абвясьціла аб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.

Прадстаўнікі дыпляматычных місіяў Альбаніі, Нямеччыны, Даніі, Ірляндыі, Гішпаніі, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Македоніі, Малдовы, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Польшчы, Румыніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швэцыі і Эстоніі павінны пакінуць Расею да 7 красавіка.

Захады закрануць каля 150 дыпляматаў. Акрамя гэтага, у МЗС заявілі, што пакідаюць за сабой права на «захады ў адказ» у дачыненьні да Бэльгіі, Вугоршчыны, Грузіі і Чарнагорыі. Гэтыя краіны таксама выслалі расейскіх дыпляматаў на знак салідарнасьці зь Вялікабрытаніяй.

Раней расейскія ўлады ўжо абвясьцілі пра высылку 60 амэрыканскіх дыпляматаў і закрыцьцё генэральнага консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу. Ад Вялікабрытаніі Крэмль запатрабаваў ураўняць колькасьць супрацоўнікаў брытанскіх дыпляматычных місіяў у Расеі і расейскіх у Лёндане.

Каля 150 расейскіх дыпляматаў былі высланыя з замежных дзяржаваў пасьля таго, як Крэмль адмовіўся адказваць на пытаньні ў справе аб атручэньні ў Вялікабрытаніі былога афіцэра расейскай выведкі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. Іх атруцілі нэрвова-паралітычным рэчывам тыпу «Навічок», вырабленым у СССР. Лёндан назваў гэта замахам з боку Крамля і ўжываньнем хімічнай зброі на тэрыторыі Злучанага Каралеўства. Масква ўсё абвінавачаньні ў «справе Скрыпаля» адхіляе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG