Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Днём абаронцаў Айчыны нешта ня так. 5 прычынаў не сьвяткаваць 23 лютага


Паказальны выступ беларускага спэцназу 23 лютага 2013 году, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі, Расеі, Таджыкістане і Кіргізстане 23 лютага адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны — былы Дзень Савецкай арміі, прыдуманы ў РСФСР у 1922 годзе ў гонар нібыта гадавіны стварэньня Чырвонай арміі ў 1918 годзе.

Савецкае сьвята адзначаецца ў Беларусі ўжо больш як чвэрць стагодзьдзя пасьля таго, як Беларусь выйшла са складу СССР, а самога Саюзу ня стала. І распад СССР — далёка не адзіная прычына адмовіцца калі не ад сьвята абаронцаў Айчыны, то прынамсі ад яго адзначэньня ў гэтую дату.

«Савецкая айчына» забіла сотні тысяч беларусаў

Шэраг краінаў, якія раней уваходзілі ў склад СССР ці былі пад «пільным кантролем» Саветаў, не адзначаюць 23 лютага і іншых камуністычных сьвятаў. Адны завяршаюць знос савецкіх помнікаў і замяняюць савецкія назвы вуліцаў на ўласныя (так у Польшчы і ва Ўкраіне), другія закончылі дэкамунізацыю ўжо даўно (краіны Балтыі).

Ленін быў. 34 гарады і мястэчкі Беларусі, дзе больш няма помніка Леніну

Часта галоўнай прычынай дэкамунізацыі называюць злачынствы бальшавіцкіх уладаў, савецкі тэрор, празь які прайшлі мільёны савецкіх жа грамадзянаў. Дакладная колькасьць беларусаў, якія сталі ахвярамі савецкіх рэпрэсіяў, невядомая, бо адпаведныя архівы КДБ закрытыя. Паводле розных ацэнак, толькі ў часы сталінскага тэрору (а рэпрэсіі былі і да яго, і пасьля) ахвярамі сталі ад 600 тысяч да 1,4 мільёна беларусаў. Беларусы — трэція паводле колькасьці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў сярод народаў, што ўваходзілі ў склад СССР.

Курапаты — месца масавых расстрэлаў у часы сталінскіх рэпрэсіяў, ілюстрацыйнае фота
Курапаты — месца масавых расстрэлаў у часы сталінскіх рэпрэсіяў, ілюстрацыйнае фота

Тым ня менш у Беларусі адзначаюць таксама і Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, як «стагодзьдзе беларускай міліцыі» адзначаюць стагодзьдзе міліцыі савецкай і ставяць у гонар яго помнік царскаму паліцыянту, а Аляксандар Лукашэнка прылічвае сябе да «чэкістаў» і кажа, што ня варта «саромецца старога».

Чырвоная армія не была створаная 23 лютага 1918 году

Дэкрэт аб стварэньні Чырвонай арміі ў Савецкай Расеі быў падпісаны 15 студзеня (паводле юліянскага календара, а паводле грыгарыянскага гэта было 28 студзеня) 1918 году. Апублікаваны ён быў празь 5 дзён. І гісторыя Чырвонай арміі пачалася не зь перамог.

23 лютага 1918 году была апублікаваная адозва Савету Народных Камісараў на чале зь Леніным «Сацыялістычная айчына ў небясьпецы». Яна заклікала даць збройны супраціў нямецкім войскам.

23 лютага 1918 году бальшавікі ўцякалі ад немцаў, — гісторык

«Пакутліва-ганебныя паведамленьні аб адмове палкоў захоўваць пазыцыі, аб адмове абараняць нават нарваўскую лінію, аб невыкананьні загаду зьнішчыць усё і ўсіх пры адступленьні; не гаворым ужо пра ўцёкі, хаос, бязрукасьць, бездапаможнасьць, разгільдзяйства, — пісаў Уладзімір Ленін у гаээце «Правда» 25 лютага 1918 году, праз два дні пасьля адозвы. — У Савецкай рэспублікі няма арміі».

3 сакавіка 1918 году бальшавікі падпісалі зь немцамі Берасьцейскі мір, прызналі паразу Расеі ў Першай усясьветнай вайне
3 сакавіка 1918 году бальшавікі падпісалі зь немцамі Берасьцейскі мір, прызналі паразу Расеі ў Першай усясьветнай вайне

У Беларусі ёсьць свае годныя даты для Дня абаронцаў Айчыны

Cапраўдны дзень Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь — 20 сакавіка. У гэты дзень у 1992 годзе Вярхоўны Савет прыняў пастанову «Аб стварэньні Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь» і закон «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь».

Неафіцыйна шэраг беларусаў адзначае Дзень вайсковай славы 8 верасьня — у памяць аб бітве пад Воршай у 1514 годзе, у якой 30 тысяч ваяроў Вялікага княства Літоўскага і 4 тысячы польскіх перамаглі 80-тысячнае маскоўскае войска.

Акцыя супраць вучэньняў «Захад-2017» у Дзень вайсковай славы 8 верасьня 2017 году
Акцыя супраць вучэньняў «Захад-2017» у Дзень вайсковай славы 8 верасьня 2017 году

27 лістапада 1920 году паўстаў Слуцкі збройны чын — хоць рэгулярная беларуская армія не была тады створаная, а паўстаньне не прынесла Беларусі незалежнасьць ад Саветаў, гадавіну гэтай падзеі таксама штогод адзначаюць неафіцыйна. Актывісты кажуць, «бяз Слуцкага збройнага чыну не было бы незалежнай Беларусі».

Нярэдка ў якасьці «замены 23 лютага» прыводзяцца і іншыя даты, зьвязаныя са значнымі падзеямі ў гісторыі Беларусі і беларускага войска.

Але і ўласна 23 лютага ў беларускай гісторыі была значная дата: у гэты дзень у 1944 годзе была створаная Беларуская краёвая абарона. Гісторыкі і сьведкі тых падзей кажуць, што гэтае фармаваньне хацела адрадзіць незалежную Беларусь. Ды гэта спрэчная нагода для сьвята: фармаваньне было створанае нямецкімі нацыстамі ў час Другой усясьветнай вайны, яно было пад кантролем немцаў і ваявала з савецкімі партызанамі, сярод якіх былі ў тым ліку беларусы.

Гэтае сьвята ўжо не пра абарону Айчыны, а пра шампуні і шкарпэткі

Дзень абаронцаў Айчыны ўжо даўно стаў гендэрным сьвятам: зь ім віншуюць і дзяцей, якія яшчэ не служылі, і мужчынаў, якія ўхіліліся ад войска, але рэдка — жанчын, якія баранілі Айчыну ці патэнцыйна могуць бараніць яе. Дарыць прынята «карысныя дробязі» кшталту шкарпэтак ці шампуняў, ды рэдка нешта зьвязанае з сапраўднай абаронай Айчыны.​

На «Лініі Сталіна», 23 лютага 2013 году, ілюстрацыйнае фота
На «Лініі Сталіна», 23 лютага 2013 году, ілюстрацыйнае фота

Для жанчын у савецкім і сучасным беларускім календары ёсьць адпаведнае гендэрнае сьвята — 8 сакавіка. Цяпер гэта Міжнародны жаночы дзень, але сьвята пад такой назвай да Саветаў адзначалася 19 сакавіка і ў іншыя блізкія даты ў Нямеччыне і іншых эўрапейскіх краінах. На 8 сакавіка яго перанесьлі бальшавікі, і працяглы час яно было сьвятам пераважна ў сацыялістычных краінах, толькі ў 1975 годзе стала міжнародным у поўным сэнсе. Да Саветаў у беларускім календары ні 23 лютага, ні 8 сакавіка не былі «гендэрна-сьвяточнымі» днямі.

Калі ж некаму хочацца павіншаваць мужчынаў з тым, што яны мужчыны, існуе Міжнародны мужчынскі дзень 19 лістапада. Дата зацьверджаная ААН, яна адзначаецца ў больш як 60 краінах. Паводле задумы, у гэты дзень трэба зьвяртаць увагу на гендэрную дыскрымінацыю і няроўнасьць палоў.

Беларускаму войску цяпер павінна быць не да сьвятаў

У 2017 годзе праблемы беларускага войска выявіліся асабліва востра. Спачатку абмяркоўвалі «паказуху» вайсковых парадаў — нагодай стаў небясьпечны «дрыфт» танка ў цэнтры Менску і рэакцыя на здарэньне з боку афіцыйных асобаў войска.

Расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» сталі нагодай для абмеркаваньня незалежнасьці беларускага войска. Занепакоенасьць гэтым выказвалі ўсе суседзі Беларусі , акрамя ўласна Расеі: казалі, Беларусь можа быць выкарыстаная як пляцдарм для расейскай агрэсіі. Расейскія вайскоўцы далі беларусам яшчэ адну нагоду для такіх абмеркаваньняў, «запусьціўшы» на Беларусь незаплянаваную фэйкавую танкавую брыгаду. Беларускія ж вайскоўцы зьдзівілі грамадзян тым, што абвясьцілі ворагам частку Беларусі, назваўшы яе «Вяйшнорыяй».

Вайсковая частка ў Печах, дзе загінуў Аляксандар Коржыч
Вайсковая частка ў Печах, дзе загінуў Аляксандар Коржыч

Пасьля сьмерці салдата Аляксандра Коржыча сталі актыўна абмяркоўваць праблему дзедаўшчыны і гвалту ў войску — выявілася, што ня толькі ў Печах ёсьць такая праблема. Цяпер, кажуць, справу Коржыча «спускаюць на тармазах», а афіцыйныя асобы войска ня хочуць праводзіць шырокае абмеркаваньне праблемы дзедаўшчыны.

Кантрактанай арміі ў Беларусі ня будзе, — міністар абароны

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG