Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму столькі беларусаў за «Вяйшнорыю»? Тлумачаць Быкоўскі, Класкоўскі і Шрайбман


Умоўным ворагам на беларуска-расейскіх вучэньнях «Захад-2017» будзе «Вяйшнорыя»: паводле легенды, заходнія краіны спрабуюць падзяліць Беларусь і стварыць такую дзяржаву, а Беларусь і Расея гэтаму процістаяць. Шмат якія беларусы ў сацсетках перайшлі на бок «Вяйшнорыі» — уяўная краіна стала інтэрнэт-мэмам.

Паводле блогера Эдуарда Пальчыса, «Вяйшнорыя — гэта тая ж Беларусь, толькі ў фармаце мары на пэўнай тэрыторыі. Свабодная, нацыянальная, па-сапраўднаму незалежная. Гэта спантанны мэм паказвае, як беларусам не хапае нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы». Такую думку Пальчыс выказаў у інтэрвію Свабодзе.

Але ці сапраўды беларусам падабаецца ідэя сэпаратызму?

Пост-крымскі сындром і прага ўбачыць іншую Беларусь — Класкоўскі

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі ня згодны з тым, што беларусы сапраўды масава падтрымалі «Вяйшнорыю»: асноўная хваля была на Facebook, а гэта невялікі пласт беларускага грамадзтва, палітызаваны і пераважна апазыцыйны, кажа ён Свабодзе.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Я думаю, што гэты мэм адлюстроўвае прагу часткі беларусаў — прасунутай, крытычна настроенай да сёньняшняга рэжыму — убачыць нейкую іншую Беларусь, такую эўрапейскую, ідэальную. Адсюль хваля такіх жартаў, а разам з тым нейкага натхненьня: вось нібы нават ва ўяўленьні вайсковай касты існуе нейкая „дзяржава“, якая ўвасабляе нейкія іншыя прынцыпы, чым сёньняшні рэжым».

Увагу да «Вяйшнорыі» Класкоўскі таксама тлумачыць тым, што манэўры «Захад-2017» прыцягваюць на парадак большую ўвагу грамадзкасьці, чым папярэднія манэўры. Беларускім чыноўнікам цяпер даводзіцца «тлумачыць, што яны не вярблюды», адзначае ён: даказваць, што Беларусь не зьбіраецца нападаць на іншых ці быць пляцдармам для нападу.

Вайскоўцы заўжды прыдумляюць падобныя назвы для вучэньняў, кажа Класкоўскі, да таго ж яны «ня вельмі спрактыкаваныя ў піяры», таму часта трапляюць у «пасткі падвышанай грамадзкай увагі». І цяпер такая ўвага зьвязаная з анэксіяй украінскага Крыму Расеяй і збройнай агрэсіяй на Данбасе:

«Гэта пост-крымскі сындром, адсюль сапраўды, як сказаў генэрал Белаконеў, той „незразумелы ажыятаж вакол манэўраў“. Але ён акурат зразумелы, — кажа Класкоўскі. — Гэтым разам мо яшчэ і геаграфічныя межы гэтай уяўнай „Вяйшнорыі“ так пікантна выглядаюць: пры жаданьні можна падагнаць розныя вэрсіі, ад супадзеньня з электаральнай мапай Пазьняка ў 1994 годзе да супадзеньня з раёнамі кампактнага пражываньня польскай меншасьці».

Цяпер жа ня столькі зьнешнія сілы дзеляць беларусаў, колькі самі беларускія ўлады, дадае Класкоўскі: на прыхільнікаў і «пятую калёну», на «чэсную і нячэсную прэсу», на больш кансэрватыўную частку, прыхільнікаў аўтарытарнай формы кіраваньня — і болей «прасунутую», праэўрапейскую частку. Такі падзел, кажа ён, найболей трывожны, а іншых патэнцыйна небясьпечных падзелаў, як тыя, што спрыялі канфлікту ва Ўкраіне, сёньня няма.

Раней на вучэньнях ад Беларусі не «аддзялялі» новыя дзяржавы — Быкоўскі

Мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі кажа Свабодзе, што яму не падабаецца сама пастаноўка легенды, што частка тэрыторыі Беларусі аддзяляецца — маўляў, у іншых краінах не было б такіх гульняў, калі б не было падставаў. Звычайна ў вайсковых гульнях гаворка ідзе пра ўмоўных «сініх» і «чырвоных». Раней не было такога, каб на вучэньнях частка тэрыторыі Беларусі «аддзялялася» (у 2003 годзе Беларусь дзялілі акурат на «чырвоную» і «сінюю» дзяржавы, у 2009-м на Беларусь нападаў зьнешні вораг, у 2013-м пранікалі экстрэмісты і тэрарысты...).

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Калі ж «аддзяленьне» ад Беларусі «Вяйшнорыі» пабачыла шырокая публіка, на гэта наклаліся апасеньні, што вучэньні могуць мець нэгатыўныя наступствы, а расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі пасьля вучэньняў.

«Мне здаецца, тут супалі фактары, а шукаць канкрэтнага адказу ня варта: так бывае, што зьбягаецца шэраг акалічнасьцей, нейкая тэма робіцца моднай, — кажа Быкоўскі. — У сацыяльных сетках зьявілася тая зьява, якую называюць хайпам: шмат хто з карыстальнікаў захацеў пакарыстацца хваляй, дадаць сабе лайкаў і вядомасьці. Тут я правёў бы мяжу паміж тым, што робяць абывацелі і палітычныя дзеячы — для палітыкаў было б ня вельмі добра падтрымліваць хайп, ім варта выказаць палітычную пазыцыю».

Быкоўскі згадвае, што пагроза падзелу Беларусі хоць у мінімальнай ступені, але заўсёды існуе. Ён згадвае спробу Міколы Шаляговіча вылучыць Палесьсе як самастойны рэгіён, разважаньні пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі з боку Польшчы і Ўкраіны, змаганьне за школьніцтва на розных мовах і разважаньні пра дазвол школаў на польскай ці ўкраінскай мовах, рэлігійныя адрозьненьні. Зрэшты, сёньня гэта «не стаіць на парадку дня», мяркуе ён.

«Але справакаваць варажнечу магчыма: цяпер няма манаполіі дзяржавы на сродкі масавай камунікацыі, сёньня кожны сам сабе СМІ дзякуючы сацыяльным сеткам, — засьцерагае Быкоўскі. — Калі будзе масіраваная кампанія, шмат хто ня будзе разьбірацца, у чым прычыны, ці ёсьць падставы верыць абвінавачаньням. Шмат хто пачне весьціся на правакацыйныя рэчы».

Ён прыводзіць у прыклад тое, што беларускім СМІ афіцыйна не рэкамэндуюць зьвяртаць увагу на нацыянальнасьць падазраванага ў злачынстве, але згадкі пра нацыянальныя меншасьці сустракаюцца, у тым ліку ў міліцэйскіх зводках. А калі чытаць гэтыя зводкі, можа скласьціся ўражаньне, што гэта не беларусы, а нацыянальныя меншасьці збольшага ўчыняюць злачынствы. І такая маніпуляцыя не абавязкова сьвядомая.

Падзяліць на варожыя групоўкі можна любы народ, але сёньня зьнешнія сілы не зацікаўленыя дзяліць Беларусь, — Шрайбман

«Вяйшнорыя» зачапіла адразу некалькі пластоў сьвядомасьці беларускага «Фэйсбуку», разважае журналіст Арцём Шрайбман, але ў іншых сацсетках і нават СМІ, аўтары якіх не сядзяць на Facebook, гэты мэм ня стаў жыць такім жыцьцём:

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

«Мне здаецца, што Павал Вусаў вельмі трапна назваў гэта палітычнай сублімацыяй, — кажа ён Свабодзе. — Беларусы апошнія тры гады назіраюць за такімі працэсамі ва Ўкраіне, і гэта своеасаблівая праекцыя таго, што там адбываецца, на сябе. Пакуль гэта магчыма зрабіць у фармаце жарту, беларусы проста хочуць паспрабаваць перажыць нейкія эмоцыі, спраектаваць такую ідэальную дзяржаву ў гэтай „Вяйшнорыі“, якую яны хацелі б бачыць у Беларусі ў рэальнасьці».

Але ці рэальна беларусаў падзяліць па такой мяжы? Або па любой іншай мяжы? Шрайбман кажа, што ў гэтым пытаньні ён пэсыміст і згодны са Сьвятланай Алексіевіч, якая казала «дайце танкі, дайце зброю — і каталікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна»:

«Я лічу, што пры належнай прапагандысцкай апрацоўцы можна нават адзін народ, абсалютна не падзелены ніякімі прыкметамі, нават рэлігіяй, падзяліць на варожыя групоўкі, — кажа Шрайбман. — Можна прыгадаць Паўночную і Паўднёвую Карэю. Можна прыгадаць плямёны хуту і тутсі, абсалютна штучна абраныя ў Руандзе — а там дайшло да генацыду.

Я не кажу, што такая сытуацыя рэальная ў Беларусі. Я кажу, што нічога немагчымага тут няма. І ў Беларусі ёсьць пэўныя лініі расколу: і рэлігійная, і палітычная (але яна складзеная не па геаграфічнай прыкмеце: паводле апытаньняў, па-рознаму галасуюць ня захад і ўсход, а горад і сяло). У любым грамадзтве можна знайсьці такія пункты, што калі ўключыць з двух бакоў антаганістычныя прапаганды, то можа дайсьці да канфлікту.

Іншая справа, што я не лічу, што сёньня для гэтага ёсьць нагоды і што нехта са зьнешніх сілаў у гэтым сёньня зацікаўлены».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG