Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэномэн «Вяйшнорыі»


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Вайсковыя вучэньні яшчэ не пачаліся, але ажыятаж вакол іх б’е ўсе рэкорды. Зьяўляюцца ўсё новыя, адзін страшнейшы за другі алармісцкія прагнозы наконт акупацыі Беларусі расейскімі войскамі пад выглядам манэўраў, правакацый супраць суседніх краінаў і інш. Пры тым, што падобныя вучэньні ў 2013 годзе прайшлі ціха, спакойна, амаль незаўважна як для самой Беларусі, так і для суседзяў.

Адразу адзначу, што я не падзяляю гэтых прагнозаў, ня веру ў рознага роду «страшылкі» і жахлівыя сцэнары. Але тут якраз найбольш цікава тое, чаму раптам яны зьявіліся.

Краіны Ўсходняй Эўропы разглядаюць РФ як агрэсара, і сумесныя вучэньні з гэтай дзяржавай на тэрыторыі Беларусі ацэньваюць як пагрозу.

Адна прычына навідавоку. Пасьля Крыму геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне радыкальна зьмянілася. Расея прадэманстравала, што гатовая ўжываць сілу для дасягненьня сваіх мэтаў, і гэта моцна напужала краіны Ўсходняй Эўропы. Яны разглядаюць РФ як агрэсара, і сумесныя вучэньні з гэтай дзяржавай на тэрыторыі Беларусі ацэньваюць як пагрозу.

Але ёсьць і іншыя чыньнікі, якія напружваюць атмасфэру вакол вучэньняў. Справа ў тым, што тры гады пасьля Крыму беларускія ўлады настойліва стваралі новы міжнародны вобраз Беларусі. Афіцыйны Менск пасьлядоўна пазыцыянаваў сябе як міратворцу, донара, правайдара бясьпекі, месцы па ўрэгуляваньню крызісу вакол Украіны, падкрэсьліваў нэўтралітэт, які дэманстравала Беларусь у канфлікце Расеі з Украінай і Захадам. Лукашэнка абвясьціў пра намер перазапусьціць Хэльсынскі працэс. Менск амаль што аб’явіў сябе ці новай Жэнэвай, ці новым Хэльсынкі. Беларускія ўлады ўклалі ў гэтую дыпляматычную канструкцыю дзяржавы-міратворцы вялікі палітычны капітал. І ён ўжо пачаў прыносіць пэўныя дывідэнды.

Гэтыя вайсковыя вучэньні значна падарвалі трохгадовую працу беларускай дыпляматыі, моцна ўдарылі па рэпутацыі краіны, папсавалі статус Беларусі як донара бясьпекі.

Але гэтыя вайсковыя вучэньні значна падарвалі трохгадовую працу беларускай дыпляматыі, моцна ўдарылі па рэпутацыі краіны, папсавалі статус Беларусі як донара бясьпекі. І менавіта гэты дысананс паспрыяў такой міжнароднай і ўнутрыбеларускай рэакцыі.

І, дарэчы, наконт правакацый. Адна зь іх якраз і зьявілася. У самы непатрэбны для Беларусі час. Маю на ўвазе зьнікненьне ў Гомлі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба. Ёсьць сьведчаньні, што яго выкрала расейская ФСБ. Гэта выклікала вялікі розгалас ва Ўкраіне. Беларускія ўлады адмаўляюцца ад датычнасьці да згаданага скандалу. Але, калі нават гэта і так, то ўсё роўна гісторыя з Паўлам Грыбам пацьвярджае падазрэньне, што Расея выкарыстоўвае Беларусь у сваіх інтарэсах, не зважаючы на беларускі сувэрэнітэт. Менавіта пра гэта цьвердзяць замежныя палітыкі і экспэрты ў сувязі з вайсковымі вучэньнямі. У прыватнасьці гэта скандал у пэўным сэнсе пацьвярджае страхі і асьцярогі ўкраінскай дзяржавы і грамадзкасьці з нагоды беларуска-расейскіх манэўраў.

Яшчэ адзін чыньнік, які стаў моцна ўплываць на грамадзкія настроі, гэта фэномэн інтэрнэту як сродку інфармацыі, эфэкт сацыяльных сетак. Яны ўсё больш зьмяншаюць ролю афіцыйных тэлеканалаў, фармуюць мэйнстрым масавых настрояў. Зьвярніце ўвагу, які рэзананс выклікала інфармацыя начальніка генштабу беларускага войска генэрал-маёра Алега Белаконева пра легенду вучэньняў. Умоўны праціўнік, краіна «Вяйшнорыя», адразу стала мэмам Байнэту.

Дарэчы сам брыфінг Алега Белаконева паказаў, наколькі ўлады ня здольныя размаўляць з грамадзтвам. Начальнік генштабу ўсяляк спрабаваў супакоіць грамадзкасьць, суседзяў, абураўся тымі алармісцкімі прагнозамі, якія гучаць адусюль. Але адмовіўся адказваць на пытаньні. Хаця, здавалася б, сама сытуацыя вакол вучэньняў патрабуе шчырай і адкрытай размовы.

Дарэчы, Алег Белаконеў адрынуў прэтэнзіі грамадзкасьці на кантроль ці назіраньне за гэтымі вучэньнямі. Маўляў, гэта справа прафэсіяналаў. «Калі ж вы мяне запросіце ў клініку, дзе праводзяць апэрацыі на сэрцы, я не змагу раіць гэтым людзям. Я не змагу стварыць з такіх жа, як я, групу, якая будзе кантраляваць правядзеньне кантролю», — сказаў генэрал.

Хацеў бы заўважыць, што гэтае аналёгія спадара Белаконева некарэктная. У дэмакратычных краінах даўно існуе такое паняцьце, як грамадзкі кантроль за ўзброенымі сіламі, сілавымі структурамі. Бо гэтыя арганізацыі людзей са зброяй, яны могуць, маюць патэнцыйную магчымасьць навязаць грамадзтву сваю волю, выкарыстаць зброю ў антыграмадзкіх інтарэсах. Таму менавіта за імі патрэбен грамадзкі кантроль, а не за дактарамі, настаўнікамі ці шахтарамі.

І, дарэчы сьмех у сацыяльных сетках з нагоды сцэнару вучэньняў, пацеха вакол «Вяйшнорыі» — гэта такі своеасаблівы, моцна скажоны, беларускі варыянт грамадзкага кантролю за войскам. Калі немагчымы рэальны кантроль, то зьявіўся вось такі віртуальны. Як той казаў, хто жыве ў Беларусі, той 1 красавіка не сьмяецца. Бо ён сьмяецца круглы год.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG