Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі афіцэр заяўляе, што Расея выкрала ягонага сына ў Гомлі


Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Украіны, які служыў у памежных войсках Украіны, а цяпер займаецца стварэньнем капэлянскай службы ў сілавых органах, Ігар Грыб заявіў, што спэцыяльныя службы Расеі выкралі ягонага сына Паўла падчас наведваньня Беларусі.

«24 жніўня мой 19-гадовы сын Паўло паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой кантактаваў толькі праз сацыяльныя сеткі, без асабістага знаёмства, спачатку ў ВK, а потым у Skype. Яна мусіла прыехаць на сустрэчу з Расейскай Фэдэрацыі», — сказаў Свабодзе Ігар Грыб.

Паводле яго, сын плянаваў вярнуцца ў той жа дзень.

«Калі ён не вярнуўся, я паехаў у Гомель на пошукі. Там я высьветліў, што Паўло знаходзіцца ў вышуку на падставе артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу Расеі па абвінавачаньні ў тэрарыстычным акце на запыт ФСБ Расеі па Краснадарскім краі гораду Сочы», — удакладніў афіцэр запасу.

Ігар Грыб дадаў, што дзяжурны Гомельскай памежнай групы паведаміў, што ніякай інфармацыі пра ягонага сына няма, у той жа час ўкраінская памежная служба мае інфармацыю аб перасячэньні ім мяжы праз пункт пропуску «Новая Гута» (Чарнігаўская вобласьць, Украіна) — «Новыя Ярылавічы» (Гомельская вобласьць, Беларусь). «Становіцца зразумелым, што ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы зь дзяўчынай і правяла затрыманьне», — перакананы ён.

Былы памежнік таксама паведаміў, што ягоны сын Паўло ня браў удзелу у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны.

«Праз стан здароўя яму забаронена служыць у сілавых структурах — ён мае інваліднасьць. Ён мусіць стала прымаць падтрымальныя прэпараты, прытрымлівацца адмысловай дыеты. Адсутнасьць лекаў можа прывесьці да фатальных наступстваў. Ня ведаю, ці вядома пра гэта тым правакатарам з ФСБ, якія зладзілі гэтую ганебную акцыю», — дадаў ён.

Паводле Ігара Грыба, ягоны сын быў актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак і часта не падбіраў выразаў у дачыненьні Расеі.

«Магчыма, гэта і стала падставай правакацыйных дзеяньняў ФСБ Расеі. Такім чынам, на гэтым прыкладзе відаць, што Масковія ня спыніцца ні перад чым і пойдзе на любую правакацыю», — перакананы ён.

У той жа час Ігар Грыб адпрэчвае вэрсію, што сытуацыя стала вынікам ягонай дзейнасьці.

«Я служыў да 2009 году, потым звольніўся ў запас, а ў 2015-2016 гадах быў мабілізаваны на 14 месяцаў. Цяпер я дарадца кіраўніка Сінаідальнага ўпраўленьня вайсковага духавенства Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату і займаюся стварэньнем капэлянскай службы ў сілавых структурах. Але я ня думаю, што гэта можа быць зьвязана, бо я ж езьдзіў у Беларусь, і там не было ніякіх дзеяньняў адносна мяне», — патлумачыў Ігар Грыб.

Паводле яго, Дзяржаўная памежная служба Ўкраіна падрыхтавала афіцыйны зварот да беларускіх калегаў, каб высьветліць долю Паўла Грыба. «Ніякіх паведамленьняў з Расеі я не атрымліваў», — дадаў Ігар Грыб.

У прэсавай службе Гомельскай міліцыі не адказалі на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці вядома там пра зьнікненьне грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба і ці вядуцца ягоныя пошукі гомельскай міліцыяй.

«Мне складана адказваць, бо я вас ня бачу і па тэлефоне пра гэта не магу казаць. Зрабіце пісьмовы запыт, і мы вам адкажам», — сказаў карэспандэнту Свабоды супрацоўнік прэсавай службы абласной міліцыі Дашкевіч.

Дыппрадстаўніцтва Ўкраіны ў Менску запатрабавала вызначыць месцазнаходжаньне ўкраінскага грамадзяніна. З гэтай прычыны накіраваная нота ў МЗС Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG