Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі ўсё яшчэ сьвяткуюць дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі


Валер Карбалевіч

Сьвет адзначае 100-годзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але адзначае па-рознаму. На постсавецкай прасторы ўсе дыскусіі пра гістарычнае значэньне гэтай падзеі закончыліся даўно, яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў.

70-гадовы камуністычны экспэрымэнт, у які было ўцягнута каля 40% насельніцтва зямной кулі (з улікам Кітаю), даў адмоўны вынік. Той шлях, на які ступіла Расея ў 1917 годзе, завёў у гістарычны тупік. І ў 1991 годзе былыя рэспублікі СССР, фактычна, вярнуліся на тую дарогу, па якой ішло ўсё чалавецтва.

І толькі на беларускай зямлі гэтыя дыскусіі дасюль не закончыліся, яны працягваюцца. Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, дзе 7 лістапада афіцыйна адзначаецца сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі. У гарадзенскім драматычным тэатры з гэтай нагоды адбыўся урачысты сьвяточны канцэрт для вэтэранаў і моладзі. У віцебскім музэі стварылі экспазыцыі, прысьвечаныя Ўладзіміру Леніну. У Інстытуце гісторыі Акадэміі навук прайшла міжнародная навуковая канфэрэнцыя з вельмі знамянальным назвай: «Вялікі Кастрычнік ў гістарычным лёсе беларускай дзяржаўнасьці». Тая ж савецкая тэрміналёгія, нічога не памянялася.

Цікава тое, што ў афіцыйным беларускім ідэалягічным канструкце сама ідэя рэвалюцыі ацэньваецца крайне нэгатыўна. Сам Аляксандар Лукашэнка, дзяржаўныя мэдыі асуджаюць рэвалюцыі паўсюль. Яны даводзяць, што дзяржаўная ўлада, якая б яна ні была — рэч сакральная. А рэвалюцыі, майданы — гэта гвалт, хаос. Па БТ увесь час ідуць фільмы, якія паказваюць, да якіх нэгатыўных наступстваў прывялі рэвалюцыі ў тых краінах, дзе яны адбыліся. А вось да Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая паводле сваіх сацыяльных наступстваў была самай радыкальнай у сусьветнай гісторыі, стаўленьне абсалютна пазытыўнае.

Беларускі рэжым — самы прасавецкі на прасторы былога СССР. Тут захаваліся ня толькі савецкія назвы вуліц, станцый мэтро, помнікі, але і афіцыйныя дзяржаўныя сымбалі.

Чым тлумачыцца такі дзіўны фэномэн? Чаму Беларусь захоўваецца як савецкі запаведнік? Тут ёсьць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны.

Гэта быў пэрыяд масавага перасяленьня сельскіх жыхароў у гарады, далучэньня іх да гарадзкой культуры, болей высокіх спажывецкіх стандартаў. Таму гэтыя гады ў жыцьці беларускага соцыюму ўспрымаліся беларусамі як найлепшымі, а зусім не часам таталітарызму і застою

Справа ў тым, што Беларусь у СССР была як бы вітрынай сацыялізму. Індустрыяльная рэвалюцыя ў рэспубліцы адбылася ў 1950-1970-я гады і прывяла да прыкметнага павышэньня ўзроўню дабрабыту беларусаў. Гэта быў пэрыяд масавага перасяленьня сельскіх жыхароў у гарады, далучэньня іх да гарадзкой культуры, болей высокіх спажывецкіх стандартаў. Таму гэтыя гады ў жыцьці беларускага соцыюму ўспрымаліся беларусамі як найлепшымі, а зусім не часам таталітарызму і застою. То бок да пачатку гарбачоўскай Перабудовы грамадзтва БССР, у адрозьненьне ад іншых камуністычных краін і рэгіёнаў СССР, не сасьпела для рэформаў і апынулася «антыперастроечнай Вандэяй». Як большасьць насельніцтва, так і кіруючая эліты не хацелі краху савецкага ладу і распаду СССР, усяляк супраціўляліся пераменам.

Гэтую сытуацыю вельмі эфэктыўна выкарыстаў Аляксандр Лукашэнка падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. Ён паабяцаў беларусам вярнуць іх назад, у СССР, і атрымаў падтрымку большасьці.

Таму фармаваньне аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі адбывалася на ідэалягічнай аснове чырвонага рэваншу, ідэі аднаўленьня СССР. Савецкая спадчына стала і прапагандысцкім абгрунтаваньнем, і прыкладам для фарміраваньня дыктатарскага рэжыму.

Сёньня на афіцыйным узроўні гучаць розныя тлумачэньні, чаму Кастрычніцкая рэвалюцыя для Беларусі — сьвята. Тэзіс пра тое, што бальшавікі далі Беларусі дзяржаўнасьць, я камэнтаваў у мінулым блогу. Таксама цікавыя развагі на гэтую тэму у публікацыі Сяргея Дубаўца.

Яшчэ адной ідэалягемай, якая распаўсюджваецца на афіцыйным узроўні, стаў тэзіс аб тым, што Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак канцэпту сацыяльнай дзяржавы. І маўляў сёньня Беларусь працягвае гэтую традыцыю, сацыяльна арыентаваная палітыка ў нашай краіне — гэта спадчына Кастрычніка.

На самай справе мадэль сацыяльнай дзяржавы пачала фарміравацца ў Заходняй Эўропе яшчэ на рубяжы ХIХ-ХХ стагоддзяў, там прымаліся законы, якія абаранялі правы наёмных работнікаў. Таксама можна спрачацца, наколькі сацыяльнай была савецкая дзяржава пры Сталіне. Па многіх паказчыках, напрыклад, па ўзроўні спажываньня прадуктаў харчаваньня, СССР толькі к 1950-м гадам дасягнуў паказчыкаў 1913 г.

сёньня ступень сацыяльнай абароны ў краінах ЭЗ на парадак вышэй, чым у Беларусі. І там ніхто не апэлюе да ідэалаў Кастрычніка

Далей, сёньня ступень сацыяльнай абароны ў краінах ЭЗ на парадак вышэй, чым у Беларусі. І там ніхто не апэлюе да ідэалаў Кастрычніка. Справа ў тым, што ў Беларусі сфармавана клясычная мадэль патэрналісцкай дзяржавы, і гэта галоўная спадчына савецкага праекту. Але яе спрабуюць хаваць за прапагандысцкім клішэ аб «сацыяльна арыентаванай палітыцы».

Прычым, у апошнія гады ў Беларусі элемэнты сацыяльнай дзяржавы пасьлядоўна дэмантуюцца. Пастаянна павышаюцца камунальныя тарыфы, цэны на праезд у грамадзкім транспарце. Вырас пэнсійны ўзрост. Адукацыя становіцца ўсё больш платнай, прычым ня толькі вышэйшая, але і сярэдняя (за кошт пабораў з бацькоў). Усё больш людзей губляюць працу, а дапамога па беспрацоўі — адна з самых нізкіх у сьвеце, плюс да гэтага ўсіх беспрацоўных абвясьцілі дармаедамі і патрабуюць ад іх выплаціць дзяржаве адпаведны збор. Яшчэ можна ўзгадаць антысацыяльную кантрактную сыстэму.

Але прапагандысцкі міт пра сацыяльную дзяржаву працягвае жыць сваім самастойным жыцьцём. Сацыяльнасьць зьнікае, а патэрналізм захоўваецца і квітнее.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG