Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майму карэктнаму калегу Валеру Карбалевічу цяжка спрачацца з тым фактам, што «без Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускай дзяржаўнасьці не было б» — гэта Валер цытуе кагосьці зь дзяржаўных ідэолягаў.

«Існаваньне БССР у складзе СССР, — піша Валер ужо ад сябе, — спрыяла фармаваньню беларускага этнасу, нацыянальнай ідэнтыфікацыі».

Думка ня новая. Настолькі ня новая, што быццам і даказваць ня трэба. І так усім ясна. «Падабаецца гэта каму-небудзь ці не, гэта факт», — настойвае цытаваны Валерам ідэоляг.

А як можа не падабацца, калі тым, каму не падабаецца, усё мінулае стагодзьдзе рот закрывалі адным аргумэнтам — сырой зямлёй. І паўтаралі свой «факт» з пакаленьня ў пакаленьне. Бо нічога, апроч паўтарэньня, у іх не было.

Сёньня праўда, а яна адваротная, падмацаваная аргумэнтамі, прагучала ўжо шмат разоў. Але праваднікі «постпраўды» стаяць на сваім: беларусаў прыдумаў Кастрычнік.

Пачнем з Кастрычніка, безь якога «не было б беларускай дзяржаўнасьці».

Усе сучасныя нацыі сфармаваліся ў ХІХ стагодзьдзі. Беларусы тут не выключэньне. Гэта тыповы працэс для ўсіх. Спачатку ўзьнікае нацыянальная ідэя (а гэта ўласна і ёсьць ідэя сваёй нацыянальнай дзяржавы), вакол ідэі фармуецца нацыя. Урэшце нацыя здабывае гэтую самую дзяржаўнасьць. І па тэрмінах гэты працэс у эўрапейскіх народаў адбываўся больш-менш сынхронна, што ў беларусаў, што ў фінаў ці немцаў.

Беларуская нацыянальная ідэя ўзьнікла ў асяродзьдзі студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту, аб’яднаных у таварыства філяматаў-філярэтаў. Гэта 1817 год. Вось бы нам што сёлета адзначаць, а не Кастрычнік.

Далей на працягу ХІХ стагодзьдзя праз асьветную працу пад шалёным прэсінгам з боку расейскіх акупантаў (успомніце, што стала зь філяматамі) і паўстаньні супраць гэтых самых акупантаў, масавыя рэпрэсіі і супраціў цынічнай русіфікацыі краю (тысячы герояў аддалі сваё жыцьцё, здароўе і свабоду за гэтую ідэю) беларуская ідэя дабралася да 1897 году — першага імпэрскага перапісу насельніцтва, дзе беларускую мову назвалі сваёй 6 мільёнаў чалавек. Іх што, Ленін за язык цягнуў? З Шушанскага. Але менавіта гэты год (сёлета таксама круглая дата) можна лічыць годам, калі сфармавалася беларуская нацыя. За 20 гадоў да Кастрычніка.

Гэтай падзеі папярэднічала зьяўленьне на сьвет маніфэсту Францішка Багушэвіча ў 1891 годзе:

«Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Менск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…»

Пачынаючы з 1906 году — як з рогу ўсяго многа — беларускія газэты, школы, партыі, царква, тэатры…

Усё, між, іншым, як ва ўсіх – у літоўцаў, палякаў, чэхаў. І як ва ўсіх, у 1918 годзе – абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Але якім тут бокам Кастрычнік? А вось якім.

25 кастрычніка 1917 году бальшавікі захопліваюць у Расеі ўладу.

У сьнежні 1917-га ў Менску зьбіраецца прадстаўнічы Ўсебеларускі кангрэс – больш за тысячу дэлегатаў ад усіх беларускіх арганізацый і рэгіёнаў. Кангрэс пастанаўляе аб’вясьціць Беларусь незалежнай дзяржавай. У залю ўрываюцца расейскія бальшавікі і разганяюць кангрэс. Але застаецца Рада кангрэсу, якая працягвае працаваць і 25 сакавіка 1918 году абвяшчае Беларусь незалежнай дзяржавай. У краіне ідзе вайна, Менск акупаваны немцамі. А што Кастрычнік? Бальшавікі зноў захопліваюць Менск і выцясьняюць Урад БНР спачатку ў Горадню, пасьля ў эміграцыю. Праўда, нікуды не ўдаецца выцесьніць легітымнасьць Ураду і яго рашэньняў. Каб неяк справіцца з гэтым, бальшавікі аб’яўляюць сваю ССРБ – цалкам падначаленую Маскве рэспубліку, чым дасягаюцца дзьве мэты: змазаць эфэкт агрэсіі і акупацыі, а таксама зрабіць народу прышчэпку кароўскай воспы – ад дзяржаўнасьці.

А што, дарэчы, народ? 500 антыбальшавіцкіх паўстаньняў па ўсёй краіне, найбуйнейшае зь якіх адбываецца на Случчыне. Ізноў бязьмежнае мора забітых, інтэрнаваных, выселеных, выціснутых у эміграцыю.

Цяпер пра спрыяньне Кастрычніка «фармаваньню беларускага этнасу і нацыянальнай ідэнтыфікацыі». Па-першае, навошта фармаваць тое, што ўжо сфармаванае (хіба што не табою). Па-другое, «беларусізацыя» 1920-х была ілюзорнай і правакацыйнай — каб заявіла пра сябе новая нацыянальная эліта, каб у 1930-я ўсю яе татальна пусьціць пад нож. А далей усё «фармаваньне» зводзілася да таго, каб трымаць беларушчыну ў рамках дэкаратыўнага арнамэнту на сьцягу. Варта дадаць, што пры Машэраве ў беларускіх гарадах былі закрытыя ўсе да адной беларускія школы.

Прыведзеныя мною факты ёсьць у адкрытым доступе. Але іх давядзецца яшчэ доўга паўтараць, пакуль яны ня зьявяцца ў школьных падручніках і тэзіс пра стварэньне бальшавікамі беларускай дзяржаўнасьці ня кане ў лету.

Што да саміх трансьлятараў Кастрычніцкага пазытыву для Беларусі, дык варта ўсьведамляць, што гэты тэзіс — ня што іншае як стэрэатып расейскае правінцыі і прадукт рабскае псыхалёгіі, якую расейская імпэрыя заўсёды ўкараняла на захопленых землях. Насамрэч беларусы паводле сваіх нацыянальных кандыцыяў нічым ня горшыя за французаў ці чэхаў ці нарвэжцаў. Проста ніхто зь першых крокаў жыцьця не выхоўвае ў іх нацыянальнае і чалавечае годнасьці. «Падабаецца гэта каму ці не».

У 1980 годзе Сяржук Сокалаў-Воюш на маіх вачах на каленцы напісаў пра ўсё гэта верш:

Мая… Не мая? Мая!

Вам спрэчкай мяне ня здолець.

Бо праўды ад маскальля

Ня мушу пачуць ніколі.

Гісторыю нашу ўшчэнт

Разьнесьлі. У сілы права.

І нейкі сьляпы дацэнт

Адмовіў маю дзяржаву.

Казаў ён: кім вы былі,

Пакуль не прыйшоў Кастрычнік?

Казаў, што на маскальлі

Трымаўся шчэ наш язычнік...

Ды толькі ня ўцяміў ён,

Што іншыя нашы крылы,

Яшчэ ад часоў плямён,

Яшчэ ад часоў Ярылы.

Віншую цябе, Беларусь,

Зь вялікім тысячагодзьдзем.

Няхай скаланецца хлус,

Бо праўда жыве ў народзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG