Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкі партызан пра байцоў БКА: «Яны хацелі адрадзіць Беларусь»


Ілюстрацыйнае фота. Савецкія партызаны, 1943 год

У сваіх падарожжах я чую безьліч цікавых гісторый, ня ўсе зь якіх, на мой вялікі жаль, уваходзяць у канчатковую перадачу. Шмат цікавага застаецца за дужкамі праграмы. У мяне назапасілася даволі багата неверагодных гісторый. І сёньня я з радасьцю падзялюся некалькімі, з часоў апошняй вайны.

Усе мае суразмоўцы маглі загінуць. Некаторыя былі ад сьмерці літаральна за адзін крок. Як Уладзімір Валадзёнак, герой перадачы пра трагедыю ва ўрочышчы Саёўка. Спадар Уладзімір пайшоў у партызаны 12-гадовым падлеткам. Пайшоў за сваім старэйшым братам. І разам з братам мог загінуць вельмі незвычайна. Гісторыя проста для кіно.

Уладзімір Валадзёнак
Уладзімір Валадзёнак

— Едзем па дарозе. Наперадзе скрыжаваньне. Я кірую канём. Паперадзе брат паслаў двух чалавек. А мы ззаду, на падводзе. Глянулі ўправа-ўлева, нікога няма. І толькі выехалі на скрыжаваньне, тут жа нямецкая машына вылятае. Адкрыты грузавік, поўны немцаў. Наш конь проста ў кабіну ўпёрся. Брат не разгубіўся. Кулямёт тут жа на афіцэра наставіў. Той сеў на прыступку аўтамабіля. Нямая сцэна. Брат кулямёт ад яго не адводзіць нікуды. Хвіліны дзьве гэтая сцэна цягнулася. Ува ўсіх зброя на каленях. Пасьля немец нешта сказаў. Залез у кабіну. Дзьвярыма — хлоп. І паехалі. Перасеклі дарогу і пайшлі па сваім маршруце. І тады ўсе супакоіліся. Брат пытае: «Ну як? Блохі ва ўсіх паздыхалі?»

А другі мой герой, Іван Шаўко зь вёскі Тарасавічы, што на Карэліччыне, мог быць расстраляны немцамі праз сваю даверлівасьць да двух несумленных акружэнцаў, чырвонаармейцаў. Жыць застаўся дзякуючы нямецкаму афіцэру.

Іван Шаўко
Іван Шаўко

— Тут зброі хапала, як вайна пачалася. І я схаваў дзьве вінтоўкі, што нават бацька ня знаў. У мяне ў шпакоўні на бярэзьніку нават пісталет быў. І неяк начавалі ў нас два салдаты савецкія. Папрасіліся, няма дзе дзецца. Цягаліся. Пытаюцца — дзе нам вінтоўкі дастаць? Мы пойдзем у партызаны. Я вам дам! І як той дурань даў. І бацька мой нічога ня ведаў. Яны за гэтыя вінтоўкі — і ў паліцыю. І там заявілі, што мой бацька арганізоўвае партызанскі рух. І тут жа прыяжджае карны атрад. Забраў усю нашу сям’ю. А я схаваўся. Залез на гарышча. Каб тыя на мяне не паказалі. Пастроілі ўсю сям’ю. І тыя паказваюць на бацьку. «Вось арганізатар, які даў зброю». Ня я даў, а бацька! Пытаюць немца — ці праўда гэта? І бацька праявіў кемлівасьць. Кажа: «Армія савецкая не ўтрымалася. Танкі, самалёты не стрымалі нямецкую армію. І я са сваімі дзецьмі магу спыніць нямецкую армію? Гэта абсурд! Сьмех каму сказаць!» Немцу гэта пераклалі. Рускіх тых салдат адразу ў машыну. Павезьлі і расстралялі. Вось такі разумны афіцэр быў.

Немцы спалілі Тарасавічы. Так адпомсьцілі акупанты за забітага партызанамі свайго службоўца. Віну за спаленую вёску Іван ускладае на партызан. Зрэшты, ня толькі за гэта.

— Шчыра кажучы, добрага мы ад іх ня бачылі. Абаранялі свае шкуры. Трэба было або ў партызаны ісьці, або ў паліцыю. Абіралі сваіх. Глядзіце. Ні Бурносава не спалілі, ні Турэц не спалілі. Тарасавічы спалілі цалкам. Самалёт прыляцеў з Баранавіч — і запальнымі бомбамі ўсю вёску.

Чаму я столькі разоў чую добрыя словы на адрас немцаў і столькі крыўдаў у бок партызан? Ці не таму, што кожная праява чалавечнасьці з боку чужынцаў запаміналася на ўсё жыцьцё? І асабліва цанілася на фоне жорсткасьці сваіх. Таму пакінутая немцамі карова, бо ў сям’і дзеці, помніцца да сёньняшняга дня.

— Калі немцы адступалі, яны забіралі сьвіньні, каровы. Нічога не пакідалі. Маці выйшла зь дзіцем на руках, плача. І дзед-нябожчык выйшаў з папяросай. Немец як дасьць яму па губах, той і пакаціўся. Маўляў, што ты з папяросай лезеш да яго? Глянуў на маці, што дзіця плача. Я і цяпер яго ўспамінаю, чалавек быў. «Кляйнэ кіндэр». І не забраў карову. Пакінуў нам карову дзеля дзіцяці. Ня ўсе былі немцы сволачы. Ня стаў забіраць карову.

Калі б не было партызанскіх акцый, акупанты не чапалі б Хатынь? І ўсе астатнія сотні вёсак засталіся б цэлыя? Гэтае нязручнае пытаньне я задаў Віктару Раковічу. Былому байцу асобага казацкага атраду Дзьмітра Дзенісенкі. Жыве ён у вёсцы Дольная Рута пад Карэлічамі. І вось які быў адказ.

Віктар Раковіч
Віктар Раковіч

— Можа, не было б такой жорсткасьці, але не было б і праўды. Без партызанкі лепш не было б. Большая жорсткасьць была б. Бо часам трэба было ім і ласку паказваць. А без партызанкі была б адна жорсткасьць. Частка Польшчы, Сілезія была пад Германіяй. Я служыў да 47 году. І мы там стаялі. Дзяўчынку адну памятаю. Труда. «А чаму ты Труда? Ты ж полька». — «А ў нас, — кажа, — хадзілі немцы і пад вокнамі слухалі. Хто па-польску ў хаце гаворыць, а хто па-нямецку. Дык мяне хрысьцілі нямецкім імем, каб бяды не было». Немцы жорстка ставіліся да палякаў. Бо супраціву не было. А ў Беларусі пайшоў супраціў, і ўжо трэба некага «гладзіць». Без партызанкі было б горш. Каму не падабаецца нямецкая ўлада — да ногця. Не было б дабра.

А вось што думае былы партызан і франтавік пра байцоў Беларускай Краёвай Абароны. Ягоная ацэнка вельмі важная. Бо ваявалі яны, як ні круці, па розныя бакі фронту. І аддзел БКА ў Карэлічах разграмілі менавіта дзенісенкаўцы.

— Я не магу назваць іх злачынцамі. Нічога злачыннага яны не зрабілі. Стварылі вайсковае фармаваньне. Яны пайшлі служыць... Яны хацелі адрадзіць Беларусь. Думалі — немцы ім дапамогуць. Мы, партызаны, ваявалі за савецкую ўладу. Я ня ведаў, што Сталін такі жорсткі. Я ў той час ваяваў супраць фашызму. Але цяпер я супраць і саветызму. Бо фашысцкі парадак такі самы жорсткі, як і сталінскі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG