Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ж такі швагер? Адказваюць менчукі. ВІДЭА


Швагер — гэта хто?!
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:37 0:00

Госьць з Расеі, які быў патрапіў у Беларусь, на інтэрнэт-форуме разгублена пытаецца:

Кто подскажет, ШВАГР — это кто???

Пэўна, ягоны беларускі суразмоўца ўзгадаў свайго таямнічага і ўсемагутнага шваґра, які і машыну адрамантуе, і дэфіцытную рэч здабудзе, і наагул дапаможа, калі што.

Журналісты Свабоды спыталі пра шваґра людзей на менскай вуліцы. Што атрымалася — убачыце і пачуеце ў відэасюжэце вышэй.

Абсалютная бальшыня апытаных слова ведае і правільна вызначае, што яно апісвае сваяцтва. Але калі просім суразмоўцаў удакладніць, то часам чуем:

— Швагер, да? муж моей… моего… так. Моего мужа жены!
— Дык гэта ж вы! )

Што ж, складана маляваць умоўныя стрэлачкі на ўмоўнай 3D-схеме роднасных повязяў... Але хада думак спадарыні ў правільным кірунку: гэта някрэўны сваяк другой ступені, праз сужэнства. І яна ўрэшце ўспамінае:

— Швагра? — Моего мужа сестры, вернее!
— А ў вас ёсьць шваґер?
— Ко мне, наверное, это не относится, это, наверное, относится... муж и моя родня.

Так, шваґер (шваґра) — найперш слова для абазначэньня сваяцтва мужчын. Гэта:

1. муж сястры
2. жончын брат
3. муж жончынай сястры (а яна шваґерка)

Некаторыя ўспамінаюць слова без падказкі:

— Як адным словам назваць брата жонкі?
— Брата жонкі? Как же это называется... Швагер — так называли…

Слова шваґер ведае ўся гістарычная тэрыторыя беларускае мовы з Смаленшчынай уключна.

„Швагер“ у Смаленскім абласным слоўніку Ў. Дабравольскага
„Швагер“ у Смаленскім абласным слоўніку Ў. Дабравольскага

​У „Смаленскім абласным слоўніку“ Ўладзімера Дабравольскага (1914 год) ёсьць і швагер з варыянтам швагорь, і швáгерка.

Мовазнаўца Павал Міхайлаў уклаў агульную мапу ўжываньня слова шваґер і сынонімаў у беларускіх дыялектах:

П. Міхайлаў. Слова „швагер“ і сынонімы ў беларускіх гаворках. З арт. „Назвы швагроў у беларускай мове“. Роднае слова, 2010, № 11.
П. Міхайлаў. Слова „швагер“ і сынонімы ў беларускіх гаворках. З арт. „Назвы швагроў у беларускай мове“. Роднае слова, 2010, № 11.

Як бачым, яно (хай у розных гукавых абліччах) пануе. Словы шурын, шур’як, шурак займаюць невялікі абшар на паўднёвым усходзе і часта ўжываюцца поруч са шваґрам.

Цэнтральнаэўрапейская шваґроўская кумпанія

Ведаюць слова і ўсе суседзкія мовы (акрамя расейскае): польскі szwagier, украінскі шваґер (ці шваґро, але поруч з шурин, шуряк), чэскі švagr, славацкі švagor, літоўскі švogeris і латыскі švāģeris (у дзьвюх балцкіх мовах гэта дадатковыя сынонімы да svainis), у ідышы שװאָגער​.

Уся гэтая шваґроўская кумпанія сьведчыць, што слова шваґер — старое супольнае пазычаньне зь нямецкае мовы (недзе з XVI стагодзьдзя). На нямецкі радавод паказвае і выбухны гук [ґ] — як у словах ґанак ці ґузік. А нямецкае слова Schwager — наагул пра родзіча з боку мужа ці жонкі.

Людзі, прыежджыя з усходу, нашага шваґра ня ведаюць:

— Наверное, отец... жениха! Нет? Дело в том, что я русская. И язык беларусский не изучала. Мы из семьи военных, поэтому мы… Вы лучше спросите у меня что-нибудь по-арабски, я вам скажу.

На традыцыйнае пытаньне, як будзе шваґер па-расейску, спытаныя беларусы не маглі адказаць. Або думалі, што гэта расейскае слова:

— Ммм... Вы меня поставили в тупик!

— Русское, наверное, швагер?

— По-моему, он и на рускай так же. Не знаю как. Мы не женаты, поэтому не совсем в курсе…

Толькі адзінкі (пасьля допыту!) няўпэўнена ўспаміналі адпаведныя расейскія тэрміны сваяцтва:

— Блин, слушайте, это я помню так: золовка была это она что-то, а он кто-то какой-нибудь, но тоже... Может, деверь какой-нибудь?

— Шурин, а ещё как называют... по-русски, наверное, да?

Але папраўдзе гэта пераклады толькі асобных значэньняў слова шваґер. У расейскай ім адпавядаюць:

1) (жончын брат) шурин

2) (сястрын муж) зять

3) (муж жончынай сястры) свояк

У нас гэта ўсё шваґер.

Шваґер перамог „шурина“ і „деверя“

Відаць, слова з шырокім значэньнем спатрэбілася, калі нюансы сваяцтва ўжо не былі такія важныя. У сёньняшняй рэальнасьці інтэгральнае слова шваґер для апісаньня некалькіх відаў сваяцтва праз шлюб жонкі ці сястры зручнейшае за асобныя словы для кожнага (яны раней былі і ў беларускай). Мо і таму беларусізм шваґер не чужы расейскамоўным беларусам:

— А такое слова „шурин“?
— Шурин? Ну да. Но не употребляем „шурин“.
— А як гаворыце?
— Швагер.

Шваґерка і шваґрусь — вось знак твой, Беларусь

Акрамя шваґеркі, у беларускай ёсьць формы шваґрыня і шваґрэня. Зусім архаічная назва жончынай сястры сьвесьць ізноў жа (як і шурак) захавалася па рацэ Бярэзіне.

Словы шваґер(ка) дзе-нідзе пачалі абазначаць і сваяцкія сувязі жанчыны, таму калі жанчына кажа пра сваіх швагра ці швагерку —гэта ўплыў роднай гаворкі.

— Хто такі шваґер?
— Швагер, я понимаю, это брат мужа...
— У мужа есть сестра — значит, она моя родственница, швагерка.

Шваґразнаўца Павал Міхайлаў кажа:

„Швагры ў сыстэме някроўнага сваяцтва ўяўляюць сабою даволі блізкіх сваякоў, бо маюць кроўную сувязь з адным з удзельнікаў шлюбу“.

Нездарма ж ёсьць беларуская памяншальна-песьлівая форма – шваґрусь!

То шануйма шваґра.

P. S. Чым розьняцца тата і папа, хто такія нябож і зродны дзед, як па-беларуску „внучатый племянник“— пра беларускія тэрміны роднасьці і сваяцтва ў гэтым аўдыё:

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG