Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьце ад парку Купалы да менскага «Сьвята незалежнасьці» забаранілі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Менскія ўлады адказалі адмовай групе заяўнікаў, якія прасілі правесьці 25 сакавіка ў Менску ня толькі мітынг-канцэрт на «Сьвята незалежнасьці», але і невялікае шэсьце да яго — ад парку Янкі Купалы, што насупраць цырку, да пляцоўкі канцэрту ля Опэрнага тэатру, расказаў Свабодзе адзін з заяўнікаў Юрась Губарэвіч.

Першую заяўку, што ўключала мітынг-канцэрт і шэсьце, улады адхілілі, але затым прынялі заяўку на мітынг-канцэрт бяз шэсьця — канцэрт санкцыянаваны, бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя, але будзе міліцэйскі кардон з аглядам. Заяўка на мітынг-канцэрт падавалася групай юрыдычных асобаў, зварот наконт шэсьця падаваўся ад групы фізычных асобаў.

У афішы мітынгу-канцэрту гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы. Дачка Лявона Вольскага Адэля Вольская засьпявае песьні бацькі.

На плятформе Talaka.by арганізатарам менскага канцэрту сабралі на момант публікацыі 97% неабходных сродкаў (ёсьць таксама іншыя шляхі ахвяраваньняў).

На «Сьвята незалежнасьці» ў Менску спрагназавалі +4...+6°С і хмары без ападкаў

20 сакавіка чакаецца таксама адказ наконт іншага шэсьця ў Менску: паплечнікі Міколы Статкевіча падалі асобную заяўку на «Маршу годнасьці і волі» 25 сакавіка. Статкевіч раней заявіў, што правядзе шэсьце, нават калі яго не дазволяць, на шэсьці будзе сярод іншага патрабаваць вызваленьня Сьвятаслава Барановіча, асуджанага 12 сакавіка на тры гады калёніі за тое, што бараніў анархістаў ад «людзей у цывільным».

Мікола Статкевіч, архіўнае фота
Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Улады ўжо дазволілі сьвяточныя мерапрыемствы 25 сакавіка ў Берасьці, Горадні, Кобрыні і Лідзе дазволілі, заяўкі на масавыя мерапрыемствы ў Гомлі і Магілёве адхілілі, але там будуць ладзіцца вечарыны і музычныя выступы, на якія не патрэбны дазвол уладаў. Сьвяточны канцэрт у Баранавічах дазволілі, але запозна — арганізатары не пасьпеюць зладзіць выступы. У Віцебску з арганізатараў запатрабавалі вялікія грошы за ахову пікету — магчыма, мерапрыемства давядзецца скасаваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG