Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста, які бараніў анархістаў ад пераапранутай міліцыі, асудзілі на 3 гады калёніі

абноўлена

Сьвятаслаў Барановіч у судзе, архіўнае фота
Сьвятаслаў Барановіч у судзе, архіўнае фота

Суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў на 3 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму менчука Сьвятаслава Барановіча, якога прызнаў вінаватым у нападзе на міліцыянта падчас леташняй сакавіцкай акцыі «Марш недармаедаў».

Заля сустрэла прысуд воклічамі «Ганьба!»

Барановіч сказаў, што будзе абскарджваць прысуд. Людзі раілі яму зьмяніць адвакта.

Хто такі Сьвятаслаў Барановіч, асуджаны на 3 гады за напад на міліцыянта

Пракурор прасіла для Барановіча 4 гады калёніі. На судзе Сьвятаслаў Барановіч прызнаў сваю віну і папрасіў прабачэньня ў міліцыянта Арцёма Паўлава, якога некалькі разоў ударыў. Але ён не пагадзіўся са сьледзтвам, што дакладна ведаў прыналежнасьць пацярпелага да праваахоўных органаў.

У апошнім слове на судзе Барановіч заявіў:

«Мяне тут абвінавачваюць, быццам я нейкі злосны злачынца. Я па рэакцыі, інтуітыўна ўдарыў, але я ня ведаў, што гэта быў супрацоўнік міліцыі. Я прашу ўлічыць, ці хаця б пазначыць, высокі суд, што я быў цьвярозы, кантраляваў усе падзеі, ня мог прычыніць зла супрацоўніку, які быў пры выкананьні, і тое, што я не прадоўжыў зьбіваць чалавека. І паколькі сам пацярпелы не адчувае да мяне нічога, не жадае пакараньня суровага, прашу суд паставіцца да мяне мякка, па-чалавечы. Усё ж мы ўсе людзі, беларусы, і для мяне ўсё роўныя. І сёньня ён працуе ў міліцыі — але што рабіць, у яго праца такая. А тое, што я зрабіў, я раней казаў, я згодны, што ўчыніў злачынства. Але ня думаў, што запатрабуюць 4 гады пазбаўленьня волі, я не чакаў. Думаў, максымум 15 сутак дадуць. Хацеў бы прыняць да ўвагі, што я каюся і прыношу прабачэньні супрацоўніку, які пацярпеў ад мяне. У турме карысьці ад мяне не будзе. Хацелася б быць на свабодзе».

Міліцыянт Арцём Паўлаў ад прэтэнзій да Барановіча, зьвязаных з кампэнсацыяй маральнай шкоды, адмовіўся.

Першыя рэакцыі на прысуд: прызнаць Барановіча палітвязьнем

Мікалай Статкевіч: «Калі адным словам, дык „Ганьба!“, але мы будзем 25 сакавіка на мітынгу пра гэта казаць і тады камэнтаваць гэты ганебны прысуд».

Павал Севярынец: «Мы заклікаем да грамадзкай кампаніі салідарнасьці з Барановічам, якога адназначна лічым палітвязьнем. Тое, што ён ужыў гвалт адносна міліцыянта і ў гэтым прызнаўся ў судзе, для нас, удзельнікаў форуму „Свабоду палітвязьням“, ня ёсьць прычынай не лічыць яго палітвязьнем. Бо мы ўсе ведаем пра ціск, які аказваецца на падсьледнага пры такім абвінавачаньні, і ведаем пра якасьць абароны, бо сапраўды сумленных адвакатаў засталіся адзінкі. На маю думку, гэты працэс стаў яшчэ адным прыкладам залежнасьці судовай сыстэмы ад улады», — сказаў Свабодзе Павал Севярынец.

Грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька сказала, што разам зь іншымі праваабаронцамі накіруе ліст у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы з заклікам разгледзець там справу Сьвятаслава Барановіча і прызнаць яго палітвязьнем.

Удзельнік Плошчы-2010, затрыманы ў кастрычніку 2017 году

Прадпрымальніка Сьвятаслава Барановіча затрымалі ў кастрычніку 2017 году ў Менску. Паводле сьледзтва, гэта ён у сакавіку некалькі разоў ударыў міліцыянта на грамадзкім прыпынку каля плошчы Бангалор пасьля завяршэньня акцыі «Марш недармаедаў».

Сьледзтва выкарыстала відэа бойкі, на якім чалавек у чырвонай куртцы з надпісам «Беларускі бокс» наносіць некалькі ўдараў маладому чалавеку ў цывільным — як аказалася, амапаўцу Арцёму Паўлаву. На судзе Сьвятаслаў Барановіч пазнаў сябе на відэа, але заявіў, што да канца не ўсьведамляў, хто перад ім, а проста абурыўся, што гэты чалавек спрабуе затрымаць актывістаў анархісцкага руху. Пры гэтым, паводле паказаньняў Барановіча на сьледзтве, ён разумеў, што б’е міліцыянта. У судзе выступілі два сьведкі, знаёмыя Сьвятаслава Барановіча, якія паведамілі, што пасьля «Маршу недармаедаў» Барановіч расказваў ім пра свой удзел у інцыдэнце.

Абаронца Сьвятаслава Барановіча заклікаў суд абмежавацца пакараньнем, не зьвязаным з абмежаваньнем волі, і зьвяртаў увагу на тое, што Барановіч раскаяўся, а раней добра характарызаваўся.

«Прашу даць апошні шанец чалавеку, не пазбаўляць яго волі», — казаў адвакат.

Сьвятаслаў Барановіч вядомы таксама як удзельнік Плошчы-2010, якога адным з апошніх судзілі за ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць несумленных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Восеньню 2011 году Барановіча асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

Сьвятаслаў Барановіч: «Не такія мы злачынцы, каб нас у турмы садзіць»

З кастрычніка 2017 году Сьвятаслаў Барановіч знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, паведаміла карэспандэнту Свабоды ягоная сястра Натальля.

Святаслаў Барановіч — прадпрымальнік, займаецца будаўнічым бізнэсам. «Пакуль ягоная фірма не працуе, няма каму ёй кіраваць», — сказала сястра Барановіча Натальля.

15 сакавіка 2017 году пасьля «Маршу недармаедаў» сілавікі спрабавалі затрымаць групу анархістаў у масках, калі тыя садзіліся ў тралейбус, каб зьехаць зь месца правядзеньня акцыі. Узьнікла бойка, пасьля якой на іншых прыпынках некаторых удзельнікаў бойкі міліцыя затрымала, ім прысудзілі адміністрацыйныя арышты. У інтэрнэт трапіла відэа, зьнятае падчас бойкі. Цяпер сьледчыя сьцьвярджаюць, што зьняты на ім чалавек у чырвонай куртцы, які ўжывае сілу ў дачыненьні да міліцыянтаў у цывільным, — гэта Сьвятаслаў Барановіч.

«Хай прыходзіць у нашу сэкцыю боксу, сустрэнемся ў сумленным баі»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG