Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНТ пакажа фільм «Крым» пра расейскую акупацыю часткі Ўкраіны


Ілюстрацыйнае фота

Беларускі дзяржаўны тэлеканал АНТ пакажа 17 сакавіка расейскі фільм «Крым», у якім на фоне гісторыі каханьня паказваецца акупацыя ўкраінскага Крыму расейскімі «зялёнымі чалавечыкамі».

Фільм у СМІ неаднаразова называлі прапагандысцкім, яго крытыкавалі нават прыхільнікі акупацыі Крыму.

Стужку даволі нізка ацанілі незалежныя крытыкі, але яшчэ перад яе выхадам на расейскім сайце «Кинопоиск» фільму накручвалі рэйтынг. Пэўны час на міжнародным кінаагрэгатары IMDb рэйтынг фільма быў каля 1 балу зь 10 (цяпер 3,9). Працяглы час на IMDb фільм меў анатацыю «Два нематываваныя пэрсанажы адвольна крычаць адзін на аднаго, бо рэжысэр думае, што так працуе Галівуд».

Фільм не паказвалі ў беларускіх кінатэатрах, але калі ў кіно паказалі яго трэйлеры, амбасада Ўкраіны накіравала ў МЗС Беларусі ноту пратэсту. «Кінавідэапракат» апраўдваўся, што дэманстрацыя трэйлеру ня значыць плянаў на паказ фільма. Паказ «Крыму» хацелі зладзіць без належнага пракатнага пасьведчаньня ў менскім «Доме Масквы», але паказ быў адкладзены «з тэхнічных прычын».

Афіцыйны Менск ня кажа, чый Крым

МЗС Беларусі раней тлумачыў, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту» (дагэтуль так і не сказаўшы, чый Крым). Але некаторыя экспэрты казалі, што праз прарасейскую пазыцыю ў ААН Беларусь можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі ў расейска-ўкраінскім канфлікце. Ды перамовы па Данбасе ў Менску працягваюцца дагэтуль.

Беларусь галасавала супраць крымскай рэзалюцыі ААН у сьнежні мінулага году, бо «галасуе супраць любых краінавых рэзалюцый». Прадстаўнікі Беларусі і да таго галасавалі супраць рэзалюцыі па правах чалавека ў Крыме на Генасамблеі ААН — у сьнежні 2016 году, за месяц да таго — спрабавалі заблякаваць прыняцьце праекту рэзалюцыі Трэцяга камітэту Генасамблеі. Украінцы тады называла дзеяньні Беларусі «нажом у сьпіну».

«Сьмерць Сталіна» паказалі ў Беларусі, хоць забаранілі ў Расеі

Брытанскую камэдыю «Сьмерць Сталіна» дазволілі паказваць у Беларусі, хоць спачатку зьбіраліся забараніць. У Расеі камэдыя аказалася пад забаронай. Паказы адбываліся толькі ў прыватных кінатэатрах, але не дзяржаўных. На фільм у Менск прыяжджалі нават расейцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG