Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: пазыцыя Беларусі па Украіне не памянялася ні на ёту


Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

Міністэрства замежных справаў пракамэнтавала «шматлікія спэкуляцыі ў СМІ», зьвязаныя з галасаваньнем Беларусі па краінавых рэзалюцыях аб парушэньнях правоў чалавека, якое адбылося 15 лістапада ў Трэцім камітэце Генасамблеі ААН.

У камэнтары начальніка ўпраўленьня інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзьмітрыя Мірончыка гаворыцца, што «пазыцыя Рэспублікі Беларусь па Украіне не зьмянілася ні на ёту»:

«Пытаньне аб працэдуры разгляду тэматыкі правоў чалавека ў ААН ляжыць зусім у іншай плоскасьці і, па нашым цьвёрдым перакананьні, не мае ніякага дачыненьня да тэмы тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны».

МЗС выказаўся адносна практыкі прыняцьця Трэцім камітэтам ГА ААН краінавых рэзалюцый па правах чалавека.

«Беларусь на сабе зьведала, наколькі дэструктыўны і несправядлівы мэханізм краінавых рэзалюцый, і цьвёрда ўпэўненая, што іх прыняцьце — гэта шлях у нікуды, — адзначыў Дзьмітры Мірончык. — Мы заўсёды адкрыта галасуем супраць краінавых рэзалюцый, дзе б яны не разглядаліся — у Жэнэве або Нью-Ёрку. Гэта — ня сьведчаньне падтрымкі краін, якія робяцца абʼектамі рэзалюцыяў, а сьведчаньне нашага пасьлядоўнага непрыманьня крывадушных падыходаў да тэмы правоў чалавека, якія навязваюцца ААН асобнымі дзяржавамі па прынцыпе «я лепш ведаю, што вам трэба рабіць».

Паводле МЗС, беларускі бок зноў паставіў на галасаваньне ў Нью-Ёрку пытаньне пра непрымальнасьць мэханізму краінавых рэзалюцый. Гэта падтрымаў шэраг дзяржаў, сярод якіх, Індыя, Інданэзія, Кітай і Расея.

Такой лініі беларускі бок плянуе трымацца і надалей, «галасуючы і супраць разгляду краінавых рэзалюцый у цэлым, і супраць кожнай з іх паасобку».

Мірончык сказаў, што гэтую пазыцыю міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей давёў таксама і кіраўніку МЗС Украіны Паўлу Клімкіну, тэлефонная размова з якім адбылася напярэдадні галасаваньня.

Паводле Мірончыка, галасаваньне Беларусі па краінавых рэзалюцыях 15 лістапада «стала прадметам шматлікіх спэкуляцый у СМІ, якія не маюць нічога агульнага з рэчаіснасьцю».

«Дарэчы, усяго такіх дакумэнтаў было чатыры, але „ўскубнуць“ Беларусь захацелася з нагоды толькі аднаго зь іх, зьвязанага з Украінай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG