Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск прадэманстраваў ляяльнасьць Маскве, — экспэрт пра спробу Беларусі заблякаваць рэзалюцыю ААН па Крыме


Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч у інтэрвію Свабодзе адзначыў, што спроба беларускай дэлегацыі заблякаваць рэзалюцыю Камітэту Генэральнай асамблеі ААН па правах чалавека ў Крыме цалкам упісваецца ў зьнешнепалітычную стратэгію афіцыйнага Менску.

«Беларуская зьнешнепалітычная стратэгія прадугледжвае балянсаваньне паміж Усходам і Захадам, паміж Украінай-Эўропай і Расеяй. Адпаведна трэба нейкім чынам дэманстраваць свае саюзьніцкія стасункі з Расеяй. Фактычна ўжо традыцыйна ААН выступае такой пляцоўкай, дзе Беларусь падтрымлівае Расею па ўкраінскім пытаньні. Мы памятаем, што была рэзалюцыя па цэласнасьці Ўкраіны ў 2014 годзе — Беларусь таксама супраць яе выступіла. Ну і цяпер гэты захад упісваецца ў агульную стратэгію. Тыя сяброўскія крокі ў бок Ўкраіны, якія мы бачым, патрабуюць і нейкай дэманстрацыі сваёй ляяльнасьці Маскве, прыхільнасьці яе пазыцыі. Такія захады адразу здымаюць шэраг пытаньняў у беларуска-расейскіх адносінах, хаця адначасова не закрываюць магчымасьць супрацоўніцтва з Захадам ці з Украінай — гэта ня будзе адназначнай перашкодай для разьвіцьця стасункаў», — лічыць палітоляг.

За рэзалюцыю, у якой даецца крытычная ацэнка правоў чалавека ў Крыме, а Расея ўпершыню на такім узроўні называецца дзяржавай-акупантам, прагаласавалі 73 дэлегацыі, супраць — 23, яшчэ 76 устрымаліся. У ліку тых, хто быў супраць: Расея, Беларусь, Віетнам, Вэнэсуэла, Інданэзія, Індыя, Ірак, Іран, Кітай, Куба, Кыргызстан, Лаос, М’янма, Паўночная Карэя, Сынгапур, Сырыя, Таджыкістан, Узбэкістан, шэраг краінаў Афрыкі. Беларусь спрабавала заблякаваць рэзалюцыю праз працэдуру «No action motion» (прапанову наогул не разглядаць парадак дня). Але гэтую прапанову падтрымалі толькі 32 дэлегацыі, 101 — галасавала супраць.

«Сама працэдура, празь якую Беларусь спрабавала заблякаваць рэзалюцыю, нічога надзвычайнага не прадугледжвае. Гэта пастаноўка пытаньня пра спыненьне разгляду рэзалюцыі, спыненьне дэбатаў. Калі такая прапанова выносіцца, то ўдзельнікі дыскусіі павінны прагаласаваць, згодныя яны ці не», — тлумачыць Казакевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG